Reuters.com

Дзеянні Расіі парушаюць базавыя прынцыпы еўрапейскага светапарадку, заявіла канцлер Германіі ў пачатку сваёй прамовы на сесіі «Глабальная адказнасць у лічбавым стагоддзі».

Па словах Меркель, гэтыя дзеянні таксама падрываюць каштоўнасці, на якіх базуецца еўрапейскае грамадства.

«Мы сутыкнуліся з праблемамі, якіх не чакалі, — гэта канфлікт паміж Расіяй і Украінай …

Гаворачы ад асобы свайго ўрада, я хачу даць зразумець, што мы лічым вельмі важнай адну рэч: тут былі парушаныя базавыя прынцыпы еўрапейскага светапарадку.

Анексія Крыма — гэта не проста нейкая анексія, гэта відавочнае парушэнне таго, што дазваляла нам жыць і суіснаваць мірна пасля Другой сусветнай вайны.

Гэта непарушнасць межаў і павага тэрытарыяльнай цэласнасці».

Тое, што адбылося ва Украіне, мае асаблівае значэнне, заявіла Меркель, бо тая адмовілася ад ядзернага арсенала ў абмен на гарантыі суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, якія былі зафіксаваныя ў 1994 г. у Будапешцкім мемарандуме.

Гарантамі выступілі Вялікабрытанія, Расія і ЗША. Пасля таго як Расія парушыла гэтае пагадненне, «якая краіна будзе гатова ўзяць прыклад [Украіны] і адмовіцца ад ядзернай зброі», задала пытанне Меркель.

Бачачы, што адбылося ва Украіне, такая краіна палічыць, што адмова ад ядзернай зброі «зробіць яе слабейшай і больш безабароннай перад нападам такога роду», сказала яна.

Але еўрапейцам пасля Другой сусветнай вайны відавочна: у падобнай праблемы няма ваеннага рашэння, таму санкцыі супраць Расіі былі непазбежныя, заявіла Меркель. Яны могуць быць знятыя, калі будуць ліквідаваны прычыны іх увядзення, «але пакуль мы да гэтага не прыйшлі».

Прадстаўнікі еўрапейскіх краін імкнуцца, у тым ліку ў «нармандскага фармаце», знайсці дыпламатычнае рашэнне пытання. «Мы не пакінем намаганняў вырашыць сітуацыю ва Украіне. Мінскае пагадненне — аснова для дамоўленасцей», - падкрэсліла Меркель.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?