У 2014 годзе ад спайсаў загінула каля 30 чалавек. Больш за 700 траплялі ў бальніцы з перадозам.

Пра гэтую бяду, спайсы, можна пачуць адусюль. І з ёй змагаюцца. Здаецца, тыдня не праходзіць, каб сілавікі не затрымалі якога наркараспаўсюдніка. Сотні кілаграмаў канфіскаваных і знішчаных наркотыкаў. І такая барацьба дае плён.

Але вялікія сілы кідаюцца на барацьбу з тым, што не можам кантраляваць. І куды менш змагаемся з тым, што магчыма перамагчы.

«Калі параўнаць атручванні са смяротным вынікам, то ад алкаголю смерцяў прыкладна ў 30 разоў больш, чым ад наркотыкаў», — нядаўна заявіў галоўны нарколаг краіны.

Гэта тыя, хто атруціўся.

А яшчэ хранічны алкагалізм, які прыводзіць да смерці.

У 2012 ад хранічнага алкагалізму памерлі 512 чалавек (2011 — 980, 2010 — 601).

А яшчэ людзі гінуць па віне п’яных кіроўцаў.

Сюды трэба дадаць тых, каго нападпітку зарэзаў муж, да смерці збіў сусед…

Між іншым, у Следчым камітэце прыйшлі да высновы, што «большасць злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян у быце здзяйсняецца ў нецвярозым стане. На глебе алкагольнага ап’янення адбываецца рост сямейных скандалаў і звязаных з імі злачынстваў. Асноўнай зброяй бытавых забойстваў з’яўляецца звычайны кухонны нож, які, як правіла, заўжды пад рукой».

На алкагалізм і алкагольныя псіхозы ў 2013 захварэлі 21 722, на наркаманію і таксікаманію — 1537.

Праблема алкагалізму не менш важная. Але захады не скіраваны на вынішчэнне прычыны бедаў — алкаголю. З наркотыкамі ж змагаюцца менавіта так. Паўмеры не працуюць.

Школьнікам аднолькава расказваюць пра небяспеку алкаголю і наркотыкаў, але спіртное ў крамах яны сустракаюць у свабодным доступе.

Грошы ад наркотыкаў асядаюць у кішэнях наркагандляроў. Ад алкаголю паступаюць у бюджэт. Але гэта аднолькава брудныя грошы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?