29.01.2015 / 20:22

Прэс-канферэнцыя: што хацеў данесці Лукашэнка  29

Расійскія журналісты задавалі Лукашэнку пытанні з падвохам: аб пранкеру Вавану і пра завоблачна высокія цэны ў Беларусі.

Незалежныя беларускія журналісты, наадварот, дэманстравалі імкненне да кансалідацыі.

У падтэксце многіх іх пытанняў быў непакой за незалежнасць Беларусі і паўтарэнне падзей на Данбасе ў беларускім варыянце. Нават сам Лукашэнка быў здзіўлены такім «настроем на кансалідацыю». Пры гэтым журналісты мякка паднялі шматлікія вострыя тэмы: наяўнасць палітвязняў, адраджэнне беларускай мовы, эканамічныя рэформы, стварэнне беларускамоўнага тэлебачання, барацьбу з ячэйкамі чарнасоценцаў, парушэнні грамадзянскіх правоў.

Варта адзначыць, што Аляксандр Лукашэнка ўцягнуў журналістаў у фармат абмену думкамі. Замест таго, каб задаваць пытанне, яны парою доўга выказваліся. Часам гэта гучала трохі і дзіўнавата: некаторыя нібы хацелі даказаць, што і іх СМІ могуць быць карысныя аўтарытарнай сістэме.

Што асноўнага прагучала і чаго не прагучала ў рэкордным — 7 гадзін і 7 хвілін — выступленні Аляксандра Лукашэнкі?

1) «Беларусь — частка Расіі, частка Рускага свету? Забудзьце». Пры гэтым быў дадзены недвухсэнсоўны намёк, што наша дзяржава інтэнсіўна рыхтуецца да адпору любой магчымай агрэсіі.

Аж да таго, што праз пару месяцаў краіна пачне выраб некаторых відаў сучаснай зброі па поўным цыкле, тады як раней атрымлівала іх з Расіі.

Лукашэнка лічыць галоўнай пагрозай сілавую, ён некалькі разоў паўтарыў, што мае шмат інфармацыі і многа робіць у гэтым плане.

2) Пры гэтым эканамічная палітыка застаецца нязменнай. Задача моманту — дыверсіфікацыя экспарту. Але неяк убаку засталася тэма таго, што краіна на 100% залежыць ад Расіі ў энерганосьбітах, і альтэрнатыўных спосабаў іх пастаўкі няма.

Украіна то вытрымлівае без расійскага газу. А Беларусь як бы прайшла такое выпрабаванне?

3) Аляксандр Лукашэнка быў прыязны да грамадзянскай супольнасці. Агрэсіі, варожасці не гучала. Не рабіце Майдану — а ў астатнім рабіце, што хочаце. 

4) Геапалітычна Лукашэнка абяцаў захаваць ранейшы баланс: Беларусь выконвае ўсе саюзніцкія абавязанні перад Расіяй, уваходзіць у створаныя Расіяй саюзы, але пры гэтым не дапусціць узмацнення расійскага ўплыву ўнутры краіны. Захаду Лукашэнка не давярае, але хоча ў ідэале мець нармальныя з ім адносіны.

«Таму, першае — нельга шарахацца, ні ў жыцці, ні калі датычыць дзяржавы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на пачатку прэс-канферэнцыі.

«Шараханняў ад Расіі на Захад ніколі не будзе», — ужыў ён тое самае слова пасля.

«Шарахацца» — гэта экспрэсіўнае размоўнае слова. Яно азначае «кідацца ўбок ці назад ад нечаканасці ці сполаху». 

Са слова «шарахацца» вынікае, што Аляксандр Лукашэнка псіхалагічна ацэньвае сітуацыю пасля нападу на Украіну як сітуацыю нечаканую і пагрозлівую, але лічыць, што ў новай сітуацыі галоўнае — не рабіць рэзкіх крокаў.

Лукашэнка хоча не дапускаць такой сітуацыі, каб Захад лічыў Лукашэнку большым, у параўнанні з Расіяй, злом. І не дапускаць сітуацыі, каб Захад не змагаўся за Беларусь у выпадку пагрозы з Усходу. Выразна прагучала таксама думка, што Беларусь была б радая атрымаць крэдыт МВФ, бо ён «самы выгадны».

5) Канца свайго кіравання Аляксандр Лукашэнка не прадбачыць і пераходу да дэмакратыі не прагназуе.

«Новага для мяне ў прэзідэнцтве ўжо не будзе. Я ўжо ўсё бачыў. За 20 гадоў я ўжо ўсё зразумеў, усё памацаў. Я не развіваюся. Але сам я сысці не маю права. Калі рухне краіна? Адзіная падстава для прэзідэнта не ісці на выбары — слабы розум, тупы розум, хвароба. Пра гэта блізкія павінны будуць сказаць».

Такім чынам, адназначна незалежнасць адназначна без дэмакратыі.

Але народ, грамадства, незалежныя СМІ маюць права падаваць петыцыі прэзідэнту. Яны будуць прыняты і разгледжаны. Што і адбывалася цягам сямі гадзін сёння. Але не больш.

Андрэй Дынько

0
Ёпрст / Адказаць
29.01.2015 / 20:54
Падказалі б Рыгоравічу, што тэрмін "нацмен" азначае "национальное меньшинство", тэрмін чыста расейскі. Лукашэнка сказаў глупства - ягоны выраз гучыць, што тыя людзі, якім ён прыпісаў уціск рускіх у Беларусі, з'яўляюцца прадстаўнікамі нацыянальнай меншасці? Ды і тэрмін "нацдемы" выкарыстоўвалі энкавэдэшныя забойцы беларусаў, дзесяткі тысячаў ахвяр гэтых катаў з расейскага НКВД пахаваны у Курапатах побач з Драздамі.
0
Лучнік / Адказаць
29.01.2015 / 21:00
Пагаварыць ён мастак, так. Калі б захоп Ўкраіны даваўся рашы лёгка, то, магчыма, каляровыя чалавекі ўжо разгульвалі б па Беларусі, наводзячы свае парадкі тут. Няма ў яго рэсурсаў, каб супрацьстаяць крэмлядзям. Нам нічога не застаецца, як штодня маліцца за ўкраінскіх ваяроў, бо яны змагаюцца і за Беларусь, і за гэтага гаваруна таксама. Расейцы на Дамбасе як шалёны бультэр'ер, што ўхапіў здабычу і не можа расціснуць зяпу, каб і хацеў. Трэба выматваць падлу, чакаць, пакуль не здохне.
0
Нейкі Дзядзька / Адказаць
29.01.2015 / 21:07
"Але народ, грамадства, незалежныя СМІ маюць права падаваць петыцыі прэзідэнту. Яны будуць прыняты і разгледжаны. Што і адбывалася цягам сямі гадзін сёння." А ўчора з ізалятару вупусцілі Вольгу Мікалайчык, а пазаўчора адключалі незалежныя сайты, а некалькімі днямі раней за "Дзяды" тройчы аштрафавалі Беленькага і г. д. Во ўжо прычосвае НН апошнім часам хітразачосанага. Прыйдзе час і журналісты будуць аднеквацца ад сваіх словаў і ўсяляк адмаўляцца ад свайго сэрвільства.
Паказаць усе каментары/ 29 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру