А я кагадзе вярнуўся з сяла. На маю думку, кожнаму беларускамоўнаму чалавеку канечне трэба раз на нейкую пару паехаць на вёску, каб выкупацца ў стыхіі жывога слова. Такія вандроўкі жывяць мову лепей за ўсякія курсы, кнігі ды слоўнікі. Вось і мне прыпомніліся жывыя цёплыя слоўцы, якія так хораша аздабляюць і вызваляюць нам думкі.

«Некалі людзі нарабілі былі тутака такіх харошых, гладзенькіх, тупкіх сцежачак, — расказвала цётка Маня, — А цяпер яно ўжо ўсё вышаём пазаростала ды няма як прайсці».

«А як дарогу пяском пасыпалі, та прыступней стала хадзіць».

Гэтыя выразы: «тупкая сцежка», «прыступная дарога» — абазначаюць нейкую выгоду ісці, стан дарогі. Тлумачальны слоўнік (а ён, на шчасце, фіксуе гэтыя мілыя сэрцу словы) падае такі прыклад з мовы пісьменнікаў:

Перад самай вёскай Тышкевіч загадаў людзям разгарнуцца ланцужком. Снег пад гарой мелкі, ісці было прыступна. Асіпенка.

Ісці па ямах босай было мякка і прыступна. Іван Пташнікаў, «Тартак».

Мы бачым, што «прыступна» значыць «выгодна ісці», па-расейску кажуць на гэта «удобно для ходьбы». Бачыце, цэлы іхні выраз у адным нашым ёмкім і трапным слове.

А «тупкі», «тупка»? Гэта, калі дарога або грунт добра зроблены, прытаптаны, гладзенькі.

Тупкая сцежка тчэцца ў алешніку, стрэміцца паўз адзінокія хутары… Віктар Гардзей, «Бедна Басота».

Багун спаў, а калі калёсы рэзка павярнулі і Лазунок, адчуўшы тупкі бальшак, паехаў жвавей, ачнуўся… Вінцэсь Мудроў «Багун».

Я вельмі люблю вузкія сцяжынкі. Асабліва калі людзі вытоптваюць іх насуперак усім «горадабудаўнічым» і «добраўпарадкавальніцкім» планам нашых заўсёды сур’ёзных чыноўнікаў. Можа прыйдзе калі тая пара, калі і нашая дзяржава пачне хадзіць тупкімі, гладзенькімі сцежачкамі нашых добрых, працавітых людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?