Ужо даўно, відаць, усе выкарыстоўваюць гэтае слова спрэс у значэнні «вядома», «праўда што», «а як жа!». Як нейкае сцвярджэнне або пацверджанне. Так і слоўнікі нашы прапісваюць. Але, дзякаваць богу і добрым людзям, не толькі так.

Трэба ведаць, што так было не заўсёды. Цяперашняе папулярнае значэнне «канечне» ці «канешне» — гэта новае значэнне і мабыць вынік агрэсіўных паводзін мовы-суседкі. Наш прабацька Францішак Багушэвіч (салодкая памяць яго) выкарыстоўваў гэтае слова ў значэнні «абавязкова»:

Ці ж ужо нам канечне толькі на чужой мове чытаць і пісаць можна? («Дудка беларуская»)

Такое ж значэнне мы сустракаем і ў Коласа, што, дарэчы, заўважыў тлумачальны слоўнік. А вялікі знаўца жывога чалавечага слова Кузьма Чорны выкарыстоўвае «канечне» толькі ў значэнні абавязкова. Гэтае слова добра кладзецца таксама і замест паскуднай калькі «неабходна». Як на мой густ і досвед, то ўсе гэтыя «неабходна», «безумоўна» трэба наогул выкінуць к чорту, калі мы жадаем гаварыць свабодна, багата і смачна. Яны збядняюць нашу мову, а знаўцы з імі заўсёды змагаліся. Вынік іхняга змагання не надта добры, як відаць.

Гляньце, як хораша і самабытна нашае «канечне» праяўляецца ў мове Кузьмы Чорнага:

Дык не канечне і табе ісці служыць ліха ведае за што чорту лысаму. (Кузьма Чорны «Лявон Бушмар»)

Яна парывалася ўсё на гэта, але ж хіба малы свет чалавеку, што канечне думаць пра адно ўсё? (тамсама)

Пасмакуйце гэтыя сказы. Прымерайце на сваю гаворку. Можа варта выкарыстоўваць гэтыя словы акурат у гэтым, даўнейшым значэнні? А тое іншае, ноўшае — лепей заняць іншымі смачнымі выразамі, рознымі да рознага кантэксту: «і праўда», «а як жа!», «вядома ж», «праўда што!», «дзіва што». І мова блішчыць і бруіцца. Спору Вам.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?