16.12.2005 / 11:51

Кніг@ноша ўратуе нацыю Гістарычны досьвед сьведчыць, што забарона друку можа прывесьці зусім да іншых вынікаў, чым на тое спадзяюцца ўлады. Тут важна, каб у грамадзтва хапіла рашучасьці і здольнасьці да самаарганізацыі.

Гістарычны досьвед сьведчыць, што забарона друку можа прывесьці зусім да іншых вынікаў, чым на тое спадзяюцца ўлады. Тут важна, каб у грамадзтва хапіла рашучасьці і здольнасьці да самаарганізацыі.

Піша Алег Дзярновіч.

Я заўжды засьцерагаю калег ад мадэрнізацыі гістарычных падзей — можна лёгка трапіць у пастку самападману. Але ў межах аднаго гісторыка-культурнага рэгіёну ў розныя пэрыяды сапраўды могуць адбывацца аднатыпныя зьявы. Гісторыя ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя адметная ў нашай частцы Эўропы і ўціскам нацыянальнага друку, а таксама грамадзкай актыўнасьцю па супрацьстаяньні такой дзяржаўнай палітыцы. Што да апошняга, то літоўскі досьвед застаецца шмат у чым павучальным.

Забарона друку

Мяркуецца, што ініцыятыва забароны літоўскага друку належала віленскаму генэрал-губэрнатару Міхаілу Мураўёву, за якім у гістарыяграфіі замацавалася мянушка «Вешальнік». 5 (17) ліпеня 1864 г. кіраўнік Паўночна-заходняга краю падпісаў узгодненую з урадам у Пецярбургу інструкцыю, адрасаваную Віленскаму цэнзурнаму камітэту, паводле якой прадпісвалася не дапускаць да друку лацінскім шрыфтам літоўскіх лемантароў. Літоўскія навучальныя кнігі мусілі выходзіць у сьвет толькі кірыліцай расейскай вэрсіі («грамадзянкай»). Афіцыйнае абгрунтаваньне гэтых дзеяньняў палягала ў тым, што неабходна пазбавіць літоўцаў ад спрадвечнага польскага ўплыву.

У далейшым сьпіс забароненай літаратуры толькі пашыраўся. І ня варта разглядаць забарону толькі як абмежаваньне друку ў лацінскім ці гатычным шрыфце. Намэнклятура літоўскіх выданьняў кірыліцай паступова была звужана да лемантароў, календароў ды самых асноўных рэлігійных кніжак. Гэтыя выданьні ня мелі посьпеху сярод люду і атрымалі назву «паліцэйскіх кніжак».

Нягледзячы на ўсе адміністрацыйныя намаганьні, распаўсюджваць казённую літаратуру не ўдавалася, яе цяжка было раздаваць нават задарма. Настаўнік адной са школ у Сувалкійскай губэрні пісаў начальству, што ягоныя вучні пахваляюцца, быццам пякуць бліны ў распаленай такімі кніжкамі пячы. Але пад забаронай апынуўся той пэрыядычны друк, які выконваў хоць нейкую значную ролю ў культурным жыцьці літоўцаў. Абмяжоўваючы нацыянальнае пісьменства, улады імкнуліся падштурхнуць народы імпэрыі ў абдымкі афіцыйнай расейскай культуры.

Рэакцыя Захаду

Пасьля здушэньня паўстаньня 1863—1864 гадоў водгукі ў замежнай прэсе пра падзеі ў Літве сталі зьнікаць, пра забарону літоўскага друку ў заходнеэўрапейскай публіцыстыцы амаль не пісалася.

Вылучаецца некалькі прычын такога становішча справаў: забарона літоўскага друку грунтавалася на неабнародаваных ведамасных цыркулярах і інструкцыях; у параўнаньні зь іншымі рэпрэсіўнымі захадамі ўраду забаронныя распараджэньні адносна друку падаваліся не такімі ўжо жорсткімі і абуральнымі; у адрозьненьне ад палякаў, літоўцы ня мелі свайго «лобі» ў Эўропе; выдатныя дасьледчыкі літоўскае мовы (А.Шляйхэр, Ф.Куршат, А.Бэцэнбэргер) бачылі ў ёй асуджаную на выміраньне мову, асаблівасьці якой варта зафіксаваць для навукі; Літва, яблык разладу паміж расейцамі ды палякамі, не «адцянялася» на тле іх канфлікту; пазытывісцкія тэорыі і канцэпцыі палітыка-эканамічных заканамернасьцяў разьвіцьця ўмацоўвалі перакананьні ў апраўданасьці сацыял-дарвінісцкае формулы «выжываньня найбольш прыстасаваных» у «барацьбе за існаваньне»; меркавалася, што да даброт прагрэсу і цывілізацыі ў стане далучыцца толькі разьвітыя нацыі, якія валодаюць высокім узроўнем ды гнуткасьцю мовы, здольныя да адэкватнай адаптацыі ў інтэлектуальнай сфэры. Таму, маўляў, малыя народы, каб пазьбегнуць адсталасьці ды ўзяць удзел у матэрыяльным і духоўным прагрэсе, ня могуць не далучыцца да вялікіх — хаця б у моўным пляне.

Фэномэн кніганошаў

У адказ на палітыку расейскіх уладаў узьнік фэномэн кніганошаў. Гэта дасьведчаныя людзі, што тайна займаліся дастаўкай ды распаўсюдам друкаванай па-літоўску прадукцыі з-за мяжы, найперш з Прусіі. Паступова кніганошы пачалі, паводле папярэдняй заяўкі, рэгулярна забясьпечваць чытачоў таксама пэрыёдыкай. Кніганоства расцэньвалася расейскімі ўладамі як кантрабанда, а ў масавай сьвядомасьці літоўцаў кніганоша стаў культурным героем.

З боку Прусіі мяжа ахоўвалася ня надта пільна — за памежнаю зонай назіралі звычайныя паліцэйскія і жандары. З боку Расеі мяжу ахоўвала адмысловая памежная варта, якая разьмяшчалася ў адну ці дзьве лініі. У першай лініі жаўнеры знаходзіліся так часта, што маглі бачыць ды чуць адзін аднаго. Другая лінія знаходзілася за некалькі кілямэтраў ад першай. Уся памежная паласа дасягала 7—8 км, і патрулі маглі тут затрымліваць ды абшукваць кожнага.

Для выданьня забароненай прадукцыі выбіраліся друкарні, якія знаходзіліся ў геаграфічна спрыяльнай мясцовасьці. Асноўная ўмова — каб знаходзіліся блізка да расейска-прускай мяжы і тым самым былі дасягальнымі для літоўцаў, што забясьпечвалі перапраўку літаратуры празь мяжу.

Прускія друкары добра ведалі, як найлепей падрыхтаваць кніжкі і газэты для перапраўкі празь мяжу: шчыльна ўпакаваныя цюкі — па два пуды кожны — прывозіліся ў нейкую карчму на памежжы ці ў іншае месца, адкуль іх маглі забраць кніганошы. Для таго каб пранесьці як мага болей літаратуры, на мяжы наймаліся дужыя спрактыкаваныя мужчыны. Перанесеныя празь мяжу кніжкі прыхоўваліся ў зручным месцы, найчасьцей за першай лініяй дзяржаўнай мяжы. Адтуль іх вывозілі ўжо самі кніганошы, схаваўшы літаратуру сярод дроў, сена ці нават у труне. На працягу доўгага шляху мяняліся павозкі, коні, яны нават перапрагаліся паводле звычаяў той ці іншай мясцовасьці. Нарэшце кніжкі раздаваліся іншым кніганошам-распаўсюднікам. Апошнія абавязкова займаліся яшчэ рамяством, дробным гандлем ці нейкім іншым відам дзейнасьці, бо пражыць толькі з гандлю кніжкамі было немагчыма. Апроч таго, трэба было мець прыкрыцьцё, каб апраўдаць кантакты з рознымі невядомымі людзьмі. Адначасова выданьні невялікага аб’ёму і газэты рассылаліся па пошце ў капэртах пад выглядам «рэклямных матэрыялаў».

Улады і не падазравалі, што забарона на друк выкліча такое масавае супрацьдзеяньне насельніцтва, таму ў першыя гады забароны нават ня ведалі, як караць асобных кніганошаў. Таму што забарона друку не была ў прававым сэнсе належным чынам аформленая як заканадаўчы акт, кніганошаў часьцяком апраўдвалі, караючы толькі за выданьні антыўрадавага зьместу. Але так было толькі напачатку. У 1898 годзе памежным вартаўнікам быў аддадзены загад страляць па парушальніках мяжы. Некалькі кніганошаў былі забіты ці паранены.

У самым канцы ХІХ стагодзьдзя справы на кніганошаў і чытачоў літоўскага друку, што прадстаўляліся цару, складалі самую шматлікую групу палітычных злачынстваў ва ўсёй імпэрыі. Толькі ў пачатку ХХ стагодзьдзя кніганошаў па колькасьці апярэдзілі сацыял-дэмакраты і эсэры, удзельнікі рабочых страйкаў.

Сярод затрыманых кніганошаў часам апыналіся ня толькі літоўцы. У 1898 годзе ў адным з шынкоў быў арыштаваны габрэй-каталік Ёна Боба, у якога знайшлі 11 літоўскіх выданьняў, у тым ліку аповесьць Казімераса Пакальнішкіса «Абрусіцелі». На допыце затрыманы не адмаўляў таго, што ведаў пра антыўрадавы зьмест гэтых выданьняў. Але, паводле ягоных слоў, ён раздаваў літаратуру мясцовым сялянам таму, што тыя зь вялікай ахвотай чыталі яе самі і зачытвалі ў голас іншым, а ў падзяку гаспадары сяліб частавалі кніганошу ды пакідалі яго начаваць.

Урэшце сталі ўзьнікаць арганізацыі, якія аб’ядноўвалі кніганошаў. Такіх суполак вядома цяпер 25. Іх удзельнікі імкнуліся разьвіваць інтарэсы чытачоў, арыентуючы іх на больш складаную літаратуру пазнавальнага і грамадзкага зьместу.

«Нідзе і ніколі літаратура не стваралася ўрадам…»

Палітыка афіцыйных уладаў па абмежаваньні друку выклікала нязгоду навуковай грамадзкасьці і некаторых афіцыйных асоб Расеі. Ужо пасьля адмены забароны віленскі генэрал-губэрнатар Пётар Сьвятаполк-Мірскі, кузэн уладальніка Мірскага замку князя Міхала, напіша з іроніяй цару Мікалаю ІІ: «Нідзе і ніколі літаратура не стваралася ўрадам… Урад можа заахвочваць, нават накіроўваць літаратуру, але не ствараць яе».

У выніку актыўнасьці літоўскага грамадзтва па самазабесьпячэньні непадцэнзурнай літаратурай, кампаній пэтыцый і зваротаў да ўладаў, акрэсьленай пазыцыі многіх навукоўцаў і спрыяльных дзеяньняў некаторых расейскіх адміністратараў мясцовага паходжаньня Мікалай ІІ 24 красавіка (7 траўня) 1904 году зацьвердзіў прывезеную яму Сяргеем Вітэ пастанову Кабінэту міністраў пра адмену ўсялякай забароны для літоўскага друку.

Такім чынам, забарона на літоўскі друк прывяла да вынікаў, зусім супрацьлеглых тым, якія ўяўляліся яе ініцыятарам. Арганізаваны супраціў, па сутнасьці, пазбавіў забарону на друк эфэктыўнасьці. Забароненая «кантрабандная» літоўская літаратура забясьпечыла захаваньне пісьменнасьці, прынамсі, у двух пакаленьняў, умацавала культурную ідэнтычнасьць нацыі і стварыла пэўны адаптацыйны інструмэнтар перад абліччам эўрапейскага ўнівэрсалізму, адначасова інтэграваўшы новую літоўскую культуру ў эўрапейскую паліглясію.

Алег Дзярновіч (нар. у 1966 у Менску) — гісторык, выдавец. Супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН. Рэдактар часопісаў «Athenaeum», «Шуфляда».

Кніганоша Вінцас Юшка (1860—1939). Затрыманы 30 сьнежня 1894 году з забароненай літаратурай. Паводле царскага ўказу пакараны турэмным зьняволеньнем тэрмінам на два гады і трохгадовай высылкай у Валагодзкую губэрню. 14 траўня 1896 году з нагоды абвяшчэньня Маніфэсту пра каранацыю цара Мікалая ІІ амніставаны.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру