Моўнае пытаньне займае істотнае месца ў беларускай палітыцы ўжо некалькі стагодзьдзяў — за польскім, расейскім, нямецкім, савецкім ды іншымі часамі.

Змаганьні за тое, на якой гаворцы каму размаўляць, яшчэ доўгія дзесяцігодзьдзі будуць заставацца на парадку дня грамадзкага жыцьця краіны. Вынік іх залежыць ня столькі ад сёньняшніх палітычных раскладак, колькі ад волі носьбітаў белмовы. Гэтая воля мусіць выяўляцца ў рэальна‑палітычных формах. Падзеі апошніх месяцаў дазваляюць зрабіць колькі практычных высноваў, што да далейшага ўкараненьня белмовы і культуры, якая базуецца на гэтай мове, у грамадзтве.

Рэальная палітыка

Сустрэча і гешэфт беларускіх (ня будзе перабольшваньнем сказаць белмоўных) музыкаў з прадстаўнікамі прэзыдэнцкай Адміністрацыі трэба ацаніць зь некалькіх розных пунктаў гледжаньня. Пакіну ў баку маральныя, этычныя ці мэркантыльныя моманты гэтага пагадненьня па прынцыпе «Музыка ўзамен на не‑апазыцыю». Скажу пра шматкроць да таго згадваны рэальна‑палітычны падыход. Балазе, акурат у гэтым гешэфце музыкаў з уладай бачыцца прыклад прымяненьня такога падыходу. І гэта адбылося як дзякуючы суб’ектыўнай і, мабыць, інстынктыўнай гатовасьці бакоў да такога падыходу, так і ў выніку аб’ектыўнай прысутнасьці трох абавязковых чыньнікаў такога кшталту рэальна‑палітычных гешэфтаў.

Па‑першае, гэта стала магчымым, бо абодва бакі мелі кожны нешта, цікавае другому боку, і ўсьведамлялі гэта. Прэзыдэнцкая Адміністрацыя — амаль неабмежаваны ўплыў на прыняцьце рашэньня наконт таго, каму, што, дзе і ка¬лі будзе дазволена сьпяваць у Беларусі. Музыкі — свой талент, вядомасьць і ўплыў на аматараў свае творчасьці.

Па‑другое, абодва бакі былі гатовыя да абмену іншымі сваімі актывамі ці ўплывамі, якія мелі для іх другаснае значэньне і адмова ад якіх не чыніла значнае шкоды іх жыцьцёва важным інтарэсам. То бок, Адміністрацыя была ня супраць дапусьціць сякую‑такую прысутнасьць белмоўных музыкаў на сцэне і ў СМІ. Музыкі — ня супраць адысьці крыху ад выразнай падтрымкі апазыцыйных сілаў, бо рэдкія канцэрты на даволі нешматлюдных апазыцыйных акцыях ці ўвогуле ў падпольлі яўна не задавальнялі творчых амбіцыяў сучасных песьняроў. Фактычна, гэтыя рэдкія «апазыцыйныя» выступы дома ўжо ня мелі аніякай каштоўнасьці для саміх музыкаў, а імідж гнаных творцаў за мяжой так і не стварыў беларускім гуртом тае славы, якая дазволіла б замяніць адсутнасьць канцэртных магчымасьцяў на Радзіме замежнымі выступамі. Тое пацьвярджаюць, прыкладам, даволі няшумныя леташнія выступы энэрэмаўцаў у той самай Нямеччыне.

Па‑трэцяе, на гэта наклалася імкненьне бакоў да зьмены паўсталае сытуацыі і свайго месца ў ёй. Праляскоўскі спадзяваўся, аддзяліўшы музыкаў ад апазыцыі, паслабіць палітычных апанэнтаў рэжыму, прыкладам, пазбавіўшы іхныя акцыі музычнага суправаджэньня і зьвёўшы іх такім чынам да паўтору адных і тых самых прамоваў адных і тых самых асобаў, што пасьпяхова маргіналізаваныя ў грамадзтве, а таму бясшкодныя. Адна справа танчыць на Майдане супраць дыктатуры пад гукі жывой музыкі, і зусім іншая — дрыжаць ад холаду пад прамовы абрыдлых партайгеносэ — на гэта далёка ня кожны здольны.

Музыкі хацелі б атрымаць магчымасьці для разьвіцьця, і, не спадзеючыся на блізкую перамогу апазыцыі, выказалі гатовасьць паспрабаваць нечага дамагчыся шляхам сэпаратных перамоваў.

Таму й мела плён сустрэча Праляскоўскага з музыкамі. І белкультура, і музыка, і мова ад таго выйгралі. У зьвязку з гэтым адцемім, што калі гаворка ідзе пра магчымасьць кампрамісу ці пагадненьня паміж рэжымам і іншымі сіламі ў любой сфэры — варта перасьледаваць рыхтык такую самую стратэгію і памятаць пра яе складнікі і неабходныя перадумовы. І калі нечага з гэтага бракуе тым сілам, якія супрацьстаяць рэжыму, дык ня трэба наіўна разьлічваць на летуценнае яднаньне і нацыянальны кансэнсус. Трэба рыхтаваць перадумовы для рэальна‑палітычнага дыялёгу і пагадненьня, а да таго часу не здаваць сваіх пазыцыяў і не выступаць з наіўнымі прапановамі. Адзінае, што можа быць пры такой раскладцы, калі адзін бок ня мае нічога каштоўнага прапанаваць другому боку ўзамен за нешта важнае для сябе, гэта — капітуляцыя. Прынамсі, у сучаснай беларускай палітыцы пануюць такія законы.

Наша воля

Усё гучней заклікаюць да кампрамісу (чытай — капітуляцыі) — «абы выратаваць мову» — і прыхільнікаў клясычнага правапісу ды несавецкага канону мовы. Цалкам гатовы да кампрамісу і я, але гэты, чарговы кампраміс прымушае згадаць пра тое, што асноўнай формай існаваньня беларускай нацыянал‑дэмакратыі за маёй памяцьцю былі такія «кампрамісы», якія ставілі пад пытаньне наяўнасьць у яе хоць нейкіх цьвёрдых перакананьняў і прынцыпаў. Фактычна, так званыя «кампрамісы» прымаліся нацдэмамі (ды і астатнімі апазыцыянэрамі) заўсёды, раней ці пазьней. Ва ўпартым адстойваньні сваіх поглядаў і іх наяўнасьці ў выразнай форме можна западозрыць хіба Зянона Пазьняка. У астатнім пануе прынцып — хлапцы гаспадары свайму слову, хацелі далі — хацелі забралі, сёньня адное, заўтра — цалкам процілеглае.

Гэта дазволіла многім існаваць у палітычнай прасторы гадамі, адступаючы па меры паступленьня адпаведных загадаў перад уладай, нічога асабліва ня робячы і тым самым ня чынячы лішне шкоды ўладзе і не раздражняючы яе. Гэта бясьпечна і, пры пэўнай здольна¬сьці да блефу, даволі выгадна, бо дазваляе гадамі існаваць у якасьці нібыта важных палітычных постацяў. І гэтая праблема ня толькі палітыкаў, але і многіх іншых публічных асобаў беларускага незалежнага грамадзтва. Так званы «кампраміс», а насамрэч пасьлядоўная адмова ад якіх‑кольвечы цьвёрдых пазыцыяў, ёсьць асноўнай формай іх існаваньня.

Гатовасьць да кампрамісу і гнуткасьць, у прынцыпе, мае сэнс толькі калі побач існуе цьвёрдая воля і выразнае імкненьне. Калі гэтага няма, дык ня мае сэнсу ні кампраміс, ні гнуткасьць — калі няма панятку «верху», дык ня можа быць і ўяўленьня аб «нізе». Анягож, нашто драпежніку дамаўляцца пра нешта з тымі, хто і так, пабачыўшы ягоныя іклы і кіпцюры, адступіць? Вядома, сьвет — гэта не суцэльнае драпежніцтва і кроў. Вядома, чалавек чалавеку брат, але справа ў тым, што ў беларускай палітыцы склалася такая сытуацыя, калі правілы гульні вызначаюць людзі, якія трымаюцца іншага кшталту поглядаў. Зрэшты, і лібэральна‑дэмакратычнай дзяржаве людзі бяз волі і ясных поглядаў, якія гатовыя іх адстойваць, хутчэй шкодзяць, бо абаперціся на мяккацеласьць і бесхрыбетнасьць немагчыма. Хату на пяску не муруюць.

Таму гаворка ідзе пра тое, што нацыянальнаму руху ўрэшце трэба спыніць сваё адступленьне, схаванае пад паліткарэктнай маскай кампрамісу. Ня так істотна нават, на чым спыняцца, зрэшты, і выбару вялікага няма, бо адступаем даўно і сур’ёзна, і засталося ў нас зусім няшмат няздадзеных пазыцыяў. Настаў час выдаць самім сабе загад «ня кроку назад». Мы не адмаўляемся ад сапраўднага кампрамісу, калі абодва бакі пра нешта дамаўляюцца. Але нам трэба замацавацца на пэўных пазыцыях. Ужо нават хаця б дзеля таго, каб мы сталі апазнавальнымі. Бо сёньня анамальна хуткая эвалюцыя поглядаў нашых нацыянальных аўтарытэтаў не дазваляе аніяк вызначыцца з тым, хто і за што змагаецца ў Беларусі, ды падтрымаць тую ці іншую плынь. Як можна падтрымліваць некага, хто махае то адным, то другім сьцягам, то двума адначасова, то яшчэ і трэці спрабуе ўзьняць?

Несавецкі канон мовы (у тым ліку тарашкевіца), як і сьцяг ды Пагоня, ня могуць быць здадзеныя ці памяняныя. Гэта мусіць быць нашая выразная нацыянальная воля. Мову можна і трэба парадкаваць далей, але на нашым фундамэнце. Законы мовы дзеля патрэбаў супольнага жыцьця нацыі ўпарадкоў¬ваюцца адукаванымі навукоўцамі, а не чыноўнікамі. Вядома, пры вострай патрэбе тарашкевічныя выданьні мусяць перайсьці на іншы правапіс, калі гэта сапраўды ўратуе іх ад закрыцьця. Але перайсьці, абвесьціўшы, што гэта часовае адступленьне перад большай сілай. Што нацыянальны рух не выракаецца сваіх каштоўнасьцяў, а асновы мовы не падлягаюць абмеркаваньню.

Што да нараканьняў на правапісны хаос, дык адцемім, што супрацьстаяньне правапісных апазыцыянэраў і «новых наркамаў» ужо крышталізуе сытуацыю зь беларускім правапісам. Адпадаюць празьмерна гібрыдныя варыянты, што ня маюць перакананых нось¬бітаў. Выразным прыкладам стаў «Дзеяслоў», які дэкляраваў адмову ад свайго правапісу, яшчэ нават і блізка не сутыкнуўшыся з пагрозай закрыцьця. Бо не ішлося ім пра нешта экзыстэнцыйнае, сутнаснае. Ішлося пра экспэрымэнт. А белмова і яе нявылегчаны штучным умяшаньнем канон — гэта не экспэрымэнты. Гэта — каштоўнасьці, пра якія ня можа быць дыскусіяў ці сумневаў.

Гукі для літараў

Але нічога ня вартыя тыя каштоўнасьці, носьбіты якіх нічога для іх ня робяць. І тут новая эпоха кідае нам новыя выклікі. Надоечы адзін вядомы краязнаўца зь Віленшчыны выказаў свае сумневы што да новага канону мовы, выкшталтаванай за гэтыя гады «Нашай Нівай» ды ARCHE. Маўляў, ці гаворыць хто так, як там панапісвана? — сумняецца ён. Мае рацыю. Мы яшчэ толькі ставім цяпер перад сабой новую задачу — заклаўшы падваліны мадэрнай пісьмовай беларускай мовы, зьмяняць і вусную мову. За канонам пісьмовае мовы павінен ісьці канон маўленьня.

Асабліва важна ўсталяваць несавецкі канон маўленьня пасьля магчымае, але яшчэ, дасьць Бог, няблізкае дэлегалізацыі ўсіх няўхваленых дзяржавай правапісаў. Насамрэч, ідзецца нам не пра мяккі знак, а пра тое, што ў цяперашняй сытуацыі гэта адзіны шанец захаваць падставовыя рысы белмовы, накшталт мяккасьці. Таму нам так істотна яе пазначаць, бо інакш людзі ўжо ня памятаюць, як трэба вымаўляць беларускія словы.

Калі ж мы згубім магчымасьць выдаваць нашыя СМІ такім правапісам, які дазваляе лёгка прачытаць беларускі тэкст адпаведна нормам беларускага вымаўленьня, надалей усё будзе залежаць ад вусных сродкаў масавае інфармацыі і прапагандаванай імі мовы. Таму несавецкі канон мусіць загучаць на тысячах носьбітаў, каб людзі, нават ня бачачы мяккіх знакаў, маглі вымавіць слова правільна. Паўстае задача стварэньня такіх носьбітаў.

Дзякуючы найноўшым тэхнічным сродкам гэта робіцца ўсё больш простым заданьнем. І добра начытаныя аўдыёкнігі ёсьць толькі самым першым крокам у дадзеным напрамку. Многія матэрыялы «Нашай Нівы» ды іншых беларускіх выданьняў маглі б быць нават у дадатак да агучваньня аформленыя відэаматэрыяламі.

Вядома, пытаньне магло быць вырашанае праз тэлебачаньне. Але на сваё спадарожнікавае ТБ беларусам яшчэ бракуе грошай, а «Белсат» пакуль захапленьня не выклікае. Выйсьцем быў бы менш амбітны, але рэалістычны і шматабяцальны праект інтэрнэт‑тэлебачаньня on‑demand. Спрашчаючы, можна сказаць, што маецца на ўвазе стварэньне такога сабе беларускага YouTube — выстаўленьне ў Сеціве спачатку не такіх і вялікіх, але актуальных белмоўных відэаматэрыялаў, якія дасягальныя для прагляду ў любы час. Дзеля нізкае якасьці інтэрнэт‑доступу ў краіне дапушчальна зьмяншаць якасьць да ют’юбаўскіх стандартаў.

Што каштуе беларускай газэце зрабіць, аналягічна ВВС, 60‑сэкундны выпуск дзённых навінаў на добрай белмове і павесіць файл у Сеціве, ці, як «Нью‑Ёрк Таймз», агучыць свае матэрыялы ў скарочаным выглядзе з фота‑ і відэаўстаўкамі? Большыя ж відэаматэрыялы ці, скажам, фільмы, могуць пашырацца шляхам масавага выданьня на кампакт‑дысках. І на тое ня трэба мільярдаў рублёў ці штату супрацоўнікаў.

* * *

Трэба воля і жаданьне. Яны вызначаць, хто пераможа. Адмова ад гвалту і цьвёрдасьць у адстойваньні сваіх поглядаў ня выключаюць адзін аднаго. Варта згадаць пра такія прыклады, як тыбэтцы з Далай Ламам ці індыйцы з Махатмам Гандзі. Негвалтоўнасьць ня значыць адступленьне.

Сяргей Богдан, Бон—Маладэчна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0