Феномен! Ёсць у «Нашай Нівы» адзін чытач, які часта звоніць у Рэдакцыю і гаворыць вершамі. Вось не паверыце! Як нейкі старадаўні скальд! Бывае, паўгадзіны гаворым — а ён усё рыфмамі.

Як мы здзівіліся, калі аказалася, што Анатоль Кісель з вёскі Обчын Любанскага раёна — інвалід першай групы, прыкаваны да ложка чалавек. А пры гэтым музыка, філосаф. Здаровым людзям у яго можна вучыцца радасці.

Страціўшы здароўе, Анатоль Кісель не згубіў пачуцця ўласнага гонару і, што не менш важна, — гумару.

Першы раз ён патэлефанаваў нам у Рэдакцыі ў змрочны час — у 2008-м, калі «Наша Ніва» была забароненая да падпіскі. Нам было не да жартаў, а тут звоніць чалавек і барытонам байкамі з намі гутарыць…

Анатоль Кісель каля сваёй хаты

Анатоль Кісель каля сваёй хаты

Горкі — такая вёска-вуліца, прыдатак Обчына, доўгая, як кішка. Вёска неадназначная — калі ў Обчыне ўсё даволі «стабільна», то тут вясковае жыццё ва ўсіх яго праявах: паваленыя платы побач з моцнымі цаглянымі мурамі, халупы побач з катэджыкамі. На адным падворку — не стары яшчэ «Опель». На другім — шкілет ад ровара. Карацей, уся палітра жыцця.

Каб трапіць да Анатоля, даводзіцца прайсці добры кавалак дарогі праз Горкі. Ён жыве ва ўтульным цагляным доме. На падворку — чысціня, і гэта першае, што здзіўляе. Не гэтага чакаеш ад доўгі час пазбаўленага фізічных магчымасцяў чалавека і яго старой матулі.

Аднак такая ж чысціня і ў хаце, а сам Анатоль аказваецца бадзёрым і акуратным мужчынам сярэдніх гадоў.

Яго маці, 78-гадовая Ева Цімафееўна, адразу ставіць чайнік, каб пачаставаць нас кавай, а сам Анатоль запрашае ў сваю «лабараторыю»: вялікі пакой са спецыяльнай рамай для фізічных практыкаванняў над ложкам, у куце — вялікая сістэма прафесійных калонак і гукарэжысёрскі пульт. Акрамя таго: гармонік, саксафон, піяніна…

Але самае дзіўнае і адметнае ў Анатоля Кісяля — гэта не нейкі музычны інструмент, а ягоная мова. Перасыпаная ўласнымі афарызмамі і прымаўкамі, палова з якіх прыдумляецца літаральна на хаду, яна першы час прымушае здзіўляцца і перапытваць. Тым больш, што самае простае пытанне можа выклікаць нечаканы вершаваны выбух: рыфма рыфму паганяе, і вось ужо замест звыклага «так» ці «не» атрымліваеш філасофскую параду.

І ўжо і не ўяўляеш, што гэты сівы мужчына ў інвалідным вазку ўвогуле мог гаварыць інакш.

«Нарадзіўся я 58 гадоў таму ў Селішчы — цяпер гэтай вёскі ўжо няма, аб’ядналі з Обчынам», — распавядае Анатоль Кісель. Да музыкі пацягнуўся адразу.

Канцэртная афіша і дыск з песняй на верш Бардуліна «Трэба дома бываць часцей»

Канцэртная афіша і дыск з песняй на верш Бардуліна «Трэба дома бываць часцей»

«З гармонікам нарадзіўся і не згубіўся, — смяецца ён. — Пачаў іграць, яшчэ з-за гармоніка не было мяне відаць».

Першыя гастролі прайшлі на адным з вясковых вяселляў — тады яшчэ трэццякласнік Кісель зарабіў тры рублі сабе і бутэльку гарэлкі бацьку. А хутка ўласны інструмент яму падараваў хросны бацька — і панеслася.

«Ён падарыў мне мой лёс», — кажа Анатоль.

Скончыўшы обчынскую школу, Кісель паступіў у музычную вучэльню ў Маладзечне. Прычым пачынаў вучыцца на дырыжора, але ж потым пайшоў у армію, трапіў там у аркестр, і пасля службы скончыў вучэльню ўжо барабаншчыкам. Пасля — праца ў музычнай школе ў Салігорску (гэты горад — маё першае каханне, кажа Анатоль), вандроўкі па ўсім Саюзе, некалькі гадоў жыцця ў Вільні.

Але потым ён усё роўна вярнуўся ў сваю вёску. Папрацаваў у суседняй Любані ў музычнай школе, а потым стаў вольным музыкам: гастролі, вяселлі…

«Не так важна, дзе жыць, як справе служыць»,— канстатуе Анатоль. У 33 гады ён ажаніўся. Выгадаваў дваіх дзяцей. Але ж праз 15 гадоў шлюбу яны з жонкай усё ж разышліся. Цяпер яна жыве на іншым канцы вёскі, у «лукашатніку» (так Кісель называе домікі мясцовага аграгарадка).

А потым здарылася бяда. 8 гадоў таму на Вялікдзень Анатоль ехаў па трасе на ровары і папаў пад машыну.

«Знялі мяне з дыстанцыі, — кажа ён. — І пайшло маё выжыванне. Месяц у рэанімацыі, затым два гады пластам, склаўшы ласты». Траўмы былі сур’ёзныя: разрыў спіннога нерва і параліч ніжняй паловы цела. На шчасце, Анатоль выжыў, але застаўся інвалідам — перасоўвацца можа толькі ў вазку. З той пары амаль няма гастроляў, і, адпаведна, вандровак. Хата, пенсія, фізічныя практыкаванні для рэабілітацыі. І, само сабой, музыка. Яна і дапамагае яму выжыць. Ён піша песні, сябры робяць аранжыроўкі.

Але сам Анатоль кампазітарам сябе не лічыць: «Кампазітары — гэта Бетховен з Моцартам. А я — аўтар і выканаўца. Мне дастаткова».

Анатоль дэманструе свой гармонік, на канструяванне якога пайшло амаль 17 гадоў. Рабіць яго дапамагалі сябры з маладзечанскай музычнай школы, ён вельмі ім за гэта ўдзячны. Кісель грае некалькі ўласных песень: «Польку-кісялянку» і «Дзяцінства». Апошняй ён асабліва ганарыцца: «Калі напісаў такую песню, то ўжо і паміраць не страшна». А потым уключае на мабільніку «мінус» да аднаго са сваіх трэкаў і падпявае. І на яго твары з’яўляецца такая асалода…

Чалавек-дзіва. Сяброў у яго няшмат. Дзеці ўжо дарослыя, жывуць у Мінску.

Нехта іншы б даўно ўжо апусціў рукі, але не Кісель.

Канечне, шмат чаго яму бракуе: «Колькі б я зрабіў цудоўных вандровак…» — уздыхае Анатоль, але ён не страціў нешта галоўнае, нешта такое, што можна назваць як заўгодна — мара ці ўнутраны стрыжань.

«Жыццё — вялікі цуд, толькі меней трэба наганяць прастуд, — жартуе Анатоль.

— А ўвогуле я шчаслівы. У мяне ўсё ёсць — я маленькая кісель-філармонія».

Нават смерці ён ужо не баіцца, ставіцца да яе па-філасофску: «Той, хто жыве ў страху, ніколі не будзе лятаць, як птаха».

Баіцца толькі не паспець ажыццявіць свае планы. А іх хапае: запіс альбома, здымка відэа на адну з песень і выпуск невялікай кніжкі з уласнымі афарызмамі.

«Хочацца пакінуць памяць. Гады хутка ляцяць», — кажа Кісель.

«Канечне, каб машына была, то пагрузіў бы гэтую апаратуру, знайшоў бы людзей і паехаў гастраляваць, — дзеліцца марамі ён. — Машына — гэта крылы».

Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, Анатоль не сумуе. Пераадольваць сябе, лёс, хваробы ён прывык.

«Пакуль мы будзем рухацца, жыццё нас будзе слухацца. Застацца сабой, пранесці праз усё жыццё светласць дум і ўзнёсласць мар, каб ветрык лёгкі дзьмуў у твар — гэта штодзённая праца», — кажа Кісель.

І гэтай працы ён не баіцца.

* * *

Анатоль Кісель. Дзяцінства

* * *

Пра жыццё і яго сэнс

Тады жыццё нам сцеле пухам,
Калі моцныя мы духам.
Не трэба багацця і вялікага акладу,
Калі ты свайму жыццю не рады.

Пра маршалаў нашай нацыі

Што той далёкі бераг Нілу,
У нас ёсць свой, які нам мілы.
Скажу вам шчыра — Васіль Быкаў,
Пальцам хто б у яго ні тыкаў,
Бацькаўшчыны сваёй лёс
Нёс ён шчыра, не растрос.
Каб наша не прапала
— Ёсць у нас Янка Купала.

Пра чыноўнікаў-бюракратаў

Наколькі сілы ёсць,
Здымайце маску важнасці вялікай,
Тады жыццё пакіне шанец вам
— Не выглядаць бязлікай (-ім).

Пра сябе

Не здрадзіў сваёй душы
У гэтым шалашы.

Для «Нашай Нівы»

Я любіў і люблю «Ніву»,
Жадаю не здаць сябе да архіву.

* * *

Калі вы можаце дапамагчы Анатолю ў здзяйсненні яго творчых планаў, звязацца з ім можна праз тэл. (029) 324-54-19 ці праз Рэдакцыю «Нашай Нівы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?