Расія заблакавала заяву Рады Бяспекі ААН, якая асуджала ракетныя абстрэлы Марыупаля.

Заява заклікала выконваць пагадненне аб спыненні агню, прынятае ў верасні, а таксама правесці расследаванне ракетнага абстрэлу, у выніку якога загінулі 30 чалавек.

Паводле звестак АБСЕ, ракетны абстрэл ішоў з пазіцый, занятых ўзброенымі сепаратыстамі ў Данецкай вобласці.

«Аналіз варонак паказаў, што ракеты «Град» прыляцелі з паўночна-ўсходняга напрамку, з боку вёскі Акцябр (19 кіламетраў на паўночны ўсход ад [абстралянай] Алімпійскай вуліцы), а ракеты «Ураган» — з усходняга кірунку, з боку вёскі Заічанка (15 кіламетраў на ўсход ад Алімпійскай вуліцы). Абодва населеныя пункты кантралююцца Данецкай народнай рэспублікай», — сказана ў заяве АБСЕ.

ЗША і ЕС асудзілі, як было сказана, нанясенне нематываваных удараў, а таксама заклікалі Расію спыніць аказанне падтрымкі сепаратыстам.

У заяве, тэкст якой не дазволіла прыняць Расія, асуджаліся «нядаўнія правакацыйныя выказванні сепаратыстаў» у сувязі з абстрэлам Марыупаля.

Агенцтва Ройтэрз удакладняе са спасылкай на копію чарнавіка дакумента, што гаворка ішла аб заяве кіраўніка самаабвешчанай ДНР Аляксандра Захарчанкі, у якім той абвясціў наступ на Марыупаль.

Місія Расіі ў ААН заявіла, што дакумент быў заблакаваны расійскімі дыпламатамі, бо ў ім асуджаліся толькі сілы сепаратыстаў, і не быў згаданы ўрад Украіны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?