У Мінску на перыяд выканання работ па пераносе інжынерных сетак у сувязі з будаўніцтвам 3-й лініі метрапалітэна і закрыццём трамвайнага руху па вул. Ульянаўскай і Бабруйскай з 1 лютага 2015 г. да заканчэння работ (прыкладна да 10 чэрвеня 2015) адмяняецца праца трамвайных маршрутаў №№ 1, 2, 4, 7.

Пра гэта паведамілі ў дзяржаўнай установе «Сталічны транспарт і сувязь».

У мэтах кампенсацыі знятага трамвайнага руху арганізуецца работа часовага аўтобуснага маршруту №901 «ДС Дружная - З. Бядулі» з рухам па вул. Талстога, пл. Мяснікова, вул. Бабруйскай, Ульянаўскай, Першамайскай, З. Бядулі ў прамым кірунку, па вул. З. Бядулі, Казлова, Платонава, Чапаева, Першамайскай, Ульянаўскай, Бабруйскай, Талстога — у зваротным кірунку. Інтэрвалы руху аўтобуса ў гадзіны пік складуць 3-4 хвіліны, у міжпікавы час і па выхадных днях — 6-7 хвілін.

Адначасова прадугледжана істотнае павелічэнне колькасці рухомага саставу на трамвайных маршрутах №№ 3, 6, 11. Трамвайны маршрут №11 часова пераводзіцца на паўнадзённы і штодзённы рэжым працы. Здзейсніць перасадку на трамваі №№ 3, 6 можна на прыпыначных пунктах «З. Бядулі», «Берасцянская», «Платонава».

Ва установе «Сталічны транспарт і сувязь» звяртаюць увагу, што пасажырам трэба ўлічваць дадзеную інфармацыю пры планаванні набыцця праязных білетаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0