Хваля страйкаў працягваецца за Бугам і Вяльлёй. У Польшчы страйкуюць мэдыкі і пагражаюць забастоўкамі мэдсёстры. Працоўныя канфлікты распачаліся таксама ў здабычы вугалю.
Мэдыкі патрабуюць далейшага росту заробку і скарачэньня працоўнага часу — апошняе ім дазваляе заканадаўства ЭС, што ўвайшло ў сілу і ў Польшчы.
Росту заробкаў патрабуюць таксама польскія судзьдзі і мытнікі.
Сярэдні заробак у Польшчы дасягнуў 1070 даляраў. Аднак рост у прыватным сэктары апераджае падвышкі ў дзяржаўным. Добра арганізаваныя прафсаюзы адказваюць забастоўкамі.
У гэты час урад вядзе з мэдыкамі перамовы, а прэзыдэнт Лех Качынскі ў чацьвер запрапанаваў страйкоўцам і ўраду правесьці круглы стол зь ягоным удзелам.
У Літве ж працягваецца страйк настаўнікаў. Яны ў знак пратэсту цяпер масава падаюць заявы на звальненьне. Яны патрабавалі 50-працэнтавага росту заробкаў з 1 студзеня, а ўрад пагадзіўся толькі на 15 % росту.
Калі так і ня будзе згоды, пэдагогі абяцаюць бестэрміновую забастоўку з 3 сакавіка. Паводле інфармацыі прафсаюзу работнікаў асьветы, школьны настаўнік у Літве зарабляе ў месяц чыстымі каля 1000 litów, або 430 даляраў. Сярэдні заробак бруднымі ў Літве складае 1367 літаў, або 580 даляраў.