Фота svaboda.org

Экспэртна-крыміналістычны цэнтар МУС РБ вынес канчатковае заключэньне: пажар у Фарным касьцёле адбыўся ў выніку кароткага замыканьня. Пра гэта журналістам паведаміў кіраўнік абласнога ўпраўленьня МНС Анатоль Бабій.

Нагадаем, што пажар у Фарным касьцёле сьв. Францішка Ксавэр’я ў Горадні здарыўся у ноч на 13 ліпеня 2006 г. У выніку пацярпеў найкаштоўнейшы помнік эўрапейскага барока, унікальны 300-гадовы аўтар — яго правую частку выратаваць не ўдалося, былі зьнішчаныя калёны і чатыры скульптуры: тры зь дзесяці апосталаў у ніжнім ярусе і сьвяты ў другім ярусе. Некаторыя іншыя элемэнты абгарэлі альбо растрэскаліся.

З моманту пажару была праведзена вялікая колькасьць разнастайных дасьледваньняў і экспэртызаў, па выніках якіх вэрсія падпалу была выключаная, паведамляе www.grodno.biz. Сьледчыя высьветлілі, што пажар узьнік з-за электраправодкі. Як і меркавалі прадстаўнікі МНС ад самага пачатку. Прыкметы кароткага замыканьня былі знойдзены каля падсьветкі на аўтары, дзе выкарыстоўваліся галягенавыя лямпы. Схемы і якая-небудзь праектная дакумэнтацыя на абноўленае электразабесьпячэньне ў касьцёле адсутнічала. Мантаж электраправодкі рабіла польская, а замеры на супраціўленьне зладзіла гарадзенская фірма. Спэцыялісты кажуць, што зроблена ўсё было непрафэсійна. Гэта й стала прычынай пажару.

Па выніках расьледваньня крымінальная справа па факце пажару, што здарыўся ў касьцёле ў ноч 13 ліпеня 2006 г., спыненая за адсутнасьцю складу злачынства.

Пасьля пажару ў гарадзенскай Фары былі праведзеныя праверкі па ўсёй Беларусі. Выявілі шмат недахопаў, а МНС рэкамэндавала ўсталяваць у бажніцах аўтаматычныя пажарныя сыстэмы.

Гарадзенская Фара для Беларусі — гэта як Ісакіеўскі сабор Пецярбургу. Галоўны аўтар касьцёлу паводле каштоўнасьці параўноўваюць з аўтаром Марыяцкага касьцёлу ў Кракаве.

Храм Францішка Ксавэрыя — адзіны езуіцкі прыкляштарны касьцёл у Беларусі, які захаваўся ў першапачатковым выглядзе. Яго будаўніцтва стала выкананьнем запавету караля Сьцяпана Батуры, што запрасіў езуітаў у Горадню, а сам казаў — «каб я ня быў каралём, стаў бы езуітам». Храм быў асьвячоны ў 1705 г. у прысутнасьці караля Рэчы Паспалітай Аўгуста Моцнага і Пятра І.

У саборы месьціцца вялікая колькасьць аб’ектаў, да якіх цалкам слушна прымяніць слова «ўнікальны»: гэта і цудадзейны абраз Маці Божай Кангрэгацкай XVII ст., каранаваная колькі гадоў таму са згоды Яна Паўла ІІ. І 14 фрэсак з жыцьця Францішка Ксавэр’я.

Галоўны аўтар зрабіў у 1737 г. слынны польскі майстар Ян Шміт у 1737 г. 26 скульптур на трох ярусах — сьвяты Францішак Ксавэры, Хрыстос Валадар сусьвету, дзесяць апосталаў, чацьвёра эвангелістаў, чацьвёра сьвятых, фігуры жанчын, што ўвасабляюць чатыры кантынэнты сьвету. Кожная скульптура — анатамічна правільная, адрозьніваецца позай і жэстам, мае асобны выраз твару, на якім адбіваюцца нададзеныя майстрам глыбокай разьбой моцныя пачуцьці.

СП

Глядзі яшчэ:
Божая кара. Вэрсіі пажару ў Фарным касьцёле разглядае Ірына Чарняўка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0