2008 год беларускі дуэт Аляксандра і Канстанцін сустрэў на замежных гастролях. 31 сьнежня артысты павіншавалі з Новым годам жыхароў Баўгарыі са сцэны, усталяванай на цэнтральным пляцы Варны . Для дуэта гэтая паездка ў Баўгарыю з канцэртамі ўжо ня першая. Паўтара году таму музыкі выступілі на міжнародным конкурсе «Discovery 2006» і атрымалі другую прэмію гэтага фэсту.

Навагодні канцэрт праходзіў пры шматтысячнай аўдыторыі. Пасьля шыкоўнага сьвяточнага фаервэрку пачалася музычная праграма, якая доўжылася да 5 раніцы. Былі запрошаныя ўсе зоркі Баўгарыі, а таксама выканаўцы з Румыніі і ЗША. Канцэрт трансьляваўся ў жывым этэры баўгарскага тэлебачаньня.

Уражаньнямі ад навагодняга выступу падзяліўся Канстанцін Драпеза:

«Нашая праграма была разьлічаная на паўгадзіны. Мы выканалі як беларускамоўныя кампазыцыі, так і песьні на ангельскай мове. Прыемна было бачыць, што слухачам зразумелая наша мова. Дзіўна, але менавіта падчас нашага выступу пайшоў дождж, хоць нішто гэтага не прадвесьціла. Уражаньняў шмат, мы ж упершыню сустрэлі Новы год не на роднай зямлі».

Не абыйшлося і безь неспадзяванак. У мінулую паездку ў Канстанціна скралі гаманец. У гэты раз артыстам прыйшлося затрымацца на некалькі дзён з‑за нялётнага надвор’я:

«Гэта была сапраўдная стыхійная бядота — наймацнейшы сьнегапад і вецер, — распавядае Канастанцін, — Мы змушаныя былі вяртацца дахаты праз Бургас і Вену і правесьці цэлых 15 гадзінаў у аэрапорце. Тым ня менш, мы не засмуціліся, а паставіліся да гэтага як да навагодняй прыгоды. У гэтыя дні мы пасьпелі даць два дадатковыя канцэрты».

Музыкі адзначаюць, што на гэтым іх супрацоўніцтва з баўгарскім бокам не сканчаецца. Беларускаму дуэту паступіла некалькі пэрспэктыўных прапановаў, якія будуць рэалізаваныя ўвесну. А пакуль, па вяртаньні дахаты, Аляксандра і Канстанцін рыхтуюцца да выпуску на лэйбле West Records свайго першага канцэртнага DVD.

Тузін Гітоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0