Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў удзельнікаў акцыі ў памяць герояў Нябеснай сотні (так завуць загінулых у студзені—лютым 2014 года еўрамайданаўцаў), якая прайшла ў Мінску вечарам 22 студзеня, вінаватымі ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства (арт. 23.34 КоАП). 

Максім Вінярскі і Алесь Макаеў пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі на 15 сутак, Яўген Батура і Мікалай Колас — на 10 сутак, Вольга Мікалайчык — на 5 сутак, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org. Іх справы разглядала суддзя Вікторыя Шабуня на выязным пасяджэнні, якое прайшло проста ва УУС Цэнтральнага раёна, куды напярэдадні вечарам былі дастаўленыя затрыманыя. 

Праваабаронцы паведамлялі, што справы разглядаліся ў закрытым рэжыме, аднак Вярхоўны Суд у сваім прэс-рэлізе паведаміў, што працэсы насілі хоць і выязны, але адкрыты характар.

Адміністрацыйная справа пенсіянеркі Ніны Багінскай, якая таксама была затрыманая вечарам 22 студзеня, але затым адпушчаная з РУУС, разглядалася сёння ў будынку суда Цэнтральнага раёна. Жанчына аштрафаваная на 20 базавых велічынь (3 млн. 600 тыс. рублёў). 

Нагадаем, вечарам 22 студзеня актывісты прыйшлі да помніка Тарасу Шаўчэнку, размешчанаму недалёка ад пасольства Украіны, усклалі кветкі, запалілі свечкі і разгарнулі вялікі партрэт Міхаіла Жызнеўскага — беларуса, загінулага ва Украіне роўна год таму на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве. Пасля акцыі яны былі затрыманыя міліцыяй і дастаўленыя ва УУС Цэнтральнага раёна. Паводле даных праваабаронцаў, у дачыненні да некаторых затрыманых ужывалася фізічная сіла. Пасля паўночы чацвёра актывістаў былі адпушчаныя. 

Чакалася, што удзельнікаў акцыі будуць судзіць у будынку суда Цэнтральнага раёна, аднак суддзя Шабуня вырашыла разгледзець іх справы на выязным пасяджэнні ў РУУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?