427 гадоў таму, 28 студзеня 1588 года, кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІІ Ваза выдаў прывілей канцлеру ВКЛ Льву Сапегу на права друкаваць трэцюю рэдакцыю літоўскага Статута. Гэты дакумент, які так і застаўся ў гісторыі пад назвай «Статут 1588 года», стаўся галоўным законам Княства на стагоддзі і адначасова адным з найлепшых у свеце кодэксаў феадальнага права.

Паколькі, я упэўнены, большасць чытачоў ведае, што гэта за Статут, я не буду падрабязна расказваць пра працэс яго стварэння — лепш згадаем некалькі цікавых фактаў пра яго. Калі вы іх не ведалі, добра — значыць, мае намаганні не дарэмныя. Калі ведалі — яшчэ лепш, заўсёды прыемна пісаць для адукаванай аўдыторыі.

Старонка з дзяржаўным гербам Пагоня, фота з wikipedia.org

Старонка з дзяржаўным гербам Пагоня, фота з wikipedia.org

Дык вось, дваццаць фактаў пра Статут 1588 года.

1) Статут 1588 года стаў асноўным законам ВКЛ у 1589 годзе. А праца над ім была скончаная ў 1584 годзе. 1588 год — гэта толькі год выдачы прывілею Сапегу.

2) Пяць гадоў — з 1584 да 1589 — Статут не выдаваўся не таму, што на выданне не хапала сродкаў. Асноўная праблема была ў тым, што палякі нядрэнна разумелі, што Статут узмацняе пазіцыю ВКЛ як незалежнай дзяржавы. А пасля Люблінскай уніі некаторыя польскія дзеячы, не будзем паказваць пальцам, у сваіх марах ужо бачылі ВКЛ чарговай правінцыяй Кароны. І памыліліся.

3) У 1588 годзе Статут ВКЛ быў усё ж такі выдадзены, не ў апошнюю чаргу таму, што кароль Жыгімонт ІІІ Ваза небеспадстаўна баяўся, што, калі працягваць небяспечныя гульні з літоўскай дзяржаўнасцю, можна лёгка страціць трон ВКЛ і скасаваць дасягненні не толькі Люблінскай, але і Крэўскай уніі. У выніку Статут прыпыніў працэс паланізацыі — так, згодна з яго артыкуламі, польскія феадалы не мелі права атрымліваць землі і пасады ў Княстве.

4) Нягледзячы на безумоўна прагрэсіўны характар Статута, ён усё ж не быў першай Канстытуцыяй ВКЛ і найстаражытнейшай Канстытуцыяй у свеце, як некаторыя сцвярджаюць. Канстытуцыя — асноўны закон дзяржавы, які прадугледжвае роўнасць усіх перад законам. А у Статуце роўнасці значна не хапала — напрыклад, пакаранні за забойства шляхціца і простага чалавека кардынальна адрозніваліся. Для дакументаў часоў феадалізму назва «канстытуцыя» ўвогуле не была карэктнай.

5) Але тое, што Статут не быў канстытуцыяй, нічога не мяняе. Па-першае, беларускія землі ўсё роўна атрымалі канстытуцыю першымі ў Еўропе (3 траўня 1791 г.), па-другое, Статут усё роўна быў значным крокам наперад у кадыфікацыі законаў — прычым на сусветным узроўні.

6) У Статуце была рэалізаваная агульнапрынятая сёння ідэя падзелу ўладаў на тры галіны: заканадаўчая (літоўскі Сойм), выканаўчая (сам вялікі князь і яго адміністрацыя) і судовая (земскія суды, падкаморныя суды, Трыбунал ВКЛ).

7) Найлепшым доказам таго, што Статут быў шэдэўрам заканадаўства, ёсць тое, што яго пазычылі як узор суседнія, нават варожыя, дзяржавы. Так, артыкулы Статута выкарыстоўваліся пры напісанні рускага «Соборного уложения», пры кадыфікацыі прускага права, пры распрацоўцы украінскіх «Прав, за якими судиться малоросійський народ».

8) За стагоддзі існавання Статут быў перакладзены на лаціну, нямецкую, польскую, расійскую, украінскую і французскую мовы.

9) А сам Статут быў напісаны на старабеларускай мове, што было на той момант выключэннем у Еўропе — паўсюдна панавала лаціна.

10) Статут — кодэкс-доўгажыхар. Яго прынялі ў 1589 годзе, а адменены ён быў нават не пры падзелах Рэчы Паспалітай, а на паўстагоддзя пазней. Так, у Віцебскай і Магілёўскай губернях Расійскай імперыі Статут адмянілі ў 1831 годзе, у Віленскай, Мінскай і Гродзенскай губернях — у 1840 годзе. Такім чынам, тэрмін дзеяння Статута — 251 год. «Соборное уложение», раней распрацаванае на аснове Статута, праіснавала з 1649 да 1832 года — то бок 183 гады. Нават найстарэйшая канстытуцыя ў свеце — Канстытуцыя ЗША — цяпер налічвае толькі 228 гадоў. А Вялікабрытанія наогул не мае адзінай кадыфікаванай канстытуцыі.

11) Галоўнымі дэміургамі Статута сталіся тагачасны канцлер ВКЛ Яўстафій Валовіч (дарэчы, адзін з тых, хто распрацоўваў яшчэ другі літоўскі Статут 1566 года) і падканцлер Леў Сапега.

12) Але — якая несправядлівасць — у асноўным Статут асацыююць толькі з Сапегам, і ў артыкулах пра Статут звычайна ёсць яго партрэт. Мы не можам больш гэтага цярпець — таму вось вам партрэты і Сапегі, і Валовіча. Краіна павінная ведаць сваіх герояў.

13) Статут дзейнічаў і на тых тэрыторыях сучаснай Украіны, што былі прыяднаныя да Польшчы ў 1569 годзе. Такім чынам, краін, у якіх дзейнічаў Статут, было як мінімум тры — Вялікае Княства Літоўскае, Карона Каралеўства Польскага і Расійская імперыя. У Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губернях Статут таксама быў адменены толькі ў 1840 годзе.

14) Упершыню Статут быў надрукаваны ў 1588 годзе ў Вільні, у друкарні Мамонічаў. Першы пераклад кодэкса на польскую мову адбыўся толькі ў 1614 годзе — праз 25 гадоў пасля выдання. Перакладзены Статут быў надрукаваны таксама ў Вільні, у той жа друкарні.

15) У 1592 і 1600 гг. Статута быў перавыдадзены. У 1614, 1619 і 1623 гг. ён выдаваўся на польскай мове. Наступныя польскамоўныя выданні датуюцца 1648, 1693, 1744, 1786 і 1819 гг. У 1811 годзе з’явілася першае рускамоўнае выданне. А ў 1989 годзе, праз 400 гадоў пасля з’яўлення, Статут быў надрукаваны на беларускай мове выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя».

16) Статут мае 14 раздзелаў і 488 артыкулаў.

17) Да 2012 года было вядома пра прыблізна 60 экземпляраў арыгінальнага Статута ва ўсім свеце — 1 у Вялікабрытаніі, 6 у Літве, 6 у Польшчы, 11 (!) у Расійскай Федэрацыі, нават 5 ва Украіне і ніводнага ў Беларусі.

18) Толькі ў 2012 годзе у Беларусі з’явіўся першы экземпляр арыгінальнага Статута. Экземпляр быў выкуплены Музеем гісторыі Магілёва з прыватнай калекцыі ў Маскве па ініцыятыве Андрэя Радкова. Грошы на ўнікальную кнігу давалі і простыя людзі, і бізнесоўцы, і арганізацыі. Нарэшце 9 чэрвеня 2012 года ў магілёўскай Ратушы адбылася ўрачыстая прэзентацыя першага ў Беларусі арыгінальнага Статута.

19) Пасля паспяховага вяртання Статута ў Беларусь Музей гісторыі Магілёва на чале з дырэктарам Аляксеем Бацюковым вырашыў не спыняцца на дасягнутым і праз год, у траўні 2013 года, набыў яшчэ адзін экземпляр Статута — на польскай мове, выдадзены ў Вільні ў 1744 годзе.

20) І гэта правільна! Больш статутаў у кожны дом!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?