05.02.2015 / 16:48

Аніматары паказалі палёт ад Сонца да Юпітэра з хуткасцю святла ВІДЭА

Анімацыйная студыя Alphonse Swinehart паказала, колькі часу заняў бы такі палёт і што вандроўнік пабачыў бы па дарозе, распавядае Meduza.

На 45-хвілінным відэа камера пачынае рух ад Сонца. Да Меркурыя нават найхутчэйшыя часціцы ў сусвеце даляцяць за 2 хвіліны 49 секунд, а Зямлю можна пабачыць толькі на 8:19. За 45 хвілін вандроўнік з хуткасцю святла даляціць да Юпітэра, а вось да Сатурна прыйшлося б ляцець яшчэ 35 хвілін.

Наш сусвет зладжаны такім чынам, што вандроўнік большую частку такога палёту будзе бачыць аднастайную пустую прастору.

Відэа стварыў дызайнер Альфонс Свайнхарт, на фоне грае «Music for 18 Musicians» Стыва Рэйха.

***

Лічыцца, што перавысіць хуткасць святла не можа ніводная часціца ў свеце. Але час ад часу навукоўцы заяўляюць аб рэгістрацыі звышсветлавай хуткасці, часцей за ўсё ў нейтрына. У 2011 годзе назіранне звышсветлавай хуткасці пацвердзілася 15 тысяч раз у межах аднога праекту, але выявілася, што ў саміх прыборах была закладзеная памылка. Напачатку 2015 года навукоўцы зноў заявілі аб звышсветлавай хуткасці нейтрына ў шасці незалежных назіраннях.

Чалавецтва ў бліжэйшы час запусціць да Юпітэра касмічны апарат з мэтай даследавання спадарожніка Юпітэра Еўропы на наяўнасць жыцця ў падлёдным акіяне. Ён будзе ляцець значна павольней за хуткасць святла. Напрыклад, касмічны апарат New Horizons, што стартаваў 19 студзеня 2006 года, праляцеў Юпітар толькі 28 лютага 2007 года, а міма Плутона праляціць толькі 14 ліпеня 2015 года. 

Глядзіце таксама: Праграміст стварыў браўзерны сімулятар чорнай дзіры з «Інтэрстэлара»

Аляксандр Арсёнаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру