10 студзеня ў школах Беларусі прайшоў першы этап рэспубліканскага конкурсу па айчыннай гісторыі. Згодна з афіцыйнай фармулёўкай гэты конкурс прысвечаны «70-годдзю Перамогі СССР над фашысцкай Германіяй».

Праводзіцца ён беларускім грамадскім аб'яднаннем «Таварыства памяці воінаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны» пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Здавалася б, ну конкурс і конкурс, што ў ім такога. Аднак, пэўныя моманты выклікаюць здзіўленне. Так, напрыклад, пры падрыхтоўцы школьнікам «рэкамендуюць» пачытаць даклад Пуціна на Валдайскім форуме ў Сочы.

А адно з пытанняў гучыць так: «Чаму кіруючыя колы дзяржаў былых саюзнікаў СССР па разгроме фашызму, а таксама Германіі, цяпер таемна і відавочна заахвочваюць адраджэнне і дзейнасць у іншых краінах неанацысцкіх, прафашысцкіх і нацыяналістычных рухаў і арганізацый?»

Пры гэтым арганізатары конкурсу не хаваюць, што маюць на ўвазе «Амерыку, якая ладзіць аранжавыя рэвалюцыі».

«У дакладзе Пуціна раскрыта сутнасць сённяшняй заходняй геапалітыкі. І Пуцін выразна паясніў, чаму нацызм сёння рэанімуецца. У такіх краінах, як Украіна, Захад сёння робіць стаўку на прафашысцкія і ультранацыяналістычныя сілы», — нібы з экрана тэлеканала «Россія» распавёў Мікалай Папоў, член «Таварыства памяці» і кіраўнік конкурсу. 

А на пытанне, чаму ў конкурсе наяўнасць былых саюзнікаў, якія «падтрымліваюць фашызм», падаецца як аксіёма, Папоў адказаў так:

«Гэта факт сённяшняй геапалітыкі! Таму мы і сцвярджаем гэта! — ад наіўнасці пытання ён нават засмяяўся. — Злучаныя Штаты безумоўна падтрымліваюць адраджэнне неанацысцкіх арганізацый. З якой мэтай? Рабіць аранжавыя рэвалюцыі! Навошта? Гэта трэба Абаму спытаць, навошта ён іх робіць!».

Рыхтавалі пытанні да конкурсу ў «Таварыстве памяці», сказаў Папоў. Але з Мінадукацыі ўсё ўзгаднялі. Пытанняў не ўзнікла. Цікава, што сярод мэтаў конкурсу ўказваюцца «ўмацаванне нацыянальнай традыцыі узаемадапамогі і дружбы з іншымі народамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?