«Праз 5 дзён, калі нашыя патрабаваньні не выканаюць, мы адновім акцыю пратэсту ў выглядзе галадоўкі, ці ў іншай форме» — паведаміла з бальніцы пацыентка Натальля Рагалевіч, якая прадставілася адным з арганізатараў галадоўкі. Яна падкрэсьліла, што акцыя пратэсту ня спыненая: «Мы далі галоўурачу час». Па словах Н. Рагалевіч, сёньня ў бальніцу наведаліся чыноўнікі. Хто яны і адкуль, хворым, па іх словах, не сказалі. «Прыехала дэлегацыя на «Вольва», іх сустрэў Доўгаль, галоўурач, і павёў паказваць палаты», — распавядае спн. Рагалевіч. Чыноўнікаў адвялі ў палаты, дзе знаходзяцца ляжачыя хворыя. Умовы там лепшыя, як у іншых, гаворыць арганізатарка галадоўкі, а тамтэйшыя пацыенты ўжо і гаварыць ня могуць, у іх нават подпісы ня бралі. Яе муж, які таксама лечыцца ў «Наваельні», запрасіў гасьцей у сваю палату, але яго запрашэньне праігнаравалі. Пакуль чыноўнікі хадзілі па пакоях, хворым паведамілі, што душ адчынены, але па сьведчаньнях людзей, вада была ледзьве цёплая: «Нам у такой вадзе нельга мыцца». Але і тую ваду адключылі, як толькі аўто з візытантамі зьехала, а душ ізноў зачынілі.

Натальля Рагалевіч кажа, што за апошнія два дні хворыя сутыкнуліся з хваляй бруду на іх адрас: «Нас і алькашамі, і зэкамі называлі, але ж тут ня толькі такія лечацца. Увогуле, галадоўку арганізавалі жанчыны, якіх і галадала палова ад усёй колькасьці». Яна распавяла, якім чынам сп. Доўгаль прапанаваў вырашыць праблему атрыманьня грошай уладальнікамі плястыкавых банкаўскіх картак: «Паабяцаў пасадзіць у «хуткую» 20-25 чалавек і адвезьці ў банк. Але ж гэта парушэньне нашых правоў – мы вольныя людзі, а на нас у тым банку будуць пальцам паказваць, маўляў, глядзі – «тубікаў» пад канвоем прывезьлі!» Хворыя кажуць, што атрымалі адказ на запыт у Міністэрства аховы здароўя наконт статусу бальніцы і даведаліся, што гэта не закрытая лякарня.

Нядаўна хворых азнаёмілі з загадам міністэрства ўсталяваць у бальніцы сыстэму відэаназіраньня. «На лекі грошай няма, кажуць, а на відэаназіраньне ёсьць!» – абураюцца пацыенты РТБ.

Арганізатарка акцыі пратэсту кажа, што іх падтрымлівае большасьць пацыентаў бальніцы – і старыя, і маладыя. «Цяпер ужо і малодшы мэдычны пэрсанал пачаў выказваць салідарнасьць з намі».

Нагадаем, што ўчора ў Рэспубліканскай тубэркулёзнай бальніцы каля 100 чалавек хворых на сухоты ня выйшлі на сьняданак. Яны патрабавалі паляпшэньня ўмоваў лячэньня. Галоўны ўрач Вячаслаў Доўгаль назваў іх патрабаваньні неабгрунтаванымі. В. Доўгаль лічыць, што прычынай галадоўкі стала забарона вольнага выхаду хворых за тэрыторыю бальніцы. Па яго словах, на тэрыторыі РТБ ёсьць усё неабходнае, хворыя сьцьвярджаюць адваротнае — кажуць пра адсутнасьць самых неабходных сродкаў гігіены, лекаў, якаснага харчу, наракаюць на кепскія ўмовы ўтрыманьня. Раніцай 15 студзеня галадоўка па аб’ектыўных прычынах была прыпыненая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?