На Кубе ўпершыню за апошнія пяць месяцаў з'явіліся фатаграфіі 88-гадовага былога лідара краіны Фідэля Кастра. На здымках ён паказаны падчас размовы са студэнтамі.
Дзесяць кадраў з Кастра былі апублікаваныя на сайце Cubadebate. Паводле інфармацыі агенцтва, малады чалавек на фота разам з Фідэлем — кіраўнік Кубінскага студэнцкага саюза.
Як адзначаецца, фатаграфіі былі зробленыя 23 студзеня.
Лідар кубінскай рэвалюцыі доўгі час не з'яўляўся на публіцы. Гэта дало падставу для розных чутак: некаторыя СМІ сталі пісаць пра смерць Кастра. Яго апошні апублікаваны здымак з'явіўся ў жніўні 2014 года. На ім былы кубінскі лідар размаўляе з прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласам Мадура.
Аднак чуткі пра смерць Фідэля Кастра былі абвергнутыя ў канцы студзеня, калі ён звярнуўся з лістом да кубінскіх студэнтаў. У ім ён паведаміў, што не давярае палітыцы ЗША ў дачыненні да Кубы.