Мне часта прыходзіць на думку, што мова нашая падобная да старадаўняга замка або нават цэлага горада. У ім пераплятаюцца розныя архітэктурныя стылі, будынкі з розных эпох туляцца адзіны пры адным.

На жаль, у горадзе нашае мовы многа будынкаў мы занядбалі, сям-там стаяць адно бляклыя шэрыя струшні. Ад каторых камяніц і зусім знаку не засталося. Але ёсць старыя рысункі, з якіх можна тое-сёе аднавіць. Аднак жа, каб аднавіць старыя кварталы, адбудаваць старажытны замак, трэба перш раскідаць тыя хрушчоўкі, што паставілі на месцы даўнейшых гмахаў.

Дык вось адна з такіх новых штучных з’яў, што замяніла сабой даўнейшыя канструкцыі, якую трэба ўпярод «раскідаць» — гэта злучнікі «паколькі» і «так як». Знаўцы нашае мовы ўжо многа разоў прыпаміналі аб штучнасці гэтых слоў. Павел Сцяцко піша:

Злучнік «паколькі» штучны для беларускай мовы. Яго не падаюць слоўнікі жывой народнай мовы, не было яго і ў перакладных слоўніках 20-х адраджэнскіх гадоў. У 30—80 гадах яго ўціснулі ў беларускія слоўнікі штучна.

Дык трэба, відаць, адрачыся выкарыстоўваць гэты злучнік раз і на заўсёды. Як той казаў, асінкаю заламаць. Расчысціўшы месца па ім, мы адкрыем старыя падмуркі даўнейшых будынін-слоў, якія і зможам хораша аднавіць паводле сведчання людзей і доследаў навукоўцаў.

Заміж «паколькі», «так як» знаўцы мовы раяць нам ужываць «а як», «раз», «а раз», «бо»:

Вось і пайшлі з слоўнікаў гуляць па творах некаторых аўтараў такія звароты:

«А паколькі прырода для людзей бяздушных, хцівых ўся на адзін твар, то якая ім розніца, дзе яе знішчаць (Пятро Сабіна, «Плач вады»). На першым плане павінен быць чалавек як асоба, так як ён ёсць мера ўсёй каштоўнасці (Звязда, 28.08.92). Па-беларуску: «…бо ён — мера ўсёй каштоўнасці».

Выкарыстанне гэтых слоў — а як, а раз, раз — надае тэксту нязмушанасць, натуральнасць. Нашто, скажам, пісаць: «Акрамя таго, п’еса, паколькі яна камедыя, перапоўнена ўсялякімі вадэвільнымі «кві-пра-кво» (ЛіМ, 23.04.1968), калі можна было б падаць: «Акрамя таго, п’еса, раз яна камедыя (ці як камедыя,) перапоўнена ўсялякімі вадэвільнымі «кві-пра-кво». (П. Сцяцко, «Калькі-калекі»)

Вядома, іншы раз людзі прывыкаюць і да хрушчовак, і тыя ім патрэбныя. Тыя, хто кажа, што старыя вузкія вулкі не стрываюць плыні транспарту, хай не бяруць напісанае тут да галавы. А тыя, што хочуць адбудаваць старадаўні горад сваёй мовы ў самабытным яго выглядзе, хай кіруюцца мудрымі радамі нашых мовазнаўцаў-архітэктараў.

Спору Вам у гэтай нялёгкай шляхетнай працы. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?