Суд над Анатолем Лябедзькам і іншымі удзельнікамі акцыі з журналістамі Charlie Hebdo, прызначаны на 4 лютага, адменены.

«Паводле інфармацыі, прадстаўленай Мінскім гарадскім судом, паведамляем, што матэрыялы адміністрацыйных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў акцыі 11 студзеня каля амбасады Францыі, накіраваныя ў РУУС для ліквідацыі выяўленых недахопаў. Судовае пасяджэнне, раней прызначанае на 4 лютага 2015 года судом Цэнтральнага раёна, не адбудзецца», — паведамляецца на сайце Вярхоўнага суда Беларусі.

Нагадаем, што 11 студзеня чатыры чалавекі, сярод якіх былі Анатоль Лябедзька і Паўлюк Канавальчык, зладзілі ля пасольства Францыі ў Мінску акцыю салідарнасці з французскімі журналістамі, забітымі падчас нападу радыкальных ісламістаў на рэдакцыю сатырычнага штотыднёвіка Charlie Hebdo. Лябедзька і іншыя стаялі ля пасольства з таблічкамі Je suis Charlie. У гэты ж дзень у Парыжы прайшоў Марш міру, які сабраў многіх палітычных лідараў пад тым самым лозунгам. Беларусь на маршы прадстаўляў пасол Павал Латушка.

Праз некаторы час на ўдзельнікаў мінскай акцыі былі складзены адміністрацыйныя пратаколы — пікетоўцы парушылі парадак правядзення масавых акцый. 4 лютага мусілі адбыцца суды.

Аднак падчас прэс-канферэнцыі Лукашэнкі для беларускіх СМІ 29 студзеня журналістка Бі-Бі-Сі Таццяна Мельнічук спытала пра лёс пікетоўцаў. Лукашэнка даручыў старшыні Адміністрацыі прэзідэнта Косінцу разабрацца з сітуацыяй, бо не палічыў выхад чатырох чалавек на акцыю «праблемай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?