23.01.2015 / 12:11

45 дзеячоў грамадства, навукі і культуры запатрабавалі змены Адборачнай камісіі па выбарах рэктара ЕГУ 17

Сярод падпісантаў — Алексіевіч, Арлоў, Бяляцкі, Калінкіна.

Адкрыты ліст

Мы выказваем глыбокую занепакоенасць сітуацыяй вакол выбараў новага рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ).

Галоўнымі прычынамі працяглага сістэмнага крызісу з'яўляюцца ліквідацыя акадэмічнага самакіравання і стварэнне закрытай аўтарытарнай сістэмы адміністравання. Ключавыя для лёсу ўніверсітэта рашэнні прымаюцца без удзелу выкладчыкаў, студэнтаў і іншых стэйкхолдараў.

Працэс выбару новага рэктара — паасобная праява агульнай праблемы. Па ўсіх асноўных параметрах ён не адпавядае агульнапрынятым працэдурам аналагічных конкурсаў.

1. Працэс запушчаны без зацверджанага палажэння аб конкурсе на пазіцыю рэктара. Правілы і працэдуры выбараў да гэтага часу не вядомыя нават самім кандыдатам. Гэта дае Адборачнай камісіі шырокія магчымасці для прыняцця валюнтарысцкіх рашэнняў і бюракратычных імправізацый.

2. Кіроўная рада не ўключыла ў склад камісіі прадстаўнікоў студэнтаў і выкладчыкаў, нягледзячы на іх неаднаразовыя законныя патрабаванні. У камісію не быў запрошаны ніводны знешні міжнародны эксперт. Няма ў ёй і ніводнага беларуса. Гэта ператварае адкрыты міжнародны конкурс у закрытае карпаратыўнае прызначэнне пажаданага кандыдата, зацікаўленага ў захаванні існуючай сістэмы кіравання.

3. Працэс выбару рэктара ажыццяўляецца ў рэжыме інфармацыйнай ізаляцыі. Ні акадэмічная супольнасць ЕГУ, ні грамадзянская супольнасць Беларусі, ні міжнародная грамадскасць не маюць інфармацыі аб выніках этапаў абмеркавання кандыдатаў і агульнай хады выбараў. Гэта выводзіць выбарны працэс з-пад кантролю стэйкхолдараў і грамадскай думкі.

Такое становішча выклікае сур'ёзныя сумневы ў тым, што рашэнне Адборачнай камісіі будзе ўзважаным і справядлівым.

Мы глыбока перакананыя, што універсітэцкая аўтаномія з'яўляецца безумоўнай каштоўнасцю і адным з базавых прынцыпаў еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Але яна не адмяняе падсправаздачнасці грамадству, акадэмічнай супольнасці, донарам, палітычным партнёрам і іншым стэйкхолдарам, якія ўзялі на сябе адказнасць за лёс гэтага праекту.

Мы выказваем недавер Адборачнай камісіі, легітымнасці і справядлівасці бягучага адбору.

Мы звяртаемся да Вас з просьбай выкарыстаць Ваш аўтарытэт, каб прывесці конкурс на пасаду рэктара ЕГУ ў адпаведнасць міжнародным стандартам. Лічым неабходным стварыць новую рэпрэзентатыўную Адборачную камісію і правесці сапраўды празрысты і справядлівы конкурсны адбор.

Святлана Алексіевіч, пісьменніца

Сяргей Антусевіч, намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў

Уладзімір Арлоў, пісьменнік, гісторык

Алесь Бяляцкі, праваабаронца

Таццяна Вадалажская, каардынатарка «Лятучага універсітэта»

Яўген Вапа, старшыня Беларускага саюза ў Польшчы, дырэктар Радыё «Рацыя»

Андрэй Вардамацкі, прафесар, доктар сацыялагічных навук

Віталь Васількоў, старшыня Рады Магілеўскага грамадскага цэнтра «Кола»

Ірына Віданава, медыяменеджар

Лявон Вольскі, спявак

Улад Вялічка, дырэктар Міжнароднага кансорцыюма «ЕўраБеларусь»

Тадэвуш Гавін, ганаровы старшыня Саюза палякаў Беларусі, доктар гуманітарных навук

Людміла Гразнова, Старшыня грамадскага аб’яднання «Праваабарончы альянс», кандыдат эканамічных навук

Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта

Віктар Дашук, кінарэжысёр

Андрэй Дынько, рэдактар NN.BY / «Наша Ніва»

Сяргей Законнікаў, паэт

Ян Запруднік, доктар гістарычных навук, Беларускі інстытут навукі і мастацтва, Нью Ёрк

Алесь Зарамбюк, судырэктар Беларускага дому ў Варшаве

Сяргей Ісакаў, кінарэжысёр

Святлана Калінкіна, шэф-рэдактар газеты «Народная воля»

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік, кіраўнік аналітычных праектаў агенцтва БелаПАН

Андрэй Клімаў, бізнэсовец, былы палітвязень

Яраслаў Крывой, рэдактар Journal of Belarusian Studies, дырэктар Ostrogorski Center, доктар права

Мікола Купава, мастак

Аляксей Ластоўскі, каардынатар аддзялення гісторыі Беларускага Калегіума, кандыдат сацыялагічных навук

Жанна Літвіна, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў

Алена Макоўская, каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі»

Уладзімір Мацкевіч, кіраўнік Рады міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь»

Дзяніс Мельянцоў, старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў

Уладзімір Някляеў, паэт, лідар кампаніі «Гавары праўду»

Міхаіл Пастухоў, прафесар, доктар юрыдычных навук, былы суддзя Канстытуцыйнага суду Беларусі

Аляксей Пікулік, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў

Барыс Пятровіч (Сачанка), старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў

Павел Севярынец, cустаршыня аргкамітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі

Юлія Слуцкая, кіраўніца Бюро салідарнасці з Беларуссю (Варшава)

Алесь Смалянчук, гісторык, прафесар Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук, Варшава

Аляксандр Старыкевіч, рэдактар газеты «Салідарнасць»

Вольга Стужынская, дырэктар «Офіса за дэмакратычную Беларусь», Брусель

Станіслаў Суднік, рэдактар газеты «Наша слова»

Аляксандр Тамковіч, журналіст

Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы

Андрэй Фёдараў, кандыдат фізіка-матэматычных навук

Уладзімір Халіп, кінадраматург

Юры Хашчавацкі, кінарэжысёр

Ніна Шыдлоўская, старшыні Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына»

Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ

(падаецца ў скарачэнні)

0
бібліёграф / Адказаць
23.01.2015 / 12:22
Я разумею, мабыць з універа і пачнецца новая Беларусь,але занадта доўга чакаць прыйдзецца. Адчуванне ад гэтага зварота незразумелае, быццам калі ня ў стане змяніць краіну,змяняй універ.
0
Yakudza / Адказаць
23.01.2015 / 13:50
Как бы они не меняют универ, а пытаются не дать сменить изменить его с самоуправление на авторитарное управление администрации.
0
Студэнт / Адказаць
23.01.2015 / 16:17
Можаце дадаткова напісаць і пра тое, што студэнты прагнуць прымаць удзел у выбарах. Сёньня пачаўся збор подпісаў для пэтыцыі на гэты конт.
Паказаць усе каментары/ 17 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру