На біржавым рынку Беларусі зняты абмежаванні па куплі камерцыйнымі банкамі замежнай валюты для патрэб насельніцтва.

Гэту інфармацыю БелаПАН пацвердзілі прадстаўнікі банкаў.

Яны канстатавалі, што прынятае Нацбанкам рашэнне фактычна дазваляе банкам набываць любы аб'ём замежнай валюты на біржы.

«Няма абмежаванняў па сумах куплі валюты на біржы для патрэб насельніцтва. Калі банк мяркуе, што ён гэту валюту прадасць на працягу дня, ён можа купіць любы аб'ём валюты», — растлумачылі прадстаўнікі банкаўскага сектара. 

Пры гэтым яны зазначылі, што раней аб'ём валюты, які набываюць на біржы, быў абмежаваны. «Банкам выдзялялі валюту ў невялікіх колькасцях, але яны не адпраўлялі яе ў абменнікі, а працавалі ад абароту, прадаючы той аб'ём валюты, які куплялі», — удакладніў прадстаўнік банка. 

Нагадаем, яшчэ ў канцы мінулага тыдня абменныя пункты фактычна ўсіх банкаў Беларусі працягвалі працаваць ад абароту. Такім чынам, зазначалі эксперты фінансавага рынку, попыт насельніцтва на замежную валюту не даходзіў да біржы.

Свабодны доступ да замежнай валюты ў абменных пунктах захоўваўся да 19 снежня 2014 года. З 20 снежня з-за ажыятажнага попыту на замежную валюту Нацбанк увёў 30-працэнтны збор, які фізічныя асобы абавязаныя былі выплачваць пры куплі валюты. З 9 студзеня галоўны банк краіны адмяніў дзеянне валютнага збору на наяўным рынку, але пры гэтым абменныя пункты беларускіх банкаў працягвалі прадаваць кліентам толькі той аб'ём валюты, які куплялі ў насельніцтва на працягу дня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?