Следчым камітэтам Беларусі ўстаноўленыя прычыны катастрофы штурмавіка Су-25 у Лідскім раёне ў верасні мінулага года.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК Аляксей Клімовіч, 30 верасня 2014 года Су-25 116-й штурмавой авіяцыйнай базы (Ліда) выконваў планавы палёт па адпрацоўцы вучэбнага практыкавання ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. Каля 11.50 у выніку няштатнай сітуацыі самалёт страціў кіраванне. Лётчык, упэўніўшыся, што траекторыя падзення штурмавіка знаходзіцца па-за населенымі пунктамі, катапультаваўся. У выніку падзення Су-25 поўнасцю разбурыўся і згарэў. 

Падчас расследавання следчымі дапытаныя дзясяткі сведак, лётны і тэхнічны персанал авіябазы. Праведзены шэраг экспертыз. Вывучаныя авіяцыйная дакументацыя, матэрыялы аб'ектыўнага кантролю, даныя бартавога самапісца. 

Пасля вывучэння ўсіх матэрыялаў крымінальнай справы ўстаноўлена, што прычынай няштатнай сітуацыі на Су-25 паслужыў пажар, што ўзнік у выніку трэння жгута і трубаправода, што прывяло да парушэння цэласнасці ізаляцыі, кароткага замыкання і наступнага загарання.

Пры гэтым усе віды работ і перадпалётная падрыхтоўка штурмавіка былі праведзеныя ў адпаведнасці з дзейнымі патрабаваннямі і правіламі. Устанавіць вышэйапісаны недахоп авіяцыйнай тэхнікі сіламі тэхнічнага персаналу не ўяўлялася магчымым. 

Такім чынам, падчас следства парушэнняў правілаў палётаў і падрыхтоўкі да іх, якія маглі быць дапушчаныя як самім лётчыкам, так і асобамі тэхнічнага персаналу, што праводзілі абслугоўванне і падрыхтоўку самалёта, не ўстаноўлена. Крымінальная справа спыненая за адсутнасцю складу злачынства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?