Тэракт у рэдакцыі французскага часопіса Charlie Hebdo прымусіў увесь свет яшчэ раз задумацца аб талерантнасці, а цемнаскуры беларускі мастак і музыка Андрусь Такінданг прысвяціў гэтай страшнай падзеі песню, якая прызывае да ўзаемапаразумення. Мы выправіліся да яго на кухню, каб пагаварыць аб талерантнасці ў межах нашага горада. Суразмоўца расказаў, чаму ён будзе сумаваць па бары ўніверсама «Цэнтральны», пра свае адносіны з РНЕ і пра тое, чаму людзі хочуць быць Сяргеямі Міхалкамі.
«Ніхто, акрамя мяне самога, не есць маю фірменную страву»
Андрусь нарадзіўся ў сям'і беларускі і жыхара Чада, які прыехаў у БССР на вучобу. Зараз жа Такінданг жыве ў двухпакаёўцы ў пасёлку Сокал пад Мінскам ужо каля трох гадоў. Кажа, што рамонт на кухні паступова зрабілі адразу пасля засялення.
– Гэты гарнітур мы не рабілі пад заказ, а проста набылі ў краме. Тры гады таму ён каштаваў дзесьці мільёнаў сем, аднак зараз заблытаешся лічыць, колькі гэта было на той момант у доларах.
Кухня суразмоўцы даволі вялікая, што дазваляе яму прымаць тут шмат сяброў і знаёмых. Праўда, ніхто з іх асабліва не просіць прыгатаваць Андруся яго фірменную страву – смажаную рыбу.
– Я амаль заўсёды ем яе адзін, бо іншым здаецца, што там занадта прыпраў. Але мне падабаецца менавіта такая ежа.
«Кожны павінен прайсці перыяд бара ўніверсама «Цэнтральны»
Андрусь кажа, яму падабаецца завітваць у розныя кавярні і рэстараны, але гэта больш тычыцца замежжа, бо ў Мінску ён ходзіць у звыклыя месцы.
– Раней я вадзіў усіх сваіх замежных гасцей у «Васількі», аднак мне расказалі, што пасля хакея там паднялі цэны, і я больш туды не завітваў.
Таксама больш не ходзіць Андрусь і ў легендарны бар універсама «Цэнтральны», дзе раней ён быў частым госцем. Кажа, што ўжо не той узрост, каб тусавацца з нефармаламі.
– Я лічу, што кожны павінен прайсці перыяд «Цэнтральнага», але не затрымлівацца там надоўга, бо гэта небяспечна для здароўя і жыццёвых перспектыў.
– Сталінскі ампір, савецкія касіркі і маргіналы ствараюць яго характар як частку аблічча горада. Гэтага аблічча нам не хапае, і мае замежныя сябры заўсёды вельмі цікавяцца гэтым месцам, бо такога больш нідзе няма. Але я ім кажу: «Калі што, хлопцы, без мяне». Пакуль што мне слабо, але, можа, час павернецца так, што пайду і ў «Цэнтральны».Нягледзячы на гэта, суразмоўца шкадуе, што новы ўладальнік крамы вось-вось можа прыкрыць легендарны мінскі бар. Ён кажа, што гэта месца мае свой яркі характар.
«Толькі ў «Чабурэчнай» можна сустрэць дырэктараў з Оршы, якія п'юць за ВКЛ»
А вось па «Старому Менску», які зараз ператварыўся ў Brew Bar Minsk, Андрусь сумаваць не будзе. Кажа, што там яму падабаліся толькі жывыя выступленні музыкаў на вуліцы, а за падобным інтэр'ерам ён можа завітаць і ў «Лондан».
– Таксама нядаўна я адкрыў для сябе кафэ «Стары горад» у Траецкім. Там вельмі смачная беларуская ежа з цікавымі назвамі, напрыклад «Каханка як маланка», «Вечарэла– душу грэла»… І табе прыносяць патэльню ўсяго-ўсяго па вельмі дэмакратычнай цане. Да таго ж там і піва таннае.
Яшчэ адно месца з танным півам, пра якое расказвае Андрусь, гэта «Чабурэчная» на рагу праспекта Незалежнасці і Валадарскага. Там, кажа суразмоўца, у адрозненне ад «Лондана» ці «Старога Менска», можна сустрэць абсалютна розную публіку.
– Аднойчы я зайшоў туды з'есці чабурэк с куфалем піва, а за суседнім сталом пілі гарэлку мужчыны з вусамі ў гарнітурах. І калі я сабраўся сыходзіць, то яны мяне падазвалі і кажуць: «О, ты же тот чувак из телевизора, давай с нами!» (Такінданг нейкі час быў вядучым перадачы пра беларускую мову на тэлебачанні. – TUT.BY). Бяруць яшчэ пузыр гарэлкі, ад якой я адмаўляюся, і расказваюць, што яны дырэктары нейкіх там камбінатаў з Оршы.
Пакуль Андрусь адмаўляўся ад чаркі, мужчыны расказвалі яму пра вучобу, пра тое, як добра было ў СССР і чаму капіталісты такія дрэнныя.
– Я ўжо сябе ледзь стрымліваў, і тут яны падымаюць келіхі і кажуць: «Ну, давайце вып'ем за нашу агульную радзіму, за ВКЛ!» Я, шчыра кажучы, быў у культурным шоку, але менавіта такія размовы могуць узнікаць толькі ў «Чабурэчнай».
Нейкіх сваіх нелюбімых кафэ ў Мінску Такінданг назваць не можа. Кажа толькі тое, што ўсе нашы кавярні саступаюць украінскім, польскім ды літоўскім па суадносінах «кошт –якасць».
– Але, як мне казалі людзі, якія займаюцца рэстаранным бізнэсам, калі у нас рабіць усё па законе, тады сабе нічога не застанецца. Не будзе тады прыбытку ад бізнэсу. Таму я стаўлюся да гэтага з разуменнем.
«РНЕшнікі крычалі, каб «ехал в свою страну», а куды ж я паеду?»
А вось разумеюць Андруся далёка не ва ўсіх мінскіх кавярнях: хоць гэтага становіцца менш, аднак і сёння дзе-нідзе трэба тлумачыць афіцыянту, што такое «рахунак».
– Але ўвогуле я не адчуваю нейкага непаразумення ў горадзе, таму што, напэўна, усе мае знаёмыя добра ведаюць беларускую мову.
З непаразуменнем у Мінску Такінданг часцей сутыкаўся раней, і яно пралягала зусім не ў моўнай прасторы. Колер скуры суразмоўцы ў 90-я яшчэ выклікаў пытанні на вуліцах горада.
– Я памятаю, што каля кіёскаў стаялі людзі, якія адбіралі грошы, а наводдаль іх кантралявалі «смотрящие» гадоў сарака. Дык вось, грошы ў мяне ніхто не адбіраў, бо я малы быў, а за колер скуры прэсануць маглі. Падыходзілі са словамі: «Эй, ты что, черный, что ли?» - і нá табе!
Узгадвае ён таксама, як тады ў Мінску даволі актыўна сябе паводзіла РНЕ. Асабліва яно квітнела, па словах Андруся, ва Уруччы.
– Ідзеш, а табе крычаць: «Едь в свою страну!», а ты думаеш: а куды ж мне ехаць, калі гэта мая краіна?..
«Аднойчы ад бойкі ўратавала беларуская мова»
Андрусь кажа, што не толькі каля дома на Усходзе, але і «на Кастрычніцкай можна было атрымаць у галаву»: «РНЕшнікі працавалі заўсёды па адным сцэнарыі і ў цэнтры».
– Яны абступалі цябе паўколам, а на размову засылалі самага малога і кволага, якога ты, па ідэі, мусіш ударыць. А калі ты гэта зробіш, то астатнія бягуць яго бараніць і цябе ўкатваюць. Але заўсёды мы з імі неяк разыходзіліся мірам, а аднойчы я зацягнуў гутарку да таго моманту, пакуль не падышоў патруль і не забраў гэтых хлопцаў.
А аднойчы ад бойкі Андруся ўратавала беларуская мова. Гэта было на алеі па вуліцы Леніна ўздоўж Нацбанка, дзе Такінданг вечарам сядзеў у кампаніі дзяўчынак.
– Але там былі ўжо не РНЕшнікі, а проста нейкія фашысты, якія пачалі гучна абмяркоўваць, як яны мяне будуць забіваць: нажы там, усе справы. І калі да меня прыйшоў іх рэпрэзентант, то я загаварыў на мове, і ён кажа: «О, ты по-белорусски говоришь. Я вот тоже в рыцарском клубе занимаюсь, так люблю рыцарей, мне так стыдно».
«У 90-я здавалася, што мы вось-вось дасягнем свабоды»
Андрусь кажа, што калі не баяцца, то ўсё можна было вырашыць словамі. Тым больш у 90-я ў Мінску было і шмат пазітыўнага.
– Былі дазволеныя канцэрты N.R.M. на вуліцы, дзе сабіраліся тысячы чалавек. Ды і ўвогуле ў горадзе віравала кантрастнае рокерскае жыццё. У той час вокліч «Жыве Беларусь» не быў банальным, як зараз, а здавалася, што вось-вось мы дасягнем свабоды.
Па словах Такінданга, тады не толькі ён быў юнаком, але і ўсё грамадства было юным. Зараз жа, кажа суразмоўца, усе пасталелі.
– Тады ўсё было па-рокерску, а зараз усё больш модна. Вы паглядзіце на гэтых людзей з бародамі, з прычоскамі. Мінчукі зараз ужо больш замежнікі па выглядзе, чым самі замежнікі.
«Я напісаў песню пра «Шарлі», бо спужаўся цывілізацыйнай вайны іслама і хрысціянства»
Натуральна, што зараз ужо ніхто не мае пытанняў да колеру скуры Андруся, бо Беларусь становіцца больш цывілізаванай і талерантнай. Яшчэ ж раз задумацца пра талерантнасць увесь свет падштурхнуў тэракт у рэдакцыі французскага часопіса Charlie Hebdo, які маляваў карыкатуры на прарока Мухамеда.
Гэтаму жахліваму выпадку Андрусь прысвяціў невялічкую песеньку, якая заканчваецца словамі: «Мы да зорак ляцім, што ж сварыцца дарма. Толькі кулі ніколі не вернеш назад…»
– Я напісаў яе таму, што спалохаўся цывілізацыйнага супрацьстаяння ісламу і хрысціянскага свету. Гэта страшна, калі ў Еўропе адбываецца такое жорсткае забойства з-за рэлігійных цёрак, і хочацца сказаць: «Людзі, не спяшайцеся забіваць адзін аднаго». І калі я спяваў пра «Шарлі», то заўсёды думаў і пра Украіну.
Адносна сітуацыі ў Францыі Такінданг кажа, што хоць яму і не падабаюцца тыя карыкатуры, ён выступае за рэлігійныя дыспуты, а не за вайну. Аднак паколькі редакцыя часопіса не прадстаўляла ніякай рэлігіі, то ўсе пытанні, упэўнены суразмоўца, можна вырашыць у судзе.
– Можна было б звярнуцца і да больш прафесійнага мастака, які б зрабіў карыкатуру на «Шарлі», а не звяртацца да аўтамата Калашнікава. А ўвогуле, праблема ў тым, што людзі маюць нізкую рэлігійную адукацыю. Рэлігія – гэта ж цэлы свет філасофіі, але замест таго, каб размаўляць з Богам і адукоўвацца, людзі чамусьці бяруцца за камень.
«Трэба больш укладваць у духоўнае – яно не дэвальвуецца»
Андрусь піша кароткія сацыяльныя песенькі і пра беларускія падзеі. Кажа, ніколі не думаў, што будзе такім займацца, але зараз у нас амаль кожны тыдзень з'яўляецца навіна, якая хвалюе. Напрыклад, Такінданг спеў і пра сітуацыю з валютай, якая суправаджалася чэргамі за тэлевізарамі і іншай тэхнікай.
– Наш чалавек ужо не спадзяецца на стабільнасць свайго рубля, на абяцанкі ўлады, а спадзяецца толькі на хуткасць сваіх ног. Так нас выхавалі абставіны, што калі мы не паспеем, нас развядуць. І гэта абсалютна нармальная якасць, толькі не варта адзін аднаго душыць у чэргах.
Сам жа Такінданг кажа, што не такі мудры, як суайчыннікі, бо пакуль ён дабраўся да «Карона-Тэхна», то паліцы былі ўжо напалову пустыя.
– Аднак трэба разумець, што ўсяго не купіш і ўсё роўна не абдурыш ні крызісы гэтыя, ні дзяржаву. Нам трэба, можа, крышку больш укладваць у духоўнае, а не матэрыяльнае. Духоўнае – яно не дэвальвуецца.
«Шмат мінчукоў клянуць сваю працу і хочуць стаць Сяргеем Міхалком»
Андрусь нагадвае, што ўсе гэтыя чэргі ўзяліся ў тым ліку з-за недаверу да ўлады. Аднак, па словах суразмоўцы, у нас даволі шмат людзей, якія маўчаць. Пра іх ён таксама напісаў песню з назвай «Быць Сяргеем Міхалком – быць сапраўдным мужыком».
– Я маю шмат знаёмых, якія спачуваюць, але на сваёй працы не могуць раскрыцца як беларусы, не могуць гаварыць на мове. Ёсць і такія знаёмыя службоўцы, якія клянуць сваю працу, хочуць быць рокерамі, Сяргеямі Міхалкамі, але яны не могуць імі стаць з-за абставін.
І гэтыя абставіны, па словах Андруся, зусім не абавязкова звязаныя з палітыкай: ён кажа як пра прыніжэнне з боку кіраўніка, так і пра бессэнсоўнасць працы.
– Мне знаёмы выкладчык з iнстытута культуры расказаў, што ў іх увялі прапускную сістэму, як на заводзе, з карткамі, якія фіксуюць час прыхода і адыхода з працы. Ды толькі лекцыі ў іх ідуць крыху меней, чым звычайны працоўны дзень, і каб не атрымаць вымову, яны проста там прасіжваюць месца. А калі вымова – то адразу звальненне з воўчым білетам… Канешне, у такой сітуацыі будзе хацецца стаць рокерам.
Сам Андрусь займаецца тым, што падабаецца: грае у гуртах «Рэха» і «Гаротніца», а таксама малюе карціны. Праўда, яго выстава зараз праходзіць у польскім Вроцлаве, а не родным Мінску, бо «ў нас для гэтага трэба значна больш намаганняў». Але ад гэтага Такінданг не стаў любіць свой горад меней.
– Я да гэтага горада прырос і адчуваю рэзананс з ім. Толькі ў гэтым горадзе я магу выйсці на шпацыр і сустрэць безліч знаёмых.