«Горшым за камунізм можа быць толькі антыкамунізм». Зыходзячы з уласнага жыцьцёвага досьведу, можна дапоўніць гэтую вядомую сэнтэнцыю яшчэ адной: горшым за цемрашальства можа быць толькі барацьба зь цемрашальствам.

…ad astra

Многія ў Беларусі, напэўна, ведаюць астроляга Паўла Глобу. Хаця б таму, што некалі ён абяцаў, быццам Аляксандру Лукашэнку яшчэ пры жыцьці паставяць помнік удзячныя суайчыньнікі, і што ў будучым ён узначаліць аб’яднаньне «славянскіх народаў». Праўда, у 1995 годзе той самы Глоба прадказаў, што праз 12 гадоў кіраўнік Беларусі сыдзе…

І хаця тэрмінаў жыцьця першага прэзыдэнта РБ нікому ня дадзена ведаць, астроляг зь цягам часу стаў больш асьцярожным у выказваньнях. Так, выступаючы у пярэдадзень 2008 году з чарговым прагнозам, Глоба гаварыў ужо не пра «адстаўку», а толькі пра магчымасьць «ціхай паўзучай змовы» супраць Лукашэнкі сёлета. Ну, а меркаванае «ўзьяднаньне» былых саюзных рэспублік астроляг урочыць не ранней за 2014 год.

Што тычыцца сёлетняга году Пацука, дык, калі верыць Глобу, ён будзе надзвычай спакойным. Ніякія прыродныя катаклізмы, катастрофы ці вайсковыя канфлікты ні Эўропе, ні сьвету ў цэлым не пагражаюць. Даляр хоць і ўпадзе, але ня моцна. Пераможцам на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі будзе, хутчэй за ўсё, Мядзведзеў. (Каб прадказаць гэта, праўда, ня трэба быць астролягам)

А вось што да адносінаў Масквы зь Беларусьсю ды іншымі краінамі СНД, тут Глоба праявіў пэўную, можна сказаць, сьмеласьць характару, бо ня выключыў, што гэтыя стасункі могуць часам набываць даволі напружаны характар.

Карацей кажучы, трэба добра адчуваць палітычную кан’юнктуру й дагаджаць жаданьням начальства — і праслывеш відушчым.

Паўла Глобу і астралёгію наагул не было б патрэбы тут згадваць, калі б ня дзьве тэлеперадачы, якія давялося пагледзець адразу пасьля Новага году.

Адна зь іх — «Неверагодна, але факт», прайшла на беларускім канале «Лад». Пра якія толькі цуды й дзівосы, у тым ліку фанітастычныя прадказаньні, не распавядалася ў гэтай перадачы! Толькі выглядае, што «Лад», які абяцаў і надалей знаёміць нас з падобнымі цудамі расейскай тэлевытворчасьці, крыху спазьніўся.

У той самы дзень канал РТР паказаў тэлефільм: «Астралёгія: ахвяры зорнай маны». (Ці ня праўда, назва чымсьці нагадвае колішніх «Дзяцей маны» Азаронка?) У фільме ўсе астролягі абвешчаныя бессаромнымі круцялямі й падманшчыкамі, нават забойцамі, а ўсе астрапрагнозы разам з астралёгіяй ‑‑ ці не галоўным злом у сучасным сьвеце. Але зьдзівіла ня гэта.

Самае дзіўнае палягае на тым, што да апошняга часу тэмы астралёгіі, экстрасэнсорыкі ды іншага роду эзатэрыкі не сыходзілі з тэлеэкранаў. Гэтыя тэмы забясьпечвалі высокі рэйтынг. Колькі экраннага часу было прысьвечана ў розныя часы Кашпіроўскаму, Чумаку, Лонга, Грабавому… Той самы Глоба працягвае рэгулярна даваць свае парады ў самых розных СМІ. І ўсё гэта не выклікала раней найменшае крытыкі з боку кіраўніцтва тэлеканалаў як у Расеі, гэтак і ў Беларусі.

«Чорная магія» і сьвятары

І вось цяпер — публічны сэанс выкрываньня «чорнай магіі». Прычым «выкрыцьцё» атрымліваецца ня больш пераканаўчым і «доказным», чым ранейшыя перадачы й фільмы на містычныя тэмы. Напрыклад, аўтары «Ахвяраў зорнай маны» заяўляюць, што ў 1990‑я гады ў Фэдэральнай службе аховы прэзыдэнта Расеі было нейкая сакрэтнае ўпраўленьне «Х», якое наймала да сябе на працу астролягаў. І ў доказ паказваюць інтэрвію з колішнім супрацоўнікам ФСА Георгіем Рагозіным. А наступным днём той заяўляе ў інтэрнэце, што ніколі такога ўпраўленьня не было, што сам ён не астроляг і што ўвогуле ягонае інтэрвію ў фільме вырванае стваральнікамі з кантэксту.

Як бы ні ставіцца да астралёгіі ці сучасных астролягаў, варта задацца пытаньнем, якое сфармулявалі старажытныя рымляне: «quo profundis?» (Каму выгадна?)

Цяжка пазбавіцца ўражаньня, што гэты фільм — звычайная заказуха. Царква не жадае мірыцца з тым, што частка яе паствы выказвае цікавасьць да акультавых навукаў, асуджаных як «ерась». А самой царкве дзяржава, ня маючы нічога лепшага, пачынае адводзіць ролю «галоўнага ідэоляга». І, магчыма, у гэтым яшчэ не было б нічога кепскага, калі б не прыходзілі на памяць мэтамарфозы, што адбываліся ў апошнія гады зь верай і «вернікамі» на нашых вачах.

Але спачатку яшчэ адзін сьвежы прыклад пранікненьня царкоўнай лексыкі ў сьвецкае жыцьцё. На інфармацыйным канале «Вести» днямі давялося пабачыць бягучы радок: «Прэзыдэнт Пуцін узяў удзел у асьвячэньні храму…». (Назву таго храма знарок апускаю.) Ня проста, заўважце, прысутнічаў на цырымоніі, але асабіста асьвячаў храм! Чаго тут больш — рэдактарскай неахайнасьці, падхалімажу перад першай асобай дзяржавы, ці прыніжэньня ролі царквы?

А ці ёсьць нармальнай практыкаю віншаваньне вернікаў з хрысьціянскім сьвятам у храме з вуснаў кіраўніка дзяржавы? А як сумясьціць дзяржаўную прапаганду «савецкага ладу жыцьця», калі пры «разьвітым сацыялізьме» ўсяго толькі за наведаньне царкоўнай службы чалавек мог вылецець з партыі ці нават з працы? Як сумясьціць сучаснае ўзьвялічваньне Сталіна і КПСС з разбуранымі за савецкім часам храмамі, зьнішчанымі сьвятарамі ўсіх канфэсіяў?

І які сёньня прыклад падаюць вернікам царкоўныя ерарахі, калі робяць выгляд, быццам нічога падобнага ў гісторыі не было, што заўсёды царква была «галоўным ідэолягам» дзяржавы і што жылі яны, так бы мовіць, душа ў душу?

Ня можа ня радаваць, калі ў наш час сьвятары праваслаўнай й каталіцкай канфэсіяў у Беларусі пачынаюць спаборнічаць паміж сабой у выкарыстаньні беларускай мовы. Прыемна, калі, напрыклад, патрыяршы экзарх Беларусі згадвае ў сваёй сьвяточнай казані Канстанціна Астроскага (праўда, не таго Астроскага, што разьбіў войска маскавітаў пад Воршай, але ягонага нашчадка — пераможцу Налівайкі). Але ці не вядзе празьмернае і некрытычнае захапленьне гэтымі фактамі таксама да зьмяшаньня рэлігійнай гісторыі з гісторыяй сьвецкай, да палітызацыі ролі царквы, чым грашыць сучасная дзяржава? Канстытуцыя Беларусі, нагадайма, аддзяляе царкву ад дзяржавы. І нічога ганебнага ў гэтым для вернікаў няма. Наадварот, аддзеленасьць ад дзяржаўнай палітыкі, тым больш ад палітычнай кан’юнктуры, думаецца, і дазваляла царкве захоўваць у сучасным грамадзтве свой твар і свой аўтарытэт.

Праз 40 мільёнаў гадоў

Зразумела, тут не вядзецца гаворка пра пастулаты веры ці пачуцьці вернікаў. Свабода сумленьня, як быццам, не падлягае дыскусіі. Але мы бачым у наш час нешта зусім ншае.

Летась, як мы памятаем, группа расейскіх акадэмікаў выступіла супраць абавязковага выкладаньня Закону Божага ў малодшых клясах агульнаадукацыйнай школы. Зразумела, навукоўцы выступалі ня супраць праваслаўнай веры і рэлігіі як такіх, але супраць прапаганды прымітыўных ідэяў крэацыянізму, якому пярэчыць навуковая тэорыя дарвінізму. Судовая справа, узбуджаная некалі праз пратэст школьніцы супраць Дарвіна, падалася спачатку анэкдотам. Але вельмі хутка выявілася, што навуковыя тэорыі, у тым ліку тэорыя эвалюцыі, цяпер не ў пашане.

Парадаксальным чынам усё паўтараецца, як у дурной бясконцасьці. Некалі царква зацята выступала супраць навукі (супраць Галілея, супраць Джардана Бруна, называючы іх ерэтыкамі), потым царкву пачнуць называць «опіюмам народу», выкрываючы яе «цемрашальства» з дапамогай навуковага камунізму. Дасталося за савецкай уладай шмат якім зьявам навуковага і ненавуковага кшталту — у іх ліку кібэрнэтыка і псыхааналіз, тэорыя Вярнадзкага і адкрыцьці Германа Чыжэўскага, тэлекінэз, парапсыхалёгія, астралёгія. Зразумела, ня варта ставіць усе гэтыя з’явы на адну дошку. Але варта памятаць, што многія савецкія навукоўцы ў розны час спрычыніліся да разгрому самых розных «ілжэнавукаў» і рэвізіяніцскіх плыняў ‑‑ з пазыцыяў гістарычнага матэрыялізму, зразумела, які лічыўся адзіна слушнай тэорыяй.

Ці не таму ня вераць цяпер акадэмікам, што яны па‑ранейшаму ўпэўненыя — іх погляд на рэчы адзіна правільны. Ці не таму ня вераць часам і царкоўнікам, што іх погляд на рэчы, па сутнасьці такі самы, толькі яшчэ й залежыць ад указаньняў улады. Улады, прадстаўнікі якой яшчэ нядаўна дружна спавядалі атэізм, а сёньня гуртам стаяць у храмах са сьвечкамі.

А што тычыцца астралёгіі… Мабыць, вера ў яе тлумачыцца кароткім тэрмінам нашага жыцьця і абмежаванасьцю чалавечай фантазіі?

Вось нядаўняе паведамленьне. «Наша Галактыка сутыкнецца з агромністым воблакам газу. Сутыкненьне, якое чакаецца праз 40 мільёнаў гадоў, запаліць тысячы новых масіўных зорак…Воблак рухаецца з хуткасьцю каля 250 кілямэтраў за сэкунду. У дыск Малочнага Шляху (нашай Галяктыкі) ён павінен урэзацца пад вуглом прыкладна 45 градусаў. Вадароду, які ўтрымліваецца ў воблаку, хопіць на ўтварэньне прыкладна мільёна зорак кшталту нашага Сонца».

Гэтая навіна, здольная захапіць дух дасьледчыка, чамусьці ня выклікала ў большасьці людзей абсалютна ніякіх эмоцыяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?