У канцы мінулага года якіх-небудзь значных палітычных падзеяў у двухбаковых адносінах Беларусі і Кітая не адбылося. На погляд аналітыкаў, у 2015 годзе супрацоўніцтва паміж краінамі пераходзіць у стадыю стагнацыі.

У канцы 2014 года беларуска-кітайскае эканамічнае супрацоўніцтва, па сутнасці, было падменена абмеркаваннем планаў рэалізацыі двух знакавых праектаў: Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка (КБІП) і Эканамічнага пояса Вялікага шаўковага шляху, які паўстаў на парадку дня беларуска-кітайскіх адносін толькі ў 2014 г. Больш за тое, пад заслону 2014 быў нанесены ўдар па галоўных правадніках кітайскіх інтарэсаў у найвышэйшых эшалонах беларускай улады.

Так, 22 снежня ў адстаўку быў адпраўлены старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік, які пасля Барыса Батуры займаўся прасоўваннем кітайскіх інтарэсаў у рэгіёнах.А 27 снежня падчас кадравай ратацыі сваёй пасады пазбавіўся намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік, які лічыцца галоўным «маторам» беларуска-кітайскіх адносін. Невядома, якую ролю ў яго адстаўцы адыгралі няўдачы ў развіцці праектаў з Кітаем, але яе можна разглядаць і як своеасаблівы вынік расчаравання кіраўніцтва Беларусі ў кітайскім вектары знешняй палітыкі на працягу ўсяго 2014 года.

Як адзначаюць эксперты зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) у новым выпуску «Беларускага знешнепалітычнага індэкса», у мінулым годзе Кітай заставаўся найменш выгадным гандлёвым партнёрам Беларусі з пункту гледжання суадносін аб'ёмаў экспарту/імпарту.

Не адбылося ніякіх значных змен і ў пытанні прадастаўлення кітайскіх крэдытаў. У лістападзе 2014 (па снежань дадзеных на момант напісання «Індэкса» яшчэ не было) ад кітайскіх банкаў былі прыцягнутыя крэдыты на агульную суму 65 млн даляраў ЗША (выплачана па крэдытах — 18 млн даляраў). Хоць кітайскія банкі фармальна і з'яўляюцца другім па значнасці крэдыторам для Міністэрства фінансаў Беларусі, іх доля ў агульнай суме прыцягнутых сродкаў складае менш за 10%. Яна не ідзе ні ў якое параўнанне са значнасцю Расіі, а другое месца дасягнута выключна за кошт невысокай прывабнасці Беларусі ў якасці пазычальніка на сусветных фінансавых рынках.

Не адбылося істотных змен і ў знакавым беларуска-кітайскім праекце — КБІП. 1 лістапада адміністрацыя парка, як і было запланавана, вызначыла віды гаспадарчай дзейнасці для сваіх рэзідэнтаў. Да іх аднесена вытворчасць фармацэўтычнай прадукцыі, офіснага абсталявання і вылічальнай тэхнікі, вырабаў медыцынскай тэхнікі, сродкаў вымярэння, аптычных прыбораў і апаратуры, гадзіннікаў. Пакуль складана ацаніць эканамічныя перспектывы дадзеных праектаў, але ў цэлым гэтыя віды гаспадарчай дзейнасці наўрад ці маюць дастатковы патэнцыял для прыцягнення заяўленых шматмільярдных інвестыцый і выхаду на экспарт прадукцыі коштам 30—50 млрд даляраў ЗША, адзначаюць эксперты.

Што тычыцца развіцця праекта «Эканамічны пояс Вялікага шаўковага шляху» (ВШП), то найважнейшай падзеяй у гэтым кірунку стала сустрэча міністра транспарту і камунікацый Беларусі А.Сівака з намеснікам міністра транспарту Кітая Ван Чаншунем, падчас якой Сівак заклікаў свайго калегу актыўна інвеставаць у транспартна-лагістычную сферу Беларусі. Аднак, лічаць эксперты, нават па афіцыйных паведамленнях у прэсе відавочна, што паміж бакамі існуюць сур'ёзныя праблемы ў гэтай сферы. Гэта тычыцца як аўтамабільнага і чыгуначнага транспарту, так і славутага прамога авіярэйса Мінск—Пекін, увядзенне якога абмяркоўваецца ўжо многія гады, але да гэтага часу не прасунулася на практыцы. У сувязі з гэтым, на думку аналітыкаў, найбліжэйшыя перспектывы ВШП выглядаюць вельмі няпэўна. Праблема заключаецца нават не ў транспартным рэгуляванні, а ў тым, што нават у самым Кітаі Эканамічны пояс Вялікага шаўковага шляху — гэта праект, які ў цяперашні час існуе хутчэй у стадыі планавання, чым як факт рэальнасці. Прыхільнасць беларускіх уладаў да маштабных праектаў далёкай будучыні прыводзіць да іх вельмі павольнай рэалізацыі і адсутнасці значнай, а часцяком і наогул якой-небудзь выгады для Беларусі.

Кажучы аб прагнозах развіцця беларуска-кітайскага супрацоўніцтва на найбліжэйшы перыяд, эксперты адзначаюць, што зняцце з пасады Анатоля Тозіка безумоўна нанесла сур'ёзны ўдар па прасоўванні кітайскіх інтарэсаў у Беларусі. Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, Тозік вызвалены ад займаемай пасады ў сувязі з пераходам на іншую працу, і будучы фармат супрацоўніцтва Беларусі з КНР у некаторай ступені будзе залежаць ад таго, якую пасаду зойме гэты чыноўнік. У эканамічнай сферы не варта чакаць значнай актыўнасці як з боку Беларусі, так і з боку КНР. У цэлым, аналізуючы вынікі 2014 г., можна адзначыць, што з пачаткам 2015 беларуска-кітайскія адносіны паступова ўваходзяць у стадыю стагнацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?