Android-праграма створаная пад кіраўніцтвам вікарыя парафіі а. Андрэя Сідаровіча. Яе распрацавалі Арцём Баёк, Цігран Саркісян, над iOS-версіяй працуе Яўген Карачынскі, паведамляе catholic.by. Запуск праграмы спалучылі з запускам сайта мінскай парафіі, з якім працаваў Арцём.
«Управіліся за шэсць месяцаў. Вядома, можна было і хутчэй, але не заўсёды спорылася з часам, ды й іншыя перашкоды паўставалі», — працягвае Цігран.
Праграма дазваляе карыстацца афіцыйнымі малітвамі Касцёла і мець доступ да штодзённых літургічных чытанняў праз смартфон і планшэт.
Сярод малітваў — літаніі, малітвы ў розных патрэбах, чытанні дня, малітвы на працягу дня, малітвы да Маці Божай, малітвы да святых, малітвы на кожны дзень, набажэнствы літургічнага года і малітвы на лацінскай мове.
Арцём Баёк, Цігран Саркісян і Яўген Карачынскі. Фота: Ілья Лапато, catholic.by
«Спачатку, праўда, не планавалі змяшчаць у малітоўніку чытанні дня. Але як паказвае статыстыка сёння, менавіта чытанні і сталі «разынкай» малітоўніка», — дадае Арцём.
За першы тыдзень па выпуску праграмы раздзел з малітвамі праглядзелі 5 тысяч раз. Да хлопцаў сталі звяртацца ўладальнікі iPhone.
«Праца над iOS ужо ідзе. Цяпер галоўнае — яе скончыць, і тады будзем глядзець, — распавядае Яўген. — Калі ўсё атрымаецца, дадатак будзе гатовы ўжо праз тыдзень. А там працэс зацвярджэння на App Store можа заняць да двух тыдняў».
Цяпер хлопцы абмяркоўваюць прапанову да святара з Украіны аб стварэнні ўкраінскай версіі малітоўніка. Калі пагодзяцца, то толькі бясплатна. «Зарабляць на верніках — непрыгожа. Не па-хрысціянску гэта», — кажуць яны.
Спампаваць малітоўнік для Android >>>