Самы ёмісты ў флоце «Белавія» Boeing 737-800 папоўніў паветраны парк беларускай авіякампаніі. 23 студзеня самалёт прыбыў у нацыянальны аэрапорт Мінск. 

Як паведаміў журналістам у аэрапорце генеральны дырэктар «Белавія» Анатоль Гусараў, самалёт прызначаны для перавозкі 189 пасажыраў у эканамічным класе абслугоўвання. Яго набыццё дасць магчымасць прадпрыемству развіваць перавозкі на рэгулярных і чартарных напрамках. 

«Мы плануем пачаць эксплуатаваць наш першы Boeing 737-800 найбліжэйшымі днямі», — сказаў гендырэктар. Паводле яго слоў, эканамічная эфектыўнасць самалёта дазволіць скараціць затраты на перавозкі, што будзе спрыяць зніжэнню кошту пералёту. 

Boeing 737-800 прыбыў у Мінск пасля праходжання тэхнічнага абслугоўвання перад пачаткам эксплуатацыі авіякампаніяй «Белавія». 

Самалёты лінейкі Boeing 737 NG (Next Generation) больш эканамічныя і здольныя выконваць палёты большай далёкасці ў параўнанні з папярэднім пакаленнем, да якога адносяцца Boeing 737-300 і 737-500, якія ёсць у флоце «Белавія». 

Як сказаў Гусараў, самалёт набыты ў аператыўны лізінг на шэсць гадоў на падставе кантракта з лізінгавай кампаніяй AerCap Partners I Limited. Гэтае паветранае судна 2000 года выпуску і знаходзіцца ў вельмі добрым тэхнічным стане. Раней гэты Boeing 737-800 эксплуатавала адна з нямецкіх авіякампаній. Яго кошт складае прыкладна 28 млн. долараў. Пры гэтым цана новага аналага ў каталозе — прыблізна 100 млн. долараў ЗША. 

Паводле слоў гендырэктара «Белавія», самалёт будзе выкарыстоўвацца авіякампаніяй на рэгулярных лініях вялікай працягласці на найбольш загружаных напрамках. Boeing 737-800 будзе лятаць у Алматы, Барселону, Ларнаку, Тэль-Авіў, а таксама на найбольш нагружаных чартарных напрамках — у Турцыю, Балгарыю, Грэцыю. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?