Расія ў выпадку неабходнасці разгледзіць магчымасць выдзялення фінансавай дапамогі Беларусі.
Аб гэтым заявіў міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў.»У выпадку крайняй неабходнасці мы гатовы разгледзець іх просьбу аб дапамозе», — прыводзіць агенцтва ТАСС словы Сілуанава, сказаныя ў інтэрв`ю амерыканскай тэлекампаніі CNBC.
Пры гэтым Сілуанаў дадаў, што эканоміка Беларусі «цесна звязана» з расійскай.
«Цяпер мы вывучаем сітуацыю разам з нашымі беларускімі калегамі. Мы аналізуем усе фактары, якія аказваюць уздзеянне на эканамічную сітуацыю ў абедзвюх краінах, у прыватнасці санкцыі і падзенне цэн на нафту. Цяпер мы вядзем перамовы», — адзначыў Сілуанаў.
Нагадаем, аб магчымай фінансавай дапамозе Беларусі з боку Расійскай Федэрацыі заявіў 29 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску Аляксандр Лукашэнка.
Адказваючы на пытанне аб гэтым, ён, у прыватнасці, сказаў: «Нам не хацелася б больш браць крэдытаў. Але я маю цвёрдыя дамоўленасці з прэзідэнтам і прэм`ер-міністрам: калі нам будзе цяжка, вельмі будзе цяжка — Расія плячо падставіць. Я працытаваў Пуціна».
Дапаможа Расія, паводле слоў Лукашэнкі, «не таму, што мы нахлебнікі, а таму, што, давайце шчыра казаць, наша эканоміка — частка расійскай эканомікі». «Мы спажываем у іх велізарную колькасць рэсурсаў, купляем на 30 мільярдаў долараў па імпарце ў тавараабароце… Мы купляем у іх камплектуючыя, даем ім працу, ствараем гатовы прадукт і палову прадаем у Расійскай Федэрацыі. Гэта выгадна для Расіі? Выгадна. Таму нікуды не дзенешся — трэба падтрымаць, калі гэта будзе неабходна. Але мне не хацелася б закрэдытоўвацца і далей».
Лукашэнка расказаў аб магчымасці атрымання чацвёртага транша крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС і аб тым, што «мільёнаў 500 Расія нам дакладна паабяцала ў мінулым годзе, што яны з бюджэту могуць выдзеліць».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь чакае няпросты год, у тым ліку ў плане пагашэння даўгоў. У 2015 годзе дзяржаве прыйдзецца пагасіць каля 4 млрд. долараў ЗША па знешнім доўгу. Разам з тым Лукашэнка ўпэўнены ў здольнасці краіны поўнасцю разлічыцца па даўгах.