Партыя БНФ і Аб’яднаная грамадзянская партыя накіравалі ў Міністэрства юстыцыі адказы на патрабаваньне патлумачыць удзел іх лідэраў у акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня. Прадстаўнікі партыяў кажуць пра незаконнасьць і палітычную матываванасьць патрабаваньняў міністэрства юстыцыі.

У разьмешчаным на сайце Мін’юсту паведамленьні ад 12 студзеня гаворыцца, што падчас несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў было груба парушана заканадаўства Беларусі аб масавых мерапрыемствах. Таксама згадваецца пра ўдзел у акцыі, сярод іншых, лідэраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ і Партыі камуністаў беларускай. Міністэрства запатрабавала ад партыяў у трохдзённы тэрмін падаць інфармацыю, ці былі гэтыя лідэры ўпаўнаважаныя партыямі на ўдзел у акцыі, а калі не, то давесьці грамадзкасьці афіцыйную пазыцыю партыі наконт гэтага, у тым ліку праз сродкі масавай інфармацыі.

Паводле сябра палітычнай рады АГП юрыста Сяргея Альфера, адказ на гэтае патрабаваньне сёньня накіраваны ў Мін’юст.

«Хоць такія сьціслыя тэрміны не адпавядаюць заканадаўству, тым ня менш мы даслалі. У адказе напісана, што АГП не разглядала пытаньня пра ўдзел спадара Лябедзькі ў гэтым мерапрыемстве. Што тычыцца сьцягу АГП, то партыя ніколі не забараняла і не плянуе забараняць законнае выкарыстаньне сымболікі АГП яе сябрамі. Што да патрабаваньня аб публікацыі пазыцыі партыі, то АГП лічыць, што гэта не зьяўляецца законным патрабаваньнем».

Нагадаю, што лідэр АГП Анатоль Лябедзька асуджаны на 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў.

Сяргей Альфер лічыць патрабаваньне Мін’юсту палітычна матываваным. Юрыст тлумачыць, што паводле закону, калі палітычная партыя была заяўнікам мерапрыемства і падчас яго адбылося сур’ёзнае парушэньне закону, то партыю могуць пазбавіць рэгістрацыі.

Адказны сакратар управы Партыі БНФ юрыст Уладзімер Лабковіч расцэньвае патрабаваньне Міністэрства юстыцыі як спробу ціску на палітычныя партыі.

«Дадзенае патрабаваньне ніяк не стасуецца з заканадаўствам. Удзел сябра Партыі БНФ як прыватнай асобы ў любых масавых мерапрыемствах — гэта ягоная асабістая справа. І мы як палітычная партыя ня будзем даваць ацэнкі дзеяньням нашых сяброў па‑за тымі даручэньнямі, якія ім партыя давала. На сойме 12 студзеня Удзел сябра Партыі БНФ як прыватнай асобы ў мерапрыемствах — гэта ягоная асабістая справа

Партыя БНФ выказала сваё стаўленьне да той сытуацыі, якая склалася вакол прадпрымальнікаў. Мы ўсьцешаныя тым, што Мін’юст патрабуе, каб мы давялі да грамадзтва нашу пазыцыю па акцыях пратэсту прадпрымальнікаў».Таму, кажа Ўладзімер Лабковіч, партыя накіроўвае патрабаваньне да рэдакцыі газэты «Советская Белоруссия» і Белтэлерадыёкампаніі, каб ім забясьпечылі магчымасьць давесьці праз гэтыя СМІ сваю пазыцыю.

Лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, які таксама прысутнічаў на мітынгу прадпрымальнікаў, ніякага ліста з міністэрства юстыцыі не атрымліваў.

«Калі атрымаем афіцыйны зварот, мы ім адкажам у адпаведнасьці з заканадаўствам. Дзейнасьць партыі прыпыненая ад 2 жніўня. І сёньня Мін’юст кажа, каб партыя праводзіла нейкія паседжаньні, дзе выказвала сваю пазыцыю па нейкіх палітычных пытаньнях. Гэтага партыя не рабіла і рабіць ня можа. Гэта было б дзіўна, бо Мін’юст павінен стаяць на тым, каб выконвалася заканадаўства, і ня можа падштурхоўваць, каб гэта заканадаўства парушалася».

Нагадаю, што 30 студзеня Вярхоўны Суд будзе разглядаць пазоў Калі атрымаем афіцыйны зварот, мы адкажам у адпаведнасьці з заканадаўствам

Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі ПКБ.

У самім Міністэрстве юстыцыі сёньня камэнтароў наконт гэтага не даюць і раяць накіраваць на імя міністра пісьмовы запыт, які пазьней будзе разгледжаны.

Радыё Свабода

***

Міністэрства юстыцыі запатрабавала ад Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі камуністаў тлумачэньняў наконт удзелу іх лідэраў Анатоля Лябедзькі, Алеся Міхалевіча і Сяргея Калякіна ў маніфэстацыі прадпрымальнікаў 10 студзеня. Ультыматыўнае патрабаваньне мусіць быць выканана ў 2-дзённы тэрмін. Таксама Мін'юст падаў пазоў на ліквідацыю аб'яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва». БНФ: прадпрымальнікаў падтрымліваем, тлумачэньні можам даць па БТ.

Паведамленьне міністэрства было разьмешчана на яго інтэрнэт-сайце 12 студзеня, таму фактычна партыі маюць на адказ нават ня тры, а толькі два дні.

На падставе часткі трэцяй артыкулу 27 закону «Аб палітычных партыях» міністэрства запатрабавала ад кіраўнічых органаў названых партый падаць «інфармацыю аб тым, ці былі гэтыя асобы ўпаўнаважаныя адпаведнымі партыямі на ўдзел у названым масавым мерапрыемстве з накіраваньнем адпаведных партыйных рашэнняў».

«У выпадку не надзяленьня сваіх партыйных лідэраў названымі паўнамоцтвамі» Мін'юст патрабуе «выказаць афіцыйнае стаўленьне партыі адносна іх дзеяньняў на несанкцыянаваным мерапрыемстве».

На думку адказнага сакратара ўправы Партыі БНФ юрыста Уладзіміра Лабковіча, ліст Мін'юсту «не заснаваны на нарматыўных актах і законах». «Мы зьвернемся ў Белтэлерадыёкампанію з патрабаваньнем даць нам магчымасьць выканаць загад Міністэрства юстыцыі і выказаць стаўленьне Партыі БНФ па пытаньнях дробных прадпрымальнікаў, а таксама акцый пратэсту», — заявіў У. Лабковіч.

12 студзеня Сойм Партыі БНФ прыняў заяву, у якой падтрымаў «патрабаваньні і акцыі прадпрымальнікаў».

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін, які таксама прысутнічаў на мітынгу, заявіў БелаПАН, што ніякага ліста зь Мін'юсту не атрымліваў. «Камэнтар да падобнага ліста павінен даваць не палітык, а псіхіятар», — лічыць С. Калякін. Паводле яго слоў, поколькі дзейнасьць ПКБ прыпынена, «пра ўдзел партыі ў арганізацыі мерапрыемства ня можа ісьці і гаворкі».

З адпаведным запытам у АГП намесьнік міністра юстыцыі Аляксандар Білейчык зьвярнуўся 12 студзеня.

У звароце Мін’юст патрабуе не пазьней за 14 студзеня падаць інфармацыю пра тое, ці быў Анатоль Лябедзька ўпаўнаважаны партыяй на ўдзел у дадзеным масавым мерапрыемстве.

«Калі так — падаць копіі пратаколаў, што ўтрымліваюць адпаведнае рашэньне, — гаворыцца ў запыце. — Калі не — выказаць афіцыйную пазыцыю партыі адносна дзеяньняў дадзенай асобы, а таксама афіцыйна, у тым ліку праз сродкі масавай інфармацыі, давесьці да грамадзкасьці інфармацыю наконт датычнасьці Аб’яднанай грамадзянскай партыі да правядзеньня ўказанага мерапрыемства».

Мін’юст запатрабаваў таксама падаць тлумачэньні адносна выкарыстаньня ўдзельнікамі мітынгу сьцягу Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Мяркуючы па ультыматыўным тоне патрабаваньня, Мін'юст хоча павесьці АГП і ПБНФ дарогай Партыі камуністаў. Ліквідацыя Кампартыі распачнецца 30 студзеня.

Адначасова Міністэрства юстыцыі падала ў Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі Рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня «Пэрспэктыва».

У паведамленьні, якое разьмешчана 12 студзеня на сайце міністэрства, адзначаецца, што «10 студзеня 2008 году ў горадзе Менску адбыўся несанкцыянаваны мітынг прадпрымальнікаў, у якім разам зь іншымі асобамі ўзяў удзел лідэр Рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка».

«Падчас правядзеньня названага несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў быў паралізаваны рух транспарту па праспэкце Незалежнасьці ў раёне плошчы Незалежнасьці (на працягу 1 гадзіны 20 хвілін). Дзеяньнямі арганізатараў дадзенага несанкцыянаванага мітынгу, у тым ліку Рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня «Пэрспэктыва», нанесена значная шкода інтарэсам грамадзян, дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам», — гаворыцца ў паведамленьні.

Закон «Аб грамадзкіх аб'яднаньнях» утрымлівае норму пра тое, што «грамадзкае аб'яднаньне можа быць ліквідавана паводле рашэньня суду за аднаразовае парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі», падкрэсьлівае Мін'юст.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?