Ніводная кніга не аказала такога глыбокага і значнага ўплыву на развіццё чалавечай культуры, мысленне і сістэму каштоўнасцяў, як Біблія.

Біблія складаецца з двух частак: Старога і Новага Законаў. Стары Закон напісаны часткай на старажытнагабрэйскай мове, а часткай – на арамейскай мове. Новы Закон напісаны на кайнэ — старажытнай грэчаскай мове, якая тады служыла мовай зносін у Міжземнамор'і.

Пераклады Бібліі рабіліся з даўніх часоў. Самыя вядомыя пераклады — гэта Септуагінта і Вульгата. Септуагінта, або пераклад на грэчаскую мову сямідзесяці талкоўнікаў, зроблены недзе ў III—II стагоддзях да н.э. Існуе легенда, нібыта гэты пераклад рабілі адначасова 72 старыя дасведчаныя перакладчыкі, якія сядзелі па адным, не кантактуючы з другімі. Яны адначасова закончылі працу, і пераклады іх супадалі слова ў слова. Вульгата — пераклад Бібліі на тагачасную лаціну — зрабіў у 382 годзе Іеранім Стрыдонскі. Пасля шматгадовай працы у 1979 годзе з'явілася Новая Вульгата — удакладнены пераклад на латынь. У 405 годзе Месроп Маштоц скончыў пераклад Бібліі на армянскую мову. Пераклад Кірыла і Мяфодзія на стараславянскую мову з'явіўся ў IX стагоддзі, у XVI — пераклады Марціна Лютэра на нямецкую і палачаніна Францішка Скарыны на старабеларускую. Шмат людзей нястомна працавалі, перакладаючы Святое Пісьмо на свае мовы. Адным з такіх людзей быў фін Мікаэль Агрыкала.

wikipedia.org

wikipedia.org

Мікаэль Олафсан Агрыкала нарадзіўся ў вёсцы Торнбю прыкладна ў 1510 годзе ў сям’і заможнага селяніна. Таму і атрымаў падчас вучобы прозвішча Агрыкала (Agricola), што па-латыні азначае «земляроб».

Агрыкала вырас у мяцовасці, дзе былі шырока распаўсюджаныя дзве мовы — шведская ды фінская, а таму хлопчык валодаў і той, і другой. У Выбаргу ён вывучыў лаціну — мову тагачаснай каталіцкай царквы і навукі. Пасля выбаргскай школы Мікаэля паслалі у горад Аба (Åbo), які быў у той час сталіцай Фінляндыі. Там ён служыў сакратаром у каталіцкага біскупа Марціна Шутэ.

У 1523 годзе каралём Швецыі стаў Густаў І Ваза. Новы кароль пачаў умацоўваць сваю ўладу рашуча і бязлітасна. Дзеля таго ён падтрымаў Рэфармацыю, якая распаўсюдзілася па ўсёй Паўночнай Еўропе. Кароль Густаў Ваза памяняў у сваім каралеўстве каталіцкае веравызнанне на лютэранскае. Ён парваў усялякія зносіны з Ватыканам, пазбавіў улады ўсіх каталіцкіх біскупаў, канфіскаваў царкоўную маёмасць, а сябе абвясціў вышэйшым іерархам новай шведскай царквы. З таго часу ўсе біскупы ды іншыя высокія царкоўныя чыны назначаліся каралём, і толькі каралём, а гэта значыць ператвараліся ў простых дзяржаўных чыноўнікаў, падуладных каралю. Лютэранства і дагэтуль застаецца асноўнай рэлігіяй у Швецыі і ў Фінляндыі, якая тады была правінцыяй Шведскага каралеўства.

Пратэстанты выступалі за тое, каб богаслужэнні вяліся на даступнай ім мове. Таму ў 1526 годзе Новы Запавет быў перакладзены і надрукаваны на шведскай мове. У Фінляндыі ж абставіны былі зусім не тыя, што ў метраполіі. Цікавасць да перакладу Бібліі на фінскую мову была амаль нулявая. Прычына крылася ў тым, што ніякай літаратуры на фінскай мове не было.

Да сярэдзіны XVI стагоддзя па-фінску было толькі некалькі каталіцкіх малітваў. Пераклад Святога Пісьма на фінскую мову быў незвычайна складанай задачай і патрабаваў стварэння новых словаформ, новых слоў і выразаў для пісьмовай фінскай мовы, а такой не існавала наогул. Не распрацаваныя былі ні граматыка, ні правапіс. Мовай літаратуры, дакументацыі, а цяпер і царквы, была шведская мова, незразумелая пераважнай большасці насельніцтва, бо надта далёка стаяць адна ад адной гэтыя дзве мовы. Вось у такіх умовах, калі ўсё трэба было пачынаць на голым месцы, вынаходзіць ды ўстанаўліваць правілы, Агрыкала пачаў свой пераклад Бібліі на фінскую мову.

У 1536 годзе біскуп Марцін Шутэ паслаў яго ў Вітэнберг дзеля навучання лютэранскаму багаслоўю і мовам, бо тады Вітэнберг быў сталіцай Рэфармацыі — там жа Марцін Лютэр прыбіў да дзвярэй каталіцкага сабора свае 95 тэзаў, якія і сталі асновай пратэстантызму. Там Агрыкала працягваў сваю вялізную працу.

У 1537 годзе ён пісаў шведскаму каралю: «Пакуль Бог кіруе маім навучаннем, я пастараюся працягваць тую справу, якую некалі пачаў, і перакладу Новы Запавет на мову фінскага народа». У Швецыю ён вярнуўся з выдатнымі водгукамі і рэкамендацыямі пачынальнікаў ды ідэолагаў Рэфармацыі: Лютэра і Меланхтона.

Пасля вяртання на радзіму Агрыкала стаў рэктарам школы пры кафедральным саборы ў Аба (сучасн. фінск. Турку).

Перакладаць Біблію — праца цяжкая і няўдзячная. Нават Лютэр у роспачы казаў: «Як гэта цяжка і стамляе — прымусіць старажытных яўрэяў загаварыць па-нямецку!» Па шчасці, Агрыкала меў магчымасць карыстацца і іншымі перакладамі Святога Пісання. Але самай вялікай цяжкасцю і перашкодай стала сама фінская мова. На такой адносна невялікай тэрыторыі існавалі тады, ды існуюць і зараз, некалькі вельмі розных і адрозных адзін ад аднаго дыялектаў фінскай мовы. Агрыкала пачаў падбіраць з іх розныя словы і запісваць іх вымаўленне. Напэўна, гэта ён першым увёў у фінскую мову такія словы як «урад», «крывадушнік», «рукапіс», «войска», «узор», «перапісчык». Ён ствараў словы, ствараў вытворныя славаформы, запазычваў словы з іншых моваў, галоўным чынам са шведскай ці праз шведскую, напрыклад: enkeli — анёлак, historia — гісторыя, lamppu — лямпа, marttyyri – пакутнік ды шмат іншых. Потым фінскія лексікографы стварылі слоўнік мовы Агрыкалы.

Нарэшце ў 1548 годзе выйшла першая частка Бібліі ў перакладзе Мікаэля Агрыкалы — Новы Закон. Магчыма, што пераклад быў скончаны на пяць гадоў раней гэтай даты, але грошай на выданне не было. Цалкам верагодна, што Агрыкала сам часткова аплаціў гэты фінскі першадрук. Праз тры гады выдалі Псалмы Давыдавы, над перакладам якіх Агрыкала працаваў з другімі перакладчыкамі. Ён працаваў над перакладам кніг Майсея ды Прарокаў.

Але фіны шануюць Агрыкалу не толькі за ягоную працу на ніве багаслоўя. Мікаэль Агрыкала сапраўды з'яўляецца Настаўнікам фінскага народа, таму што яшчэ ў 1542 годзе склаў і выдаў першы фінскі лемантар — «ABC-kirja». З 1550 года і да скону ў 1557 годзе ён быў біскупам Аба (Турку). У 1557 годзе Мікаэль Агрыкала разам з пасольствам шведскага караля пабываў у Масковіі. На зваротным шляху ён захварэў і памёр у вёсцы Уусікірко (суч. Паляны) непадалёку ад Выбарга. Да 1917 года ў Выбаргу стаяў помнік Вялікаму Настаўніку фінскага народа. Потым, вядома ж, рэвалюцыянеры яго знішчылі. Любая рэвалюцыя змагаецца ў першую чаргу з безабароннымі помнікамі.

Помнік на месцы, дзе памёр М. Агрыкала, peace.maripo.com

Помнік на месцы, дзе памёр М. Агрыкала, peace.maripo.com

Цяпер амаль у кожным фінскім горадзе ёсць вуліца Мікаэля Агрыкалы. У Хельсінках маецца як вуліца, так і царква Агрыкалы. Штогод 9 красавіка, у дзень, калі памёр Агрыкала, фіны святкуюць ягоны Дзень, або Дзень фінскай мовы. Паўсюдна — у дварах, над пад'ездамі, над дзяржаўнымі ўстановамі ды вайсковымі часткамі — уздымаюцца дзяржаўныя сцягі ў гонар Вялікага Настаўніка фінскага народу. Мова і яе першастваральнік — Мікаэль Агрыкала, памяць аб ім, лічацца аднымі з найважнейшых каштоўнасцяў фінскай дзяржавы. І зберажэнне іх — справа не толькі самадзейных Таварыстваў, якія, дарэчы, падтрымліваюцца і фінансуюцца дзяржавай, але і такіх дзяржаўных органаў як Міністэрства адукацыі і культуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?