«Беларусь можа рэструктураваць свой доўг», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка ў час штогадовай прэс-канферэнцыі ў чацвер. Імаверна, ён проста не ўсведамляў розніцы між словамі «рэструктураваць» і «рэфінансаваць». Спалоханыя інвестары кінуліся збываць беларускія бонды. Цягам гадзіны цана беларускіх аблігацый упала на 20—30%, паведамляе Financial Times.

Цана аблігацый на $1 млрд з пагашэннем у бягучым годзе абвалілася, а даходнасць ўзляцела да 46,8% з 14% напярэдадні. Даходнасць аблігацый на $800 млн з пагашэннем у 2018 годзе вырасла да 19,5% з 12,4%.

Устрывожаныя фінансісты скантактаваліся з дарадцамі Лукашэнкі, якія перадалі яму запіску з просьбай тэрмінова выправіцца. Лукашэнка спецыяльна вярнуўся да тэмы і ўдакладніў, што меў на ўвазе простае рэфінансаванне доўгу. Беларусь разлічвае на расійскі крэдыт на гэтыя мэты.

Рынкі скарэктаваліся, але даходнасць усё адно засталася на смеццевых узроўнях. Па стане на 14.00 пятніцы даходнасць бондаў 2015 года складала 24,46%, 2018 года — 16,88%. Гэта больш, чым у пераддэфолтнай Грэцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?