Адукацыйны патэнцыял — адна з нямногіх канкурэнтных пераваг Украіны на цяперашнім пераломным этапе нашай гісторыі. Але гэта толькі патэнцыял. Для таго, каб выкладчыкі і студэнты, універсітэты цалкам раскрылі яго і рэалізавалі, неабходна стварыць адпаведныя ўмовы.

Мы на парозе падвойнага выкліку — з аднаго боку, свет вельмі зменлівы, адукацыйныя тэндэнцыі развіваюцца бесперапынна, неабходна рухацца ў паскораным тэмпе, каб адчуваць сябе на роўных з калегамі і канкурэнтамі. З іншага — нашы адукацыя і навука перайшлі нам у спадчыну ад ізаляванай савецкай сістэмы і больш чым за 20 гадоў незалежнасці мы практычна не інтэграваліся ў сусветныя працэсы.

Для таго, каб дагнаць і не адставаць, сёння трэба дзейнічаць вокамгненна.

Украінскія вучні выйграюць міжнародныя адукацыйныя алімпіяды, нашы ўніверсітэты ганарацца адукацыйнымі традыцыямі, але ні адзін з іх не ўваходзіць у першую ці другую сотню прэстыжных рэйтынгаў. Гэта зноў вяртае нас да пытання нераскрытага патэнцыялу.

Нізкая якасць адукацыі, неканкурэнтаздольнасць, зношанасць фондаў, старэнне кадраў — гэта несуцяшальны пералік праблем можна працягваць. Разам з тым, Украіна траціць на адукацыю больш за 7% свайго ВУП.

Гэта больш, чым сярэдні паказчык сярод развітых краін. Такім чынам, пытанне заключаецца не столькі ў колькасці, колькі ў тым, якім чынам гэтыя сродкі выдаткоўваюцца. Узнікае замкнёнае кола: нераскрыты патэнцыял — нізкая якасць — неканкурэнтаздольнасць — неэфектыўнае выкарыстанне.

Таксама трэба разумець, што ўкраінскі ВУП невысокі, і таму вялікі працэнт выдаткаў на адукацыю яшчэ не кажа пра дастатковасць выдзеленых сродкаў. Паміж неэфектыўнасцю і недастатковасцю фінансавання — такая дылема характарызуе любую галіну сучаснай Украіны. Аднак гэта не азначае, што рэформы не патрэбныя або немагчымыя. Наадварот, сёння яны актуальныя як ніколі раней і ўсе дзяржаўныя і грамадскія намаганні павінны быць накіраваны на іх увасабленне.

Мы не чакаем, што запланаваныя змены задаволяць усіх: пераможцамі стануць толькі тыя, хто зможа прапанаваць высокую якасць адукацыі. Важна, каб выйграла ўся краіна, каб раскрыўся той сукупны патэнцыял, які мае ўкраінскае грамадства.

У апошні час асабліва востра паўстала некалькі важных пытанняў пра змены, якія ўкараняе Міністэрства адукацыі і навукі. Нам важна, каб грамадскасць разумела ход рэформаў, іх мэты і механізмы рэалізацыі. Мы перакананыя, што толькі пры такіх умовах можна дамагчыся поспеху ў рэформах.

Аўтаномія — гэта інструмент

Галоўнымі дасягненнямі заканадаўчай рэформы вышэйшай адукацыі, якая была распачата летам, сталі гарантыя аўтаноміі ўкраінскіх універсітэтаў і стварэнне сучасных механізмаў забеспячэння якасці ў вышэйшай адукацыі.

З гэтага часу ВНУ самастойна фармуюць свае праграмы і вызначаюць, якія менавіта дысцыпліны туды закласці. Больш за тое, як мінімум чвэрць ад агульнага аб'ёму вучэбнай праграмы фармуюць самі студэнты, выбіраючы дысцыпліны, прапанаваныя рознымі кафедрамі ўніверсітэтаў.

У той жа час у многіх склалася памылковае ўражанне, што акадэмічная аўтаномія — гэта самамэта. Не,

дэцэнтралізацыя працэсаў фарміравання зместу навучання — толькі сродак, які павышае адказнасць менеджменту універсітэтаў, выкладчыкаў і студэнтаў за якасць вышэйшай адукацыі.

Ні адна міністэрская камісія не здольная вызначыць, як лепш навучаць і навучацца, гэта не ўласцівыя чыноўнікам функцыі. Затое Мінадукацыі вызначыць чаканыя вынікі навучальнага працэсу і вызначыць, што павінен ведаць і ўмець выпускнік пэўнай спецыяльнасці.

Бясспрэчна, такую задачу Міністэрства не можа выканаць самастойна, а будзе прыцягваць да гэтага прафесійныя асацыяцыі, працадаўцаў, выкладчыкаў і студэнтаў універсітэтаў. Аднак механізм дасягнення пэўных вынікаў — адказнасць аўтаномнай навучальнай установы.

Кантроль за дасягненнем выніку будзе ажыццяўляцца паралельна — унутры ўніверсітэтаў і звонку — праз Нацыянальнае агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі.

У выніку стануць адкрытымі і даступнымі для шырокай грамадскасці: сістэма ацэньвання ведаў, апісанне дысцыплін і праграм, інфармацыя аб прафесійных дасягненнях выкладчыкаў.

Апісаная сістэма зможа паўнавартасна функцыянаваць і даць якасны вынік толькі ва ўмовах свабоднай канкурэнцыі на ўсіх узроўнях: як паміж універсітэтамі, так і паміж выкладчыкамі.

Гаворка ідзе аб канкурэнцыі за акадэмічную якасць, да якой большасць нашай акадэмічнай грамадскасці, на жаль, не прывыкла.

Аднак дэмаграфічныя працэсы, эканамічнае развіццё Украіны і свету будуць прымушаць да гэтага.

Паміж прымусам і свабодным выбарам

У апошні час у Міністэрства паступаюць звароты і заклікі вярнуцца да папярэдняй практыкі і вызначыць пералік абавязковых дысцыплін для ўсіх спецыяльнасцяў.

Такі пералік існаваў у межах старога заканадаўства. Цяпер Міністэрства вызначае кампетэнцыі выпускніка ў межах пэўнага напрамку або спецыяльнасці. Аднак авалодванне гэтымі кампетэнцыямі перакладаецца на плечы самога ўніверсітэта, аўтаномнага ў прыняцці прафесійных рашэнняў.

Трэба адзначыць, што новы Закон «Аб вышэйшай адукацыі» ужо скараціў колькасць украінскіх ВНУ з 802 да 317. Да канца навучальнага года іх стане менш за 300.

Сітуацыя на рынку адукацыйных паслуг не дасць ніякай магчымасці ўніверсітэтам ухіляцца ад вырашэння неадкладных задач, якім чынам лепш арганізаваць навучальны працэс.

Няякасная ВНУ асуджана на знікненне з адукацыйнага поля Украіны.

Да прыняцця новага Закона існаваў пералік з 16 прадметаў, з якіх фармаваўся блок абавязковых дысцыплін. Сярод іх паліталогія, сацыялогія, фізічнае выхаванне, украінская мова, гісторыя Украіны, філасофія, замежная мова, бяспека жыццядзейнасці і інш.

Аднак рэформа вышэйшай адукацыі больш не прадугледжвае такіх функцый Міністэрства.

Таму цяпер вызначэнне пераліку абавязковых дысцыплін — гэта прэрагатыва ВНУ, зрэшты, як і права студэнтаў на выбар універсітэта, праграмы ў ім і пэўных дысцыплін у рамках гэтай праграмы.

Як правіла, праграмы еўрапейскіх і амерыканскіх універсітэтаў прадугледжваюць, што студэнты вывучаюць дысцыпліны гуманітарнага профілю.

Ці таму, што ўніверсітэт уключыў гэтыя дысцыпліны ў склад нарматыўных, ці таму, што студэнт павінен пэўную колькасць крэдытаў ЕКТС (Еўрапейскай крэдытна-трансфернай сістэмы) аддаць на авалоданне выбарачных гуманітарных дысцыплін, выбар якіх ажыццяўляе сам універсітэт.

Якая мэта стаіць за гэтым?

У заходніх універсітэтах, дзе акадэмічная культура фармавалася на працягу стагоддзяў, усведамляюць, што веданне моў, навыкі дзелавой камунікацыі, разуменне ключавых філасофскіх ідэй або пэўных гістарычных працэсаў дапамагаюць развіццю прафесійных кампетэнцый, спрыяюць светапогляднаму і асобаснаму росту студэнта.

У гэтым кантэксце ўкраінскія ВНУ павінны адысці ад прынцыпу нагнаць тое, чаго не паспелі засвоіць напрацягу школьнага навучання.

Вышэйшая адукацыя павінна прапаноўваць адрозны ад школьнай праграмы ўзровень.

Таксама не трэба ставіцца да комплексу гуманітарных дысцыплін ва ўніверсітэтах як да пэўнага ідэалагічнага сродку ўздзеяння на студэнтаў.

Гэты выхаваўчы кампанент мы пераносім на ўзровень сярэдняй школы, дзе будзе рэалізоўвацца канцэпцыя нацыянальна-патрыятычнага выхавання, якая будзе пранізваць ўвесь навучальны працэс.

У той жа час нельга сабе ўявіць бакалаўра сучаснага ўніверсітэта без валодання ўкраінскай і англійскай моў менавіта на прафесійным узроўні. Такія вынікі навучання абавязкова стануць складнікамі стандартаў вышэйшай адукацыі, пра якія мы пісалі вышэй.

Але тое, якімі менавіта курсамі моўныя кафедры, як і іншыя гуманітарныя кафедры, будуць забяспечваць авалоданне студэнтамі гэтых кампетэнцый — павінны вырашыць самі выкладчыкі і навуковыя рады ўніверсітэтаў.

Перашкодай рэалізацыі аўтаномных прынцыпаў арганізацыі навучальнага працэсу стаяць дзве праблемы: адсутнасць вопыту арганізацыі свабоднага выбару прадметаў і посткаланіяльная рэчаіснасць сучаснай Украіны, вынікам чаго часам выступае непрафесійная і безадказная пазіцыя кіраўніцтва ВНУ. Таму, нягледзячы на шматлікія запыты ўніверсітэтаў і грамадскасці, на пераходны перыяд МАН падрыхтуе адпаведныя рэкамендацыі.

Найперш лагістыка: якім чынам і калі ва ўстановах вышэйшай адукацыі штогод афіцыйна праходзіць прэзентацыя прадметаў на выбар кафедрамі і выкладчыкамі, пасля чаго студэнты змогуць на іх запісацца?

Зараз любая кафедра можа прапаноўваць уласныя курсы на выбар. Так рэалізуецца прынцып міждысцыплінарнасці, без якога не існуе сучаснага ўніверсітэта. Студэнты бакалаўрскіх праграм павінны мець у пераліку праслуханых курсаў англійскую мову і прадметы ўкраіназнаўча-філасофскага блока.

Для падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі захаваецца абавязковасць вывучэння англійскай мовы і філасофіі.

Варта памятаць пра яшчэ адну задачу асаблівай важнасці, якую можна вырашыць толькі шляхам прадастаўлення студэнту магчымасці самому фармаваць траекторыю ўласнага навучання.

Гаворка ідзе аб памяншэнні з наступнага навучальнага года вучэбнай нагрузкі выкладчыкаў з 900 да 600 гадзін у год.Перш за ўсё для таго, каб яны мелі больш часу для абнаўлення сваіх курсаў і звярнулі сур'ёзную ўвагу на навуковую працу. Бо няма вышэйшай адукацыі без навукі. Гэтую аксіёму нам таксама нарэшце трэба засвоіць.

Стыпендыі: індывідуальны падыход

Украінская сістэма стыпендыяльнага забеспячэння мае каласальныя рэсурсы — штогод на стыпендыі вылучаецца больш за 5 млрд. грыўняў. Але прынцып размеркавання гэтых сродкаў вельмі неэфектыўны. Галоўны яго недахоп — адсутнасць адраснасці.

Так, акадэмічная стыпендыя павінна ахопліваць не менш за 2/3 бюджэтнікаў, якія вучацца на дзённай форме. У выніку стыпендыю «за поспехі ў вучобе» атрымліваюць 640000 студэнтаў па прынцыпе: усім — пакрысе.

Затое ў Францыі акадэмічную стыпендыю атрымліваюць студэнты, якія здаюць усе экзамены выключна на «выдатна», такіх менш за 1%. У Польшчы гэты паказчык складае 10%. У Вялікабрытаніі магчымыя індывідуальныя стыпендыі толькі за выдатныя поспехі — вынаходніцтвы, акадэмічныя публікацыі і гэтак далей.

Такім чынам, ва Украіне акадэмічная стыпендыя на самай справе стала формай сацыяльнай выплаты. Побач з тым, сацыяльная стыпендыя, якую атрымлівае менш за 2% студэнтаў, даступная толькі льготным катэгорыям, якія вызначаны не паводле патрэбаў, а па пэўных статусах (напрыклад, чарнобыльца).

У Еўрапейскім Саюзе сацыяльная стыпендыя размяркоўваецца з улікам узроўню даходу студэнта і яго сям'і, пры гэтым атрымальнікі дапамогі размяркоўваюцца на некалькі катэгорый.

Менш абароненыя атрымліваюць вялікую сацыяльную выплату, а людзі з вялікім, але недастатковым узроўнем даходаў адпаведна маюць права на меншую выплату.

Да прыкладу, у Ірландыі, дзе сярэдняя гадавая зарплата складае 32 тыс. еўра, студэнты могуць атрымліваць ад 300 да 6000 еўра на год, у Харватыі, дзе ў сярэднім зарабляюць 12 тыс. еўра на год, дапамога студэнтам можа складаць ад 800 да 1600 еўра на год. Таксама прымаецца пад увагу патрэба ў інтэрнаце або адлегласць паміж домам і ўніверсітэтам і інш.

Некаторыя краіны прапануюць падатковыя льготы бацькам, якія ўтрымліваюць студэнтаў, даюць менавіта бацькам невялікія сацыяльныя выплаты ў залежнасці ад колькасці студэнтаў у сям'і.

Сістэма гэтых крытэрыяў уводзіцца з адной канкрэтнай мэтай — вызначыць, хто менавіта з студэнтаў і колькі менавіта мае патрэбу для таго, каб мець дастаткова рэсурсаў, каб жыць у тым горадзе, у якім знаходзіцца ўніверсітэт.

Такім чынам, краіны ЕС забяспечваюць роўны доступ да вышэйшай адукацыі не па савецкай мадэлі «ўраўнілаўкі», а па прынцыпе індывідуальнага падыходу.

У той жа час мы не павінны забываць аб матэрыяльным заахвочванні да паспяховага навучання. І зноў вяртаемся да адкрытай гутаркі. Ці тройка і чацвёрка — гэта поспех?

Калі мы хочам стымуляваць і ўзнагароджваць сапраўды выдатныя дасягненні студэнтаў, тады такіх патрабаванняў недастаткова.

Базавай умовай павінны стаць выдатныя вынікі сесіі. Конкурс на такую стыпендыю павінен больш нагадваць спаборніцтвы за стыпендыю на навучанне за мяжой, калі камісія вызначае пераможцаў, ацэньваючы іх дасягнення не толькі ў вучобе.

Дадатковымі крытэрамі могуць служыць, напрыклад: перамогі ў міжнародных студэнцкіх конкурсах, міжнародная акадэмічная мабільнасць студэнта, навукова-даследчыя ініцыятывы.

Імкненне толькі абмежаваць колькасць студэнтаў, якія могуць атрымліваць такую стыпендыю, будзе малаэфектыўным. Асноўным стымулам павінен стаць яе памер, што яго трэба значна павысіць.

Гэта краевугольныя прынцыпы, да якіх мы ідзём.

У Міністэрстве ўжо зараз пачынае працаваць рабочая група, у склад якой уваходзяць, у прыватнасці, прадстаўнікі студэнцтва, спецыялісты па дэмаграфіі і эканаметрыцы. Мы разумеем, што змены трэба ўкараняць узважана і паступова.

Таму цяперашнія студэнты будуць атрымліваць тыя стыпендыі, якія яны атрымліваюць цяпер, а новаўвядзенні закрануць будучых першакурснікаў.

Фінансаванне

Фінансаванне вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў (гэтыя пазіцыі нельга разрываць) з'яўляецца інвестыцыямі ў развіццё грамадства і нацыянальнай эканомікі.

Навука і адукацыя, выконваючы важныя задачы, уздзейнічаючы на развіццё чалавечага капіталу, тэхнічнага і тэхналагічнага развіцця краіны, а ў перспектыве — ладу грамадства, займаюць важнае месца ў развіцці эканомікі, і не могуць быць дыскрымінаванымі або праігнараванымі.

МАН рашуча будзе прасоўваць гэтыя ідэі праз імплементацыю адпаведных еўрапейскіх нормаў і канцэпцый.

З пачатку 2015 украінскія вышэйшыя навучальныя ўстановы і навуковыя арганізацыі маюць права абслугоўвацца ў банках.

Гэта азначае, што яны самі будуць вызначаць, як будуць марнаваць сродкі ўласнага спецфонду. Аднак задачы рэалізацыі поўнай фінансавай аўтаноміі прымушаюць нас рухацца далей.

Варта адмовіцца ад постсавецкага стаўлення да адукацыі, як да вобласці, якая «нічога не вырошчвае і не вырабляе», а таму цалкам адносіцца толькі да расходных артыкулаў бюджэту.

Вялікае значэнне мае рэфармаванне структуры ўкраінскіх універсітэтаў і парадку арганізацыі навуковых даследаванняў.

У аснову вызначэння крытэрыяў якасці навукова-даследчых устаноў і ВНУ павінны быць пакладзены навукаметрычныя прынцыпы.

Актуальная інтэграцыя навукі і адукацыі з-за павелічэння навуковых складнікаў дзейнасці ўкраінскіх універсітэтаў і ўцягванне акадэмічных інстытутаў у адукацыйную дзейнасць праз стварэнне, сумесна з ВНУ, магістарскіх і структураваных доктарскіх праграм (аспірантура і дактарантура).

Усе навуковыя даследаванні павінны фінансавацца на адкрытых грантавых прынцыпах з адной крыніцы (фонду), калі гранты і прапановы фармуюцца разам універсітэтамі і акадэмічнымі інстытутамі.

Дадзены артыкул — першы з тых, якія тлумачаць стратэгічныя мэты рэфармавання адукацыі. Закон «Аб вышэйшай адукацыі» быў прыняты 1 ліпеня 2014 г.

Сёння Міністэрства адукацыі і навукі працуе над законапраектамі «Аб адукацыі», «Аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі», «Аб навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці».

Таму ў наступных публікацыях будзе магчымасць раскрыць сутнасць рэформаў у кожнай адукацыйнай вобласці.

Жанр і аб'ём тэксту не дазваляюць падрабязна і паслядоўна растлумачыць усё масы запланаваных зменаў, таму мы свядома засяродзіліся толькі на асноўных пытаннях. Спадзяваемся, што асноўныя прынцыпы, якія мы тут пазначылі, дазволяць выразна пабачыць мэты і механізмы рэформаў і шляху да раскрыцця адукацыйнага патэнцыялу нашай дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?