Ігар Логвінаў, фота Сяргея Гудзіліна.

 Ігар Логвінаў, фота Сяргея Гудзіліна.

Незалежны выдавец выступіў з заклікам падтрымаць кнігарню «логвінаЎ» матэрыяльна.

«Нягледзячы на ўсе нашы высілкі і жаданне працаваць легальна, мы апынуліся ў такой сітуацыі, што нам пагражае штраф амаль 970 мільёнаў рублёў, што робіць далейшую нашу працу немагчымай. Цяпер мы знаходзімся ў стадыі судовых разбіральніцтваў. Але сітуацыя складаецца так, што нам давядзецца выплачваць гэты штраф. І мы прымаем на сябе абавязальніцтвы па яго выплаце», — абазначыў сваю пазіцыю Ігар Логвінаў.

Ён заклікае грамадскасць дапамагчы кнігарні. Для яе далейшага існавання патрэбныя грошы: на выплату штрафу (калі судовае рашэнне не будзе адменена), на выплату арэнды.

І калі грамадскасць хоча захаваць гэтую інтэлектуальную пляцоўку, яна мусіць ахвяраваць.

Філосаф Валянцін Акудовіч назваў «акцыю» супраць кнігарні спланаванай. Ён адзначыў, што падатковая не прыйшла з праверкай у кнігарню пасля першай, другой ці трэцяй адмовы ў рэгістрацыі. А чакалі амаль год, каб сума «набегла» большая — амаль на мільярд. А гэта ўжо значныя грошы. «Каб кнігарня з гэтага штрафу ўжо ніколі не магла выкараскацца і далей існаваць».

Пісьменнік Уладзімір Арлоў гатовы стаць на пэўны час за прылавак кнігарні, каб падтрымаць яе. Да гэтага заклікае і іншых калег.

«У дадзенай сітуацыі, калі наша вярхоўная ўлада загаворвае пра вяртанне да нацыянальных каштоўнасцей, пра тое, што страціўшы мову і культуру, мы знікнем як нацыя, у нас не будзе гістарычнай перспектывы, выглядае вельмі дзіўным такі наезд на кнігарню. Можа гэта можна кваліфікаваць так: левая рука не ведае, што робіць правая. Я ўсё-такі спадзяюся, што Вярхоўны Суд улічыць гэтую сітуацыю, і будзе разглядаць кнігарню «логвінаЎ» не як шараговую юрыдычную асобу», — адзначыў Арлоў.

Старшыня ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч звярнуў увагу, што падтрымаць кнігарню можна, «укладваючы свае кроўныя грошыкі ў нашы кроўныя кніжкі» — «набываць кнігі з асартыменту». 

Цяпер Ігар Логвінаў абскарджвае апошнюю адмову Міністэрства інфармацыі ў рэгістрацыі кнігарні. Скаргу разглядае Вярхоўны Суд. Але нават у выпадку, калі суд стане на яго бок, гэта не адменіць вялізны штраф.

«Я не збіраюся з’язджаць з Беларусі. Мая жонка працуе ў Вільні. Таму я вымушаны жыць у Мінску і ў Вільні. І не хачу страчваць такую магчымасць. У нас маленькая дачка, якая хоча быць з татам і мамай».

У планах у Логвінава — зарэгістраваць зноў выдавецтва ў Беларусі і паспрабаваць стварыць сетку кнігарняў «логвінаЎ» па краіне. І хаця юрыдычна ён не мае цяпер адносін да кнігарні, ён звязвае сваю далейшую працу з ёй.

Ахвяраванні на ўратаванне выдавецтва «Логвінаў» можна зрабіць двума спосабамі.

1) Прынесці грошы (толькі ў беларускіх рублях) у кнігарню (Мінск, пр-т Незалежнасі, 37а). Звярнуцца трэба да прадаўца, а пры сабе мець пашпарт.

2) Даслаць на літоўскі рахунак Літаратурнага дома «Логвінаў» (праз інтэрнэт-банкінг альбо праз сістэму PayPal) у далярах і еўра:

LT052140030003236738

Logvino literaturos namai

Nordea Bankas, Bank code 21400

Swift code NDEALT2X

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?