03.02.2015 / 10:49

Паэт Дзмітрый Строцаў заклікаў рускую культуру ў Беларусі да свядомага «самаўмалення» дзеля адраджэння беларускасці Абмяркоўвайце!  31

«Кенозіс — задача рускамоўных у Беларусі».

У часы калі ў Расіі квітнее рускі шавінізм, рэзкім кантрастам прагучаў голас значнага рускамоўнага паэта з Беларусі Дзмітрыя Строцава. 

На «Днях рускай кнігі і рускамоўных літаратур у Парыжы» ён двойчы паўтарыў наступныя тэзісы:

«Першае, пра што сёння трэба казаць, — гэта пра кенозіс рускай мовы ў Беларусі, пра кенозіс як пра ўсвядомленую задачу, аб новай мадэлі паводзін, аб самаўмаленні рускага ў сітуацыі памежжа, у сітуацыі сустрэчы з другой моўнай стыхіяй — беларускай, — 51-гадовы Дзмітрый Строцаў пераказаў змест сваіх выступаў у сябе ў фэйсбуку. — Неабходна забыцца пра якую-кольвек барацьбу за ўплыў, аб спаборніцтве, аб праявах «мяккай» сілы.

А сіла ёсць і вось якая: у дзевяноста выпадках са ста, камунікацыя з дзецьмі і падлеткамі ў беларускіх дзіцячых садках і школах вядзецца на рускай мове, ва ўсіх вышэйшых навучальных установах выкладанне вядзецца на рускай мове, амаль у ста выпадках тэлевізійнае і радыёвяшчанне — на рускай, газеты і часопісы — амаль усе на рускай, кнігі ў кнігарнях практычна ўсе на рускай мове.

Немагчыма паўплываць на камерсантаў, якія змагаюцца за рынкі, але мы, літаратары, павінны ўсвядоміць сваю адказнасць. З нашага папушчальніцтва, з-за нашых крыўдаў беларуская мова можа раптам знікнуць у Беларусі, як ужо адбылося з ідыш, які яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя быў адной з дзяржаўных моў у Савецкай Беларусі. Неабходна саступальная камунікацыя, уважлівая сустрэча з беларускай славеснасцю, неабходна актыўна перакладаць беларускіх аўтараў на рускую, прапагандаваць беларускую літаратуру, прыцягваць беларусаў да ўдзелу ў расійскіх праектах ўсюды, дзе толькі можна.

І мы павінны дапамагчы тым расейскамоўным аўтарам Беларусі, якія яшчэ не зусім адарваліся ад каранёў, перайсці з рускай на беларускую. Гэта годна, гэта па-хрысціянску, гэта — кенозіс. Нельга скнарнічаць», — падсумоўвае Строцаў.

Дзмітрый Строцаў — паэт-метафізік, сябар Беларускага ПЭН-Цэнтра, і выдавец (выдавецтва «Вінаград»). Праваслаўны вернік, ён выдае шмат непрыбытковай беларускамоўнай праваслаўнай літаратуры.

Кенозіс — гэта тэалагічны тэрмін, які азначае ахвярнае і прыніжанае сыходжанне бога ў свет, з любові да людзей, ад грэч. κένωσις — спусташэнне.

Сам Строцаў мае расейскія карані. Па прафесіі ён архітэктар, скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Ён тата Андрэя Строцава.

Заклік Строцава да свядомага самаўмалення рускай культуры ў Беларусі, заклік да рускамоўных беларусаў вяртацца да мовы сваіх прашчураў — каштоўны маральны жэст, рэдкасны на планеце, дзе часцей адбываецца вайна культур.

Мікола Бугай

0
ХХІ / Адказаць
03.02.2015 / 10:58
Малайчына Дзіма. Заўсёды ведаў, што ён са стрыжням.
0
анон / Адказаць
03.02.2015 / 11:13
Скажите, пожалуйста, на чем разговаривали в ВКЛ и РП?
0
Назіральнік / Адказаць
03.02.2015 / 11:16
Тут трохі іншая справа: 1. Ніхто ня будзе гэтым займацца, бо пісьменнікам гэтаскама трэба жыць і яны будуць ісьці за попытам (і гэтага досыць). 2. Гэта не дапаможа, калі людзі ня будуць прыхільнымі да мовы. А калі будуць дык усё атрымаецца само сабой.
Паказаць усе каментары/ 31 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру