У Браслаўскiм раёне 80‑гадовая старая прымусiла рэцiравацца з месца злачынства двух 20‑гадовых злачынцаў, расказалi ў аддзяленнi грамадскiх сувязяў i iнфармацыi УУС Вiцебскага аблвыканкама.
Двое грабежнiкаў уварвалiся ў незачынены дом адзiнокай пенсiянеркi, спадзеючыся знайсцi схаваныя ёю грошы. Аднак звязаць сваю ахвяру i закрыць ёй рот, як прадугледжваў зладзейскi план, не ўдалося. Зацятае супрацiўленне жанчыны разам з гучным крыкам зрабiлi сваю справу: своечасова падаспелi суседзi, а злачынцы ўцяклi з месца злачынства.
Устанавiць iх асобы ўдалося даволi хутка, i цяпер супраць iх узбуджана крымiнальная справа. Супрацоўнiкi мiлiцыi ўсё ж папярэджваюць, што адзiнокiм людзям сталага ўзросту варта быць асаблiва прадбачлiвымi, не расказваць аб сваiх зберажэннях чужым людзям i зачыняць дзверы.