Збор капусты ў Альшанах. Фота Сяргея Гудзіліна.

Збор капусты ў Альшанах. Фота Сяргея Гудзіліна.

Пасля публікацыі артыкула «Альшанскі цуд: вёска, якая абвергла Марксa», сітуацыяй з мясцовымі фермерамі зацікавіўся былы дэпутат Вярхоўнага Савета Віктар Алампіеў. Ён звярнуўся ў Камітэт дзяржкантролю з просьбай разабрацца з праблемай выдзялення зямлі фермерам і будаўніцтве лагістычнага цэнтра. Алампіеў атрымаў адказ.

«Трэба адзначыць, што ў названым рэгіёне сапраўды існуе праблема забеспячэння насельніцтва зямельнымі надзеламі для вядзення гаспадаркі. Камітэт дзяржкантролю разбіраўся з гэткай праблемай яшчэ ў 2011 годзе. І вывучалася пытанне пра магчымасці выдзялення дадатковых зямельных надзелаў некаторым фермерскім гаспадаркам, створаным у наваколлі г. Давыд-Гарадка, аг. Альшаны і іншых бліжэйшых населеных пунктах за лік канфіскацыі зямлі ў сяльгасарганізацый».

«Было ўстаноўлена, што, найперш, праблема абумоўлена высокай шчыльнасцю насельніцтва ў названай мясцовасці, дзе не толькі фермеры, але і многія гараджане для вядзення прыватнай гаспадаркі жадаюць пашырыць зямельныя надзелы звыш устаноўленых памераў (у сярэднім па Столінскім раёне памер надзелаў грамадзян складае ад 0,25 га да 1,0 га)».

На тэрыторыі Альшанскага сельвыканкама пражывае каля 8,7 тысяч чалавек, у іх карыстанні, паводле КДК, 1,4 тысяч га зямлі сяльгаспрызначэння. Там налічваецца 22 фермерскія гаспадаркі, якія выкарыстоўваюць 1,14 тысяч га зямлі.

«Таксама варта адзначыць, што на тэрыторыі названага сельвыканкама штогод рэгіструецца каля 80 шлюбаў, у сувязі з чым патрабуецца дадаткова выключаць для зноў створаных маладых сем’яў з грамадскага сяльгасабароту да 25 га зямлі».

Альшаны і Давыд-Гарадок размешчаны на тэрыторыі двух сельскагаспадарчых кааператываў — «Новая Прыпяць» і «Палеская ніва», «якія стабільна развіваюцца і дзе працуе больш за 1000 чалавек».

І прыводзіцца статыстыка: у 2014 «Новая Прыпяць» і «Палеская ніва» атрымалі ўраджайнасць зерня 50,1 ц/га і 54,6 ц/га адпаведна (у сярэднім па Столінскім раёне 41,5 ц/га). Са студзеня 2012 па кастрычнік 2014 у «Новай Прыпяці» павялічылася на 20,9% колькасць буйной рагатай скаціны (да 7,3 тысяч галоў), у «Палескай ніве» — на 9,5% (да 5,6 тысяч галоў). За 10 месяцаў 2014 выраблена 8044 тоны малака і 741 тона мяса («Новая Прыпяць»), 7994 тоны малака і 737 тон мяса («Палеская ніва»). За 9 месяцаў 2014 «Новая Прыпяць» атрымала чыстага прыбытку 7 мільярдаў рублёў, «Палеская ніва» — 14 мільярдаў рублёў.

Таму раённыя чыноўнікі яшчэ ў 2009 вырашылі выдзяляць зямлю для развіцця фермерскіх гаспадарак у заходняй частцы Столінскага раёна.

Для фермерскай гаспадаркі Столінскі райвыканкама прапаноўваў фермерам узяць у арэнду альбо выкупіць адно з сяльгаспрадпрыемстваў раёна. Адмовіліся.

«Што тычыцца невыкання даручэння кіраўніка дзяржавы аб будаўніцтве ў аг. Альшаны лагістычнага цэнтра, то кіраўнік дзяржавы рэзалюцыяй ад 15.01.2013 пагадзіўся з меркаваннем урада і Брэсцкага аблвыканкама аб немэтазгоднасці яго будаўніцтва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?