03.02.2015 / 14:28

«Разбуральнікі міфаў» праверылі рэалістычнасць гульняў Fruit Ninja і Doom ВІДЭА 1

Упергыню за 23 гадоў папулярнае шоу канала Discovery звярнулася да свету відэагульняў, распавядае Kotaku.

Чарговы выпуск праграмы пачаўся з праверкі рэалістычнасці культавай «стралялкі» Doom, дзе марпех можа несці адначасова ўсю наяўную ў гульні зброю — 8 «ствалоў» і бензапілу.

Для рэалізму аўтары шоу збудавалі імітацыю ўзроўню Doom, зрабілі рэплікі зброі і запрасілі актораў на ролю ворагаў.

Вядоўцы Адам і Джэймі прайшлі ўзровень спачатку ў «звычайным» рэжыме — бралі толькі па адной стрэльбе. Гэта заняла каля 6 хвілін.

Затым яны, як і герой Doom, падбіралі ўсю магчымую зброю (сумарная вага — 36 кг). Такім чынам Адам прайшоў узровень за 10 хвілін, Джэймі — за 12.

Але каб дадаць яшчэ больш рэалізму, яны папрасілі прайсці ўзровень у абодвух рэжымах футбаліста і барца Брэндана Шчаўба, які больш за іх падобны да марпеха.

Брэндан прайшоў узровень у «лёгкім» рэжыме за 4 хвіліны. «Цяжкі» рэжым з усёй амуніцыяй заняў у яго ўсяго на 3 секунды больш.

Бегаць з кучай зброі на плячах, як робіць герой Doom, даволі падобна да праўды, заключылі «Разбуральнікі міфаў».

Затым Адам паспрабаваў рассякаць на ляту садавіну японскім мячом — як у гульні Fruit Ninja.

З першай спробы ён трапіў толькі па 30 са 100, але калі папрасіў асістэнтаў устаць далей і падкідваць садавіну хутчэй, «адолеў» 55 са 100.

Геймплэй Fruit Ninja нерэалістычны, заключылі яны, але значна больш вясёлы ў рэальным жыцці.

***

«Разбуральнікі міфаў» у эфіры з 2003 года. У навукова-папулярнай праграме аўтары бяруцца за праверку гарадскіх легендаў у максімальна відовішчнай форме. Напрыклад, яны правяралі, ці можна голасам разбіць шкло альбо ці можна ўратавацца з машыны, што патанула ў вадзе.

Аляксандр Арсёнаў

0
Серж / Адказаць
03.02.2015 / 15:40
в фильме было круче https://www.youtube.com/watch?v=-dMA8NmdyW4&feature=player_detailpage#t=8
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру