20.01.2015 / 18:59

Жыхар Столінскага раёна, які ўцёк з месца ДТЗ са смяротным зыходам, атрымаў 5 гадоў калоніі

За ўчыненне ДТЗ з цяжкімі наступствамі асуджаны 18-гадовы жыхар аграгарадка Альшаны Столінскага раёна.

Як паведаміў пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Вера Філонік, у пачатку першай гадзіны ночы 29 жніўня 2014 года на вуліцы Савецкай у Альшанах малады чалавек, які катаў на аўтамабілі «ВАЗ» трох сяброў нападпітку, учыніў наезд на 18-гадовую дзяўчыну, якая ішла па абочыне дарогі і была абазначаная святлоадбіўнымі элементамі. 

Пасля ДТЗ кіроўца выбег з машыны і ўцёк. Па гарачых слядах яго затрымалі ў гэтым жа населеным пункце. Было ўстаноўлена, што ў яго ніколі не было пасведчання кіроўцы, «ВАЗ» на транзітных нумарах яму не належыць. 

Пацярпелая дзяўчына была дастаўленая ў бальніцу, дзе днём 30 жніўня ад атрыманых траўм памерла.

2 снежня 2014 года суд Столінскага раёна прызнаў кіроўцу «ВАЗа» вінаватым на падставе ч. 2 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека), ч. 3 арт. 159 (пакіданне ў небяспецы) КК і прыгаварыў да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Ён пазбаўлены права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на пяць гадоў. 

20 студзеня судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда пакінула яго скаргу на суровасць прыгавору без задавальнення. Прыгавор суда першай інстанцыі набыў законную моц.

Малады чалавек раней судзімы не быў, нідзе не працуе і не вучыцца.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру