У лютым у Рызе і Вільні адбудуцца дзве імпрэзы, якія могуць зацікавіць беларускіх аматараў піва. Дзе спатоліць смагу і пакаштаваць рэдкія сарты піва? «Весткі» запрашаюць на дэгустацыю да нашых паўночных балцкіх сукрэвічаў.

intangiblebusiness.com

intangiblebusiness.com

У Амерыцы і Еўропе ўжо некаторы час назіраецца феномен, калі бары пачынаюць прапаноўваць на разліў альбо ў бутэльках не стандартную, камерцыйную прадукцыю вялікіх вытворцаў, а гатункі піва малых і невядомых бровараў. Гэтую з'яву празвалі крафтавай рэвалюцыяй. Ад ангельскага слова «крафт», якое можна перакласці як «майстэрства».

Да краінаў Балтыі гэтая рэвалюцыя ўжо паступова даходзіць. Ёсць бары, якія спецыялізуюцца на так званым «крафтавым» піве. Ёсць неблагія бровары. І ёсць піўныя фестывалі. Два з іх пройдуць як раз у лютым.

METENIS

У старажытнай Рызе 21-22 лютага адбудзецца штогадовая асамблея крафтавага піва Балтыі. Гэта выдатная магчымасць не проста пакаштаваць найлепшае піва Эстоніі, Латвіі і Літвы, але пазнаёміцца з піваварамі.

Патрапіць на фэст можна бясплатна. Плаціць трэба толькі за піва. А кошты вельмі дэмакратычныя — ад 1 да 3 эўра за пробнік. Большасць бровараў, якія запрошаныя на гэты фэст, — малыя вытворцы, і іх прадукцыю вы не знойдзеце ў прадуктовых крамах нават тых краінаў, дзе яны знаходзяцца. У прыватнасці будуць прадстаўленыя наступныя бровары: Hampelmann brewery, Lehe, Ollenaut, Pohjala і Puhaste з Эстоніі, Eridan, Labietis, Līgatnes alus і Malduguns з Латвіі і Dundulis з Літвы.

Фэст пройдзе па адрасу: Aristida Briāna 9 pagalms / Courtyard of Aristida Briana 9, Рыга. Да Рыгі з Беларусі можна даехаць аўтобусам альбо цягніком.

Старонка фэсту ў фэйсбуку

ŽMOGŠALA II — фестываль экзатычнага піва

28 лютага, то бок роўна праз тыдзень пасля фэсту ў Рызе, аматараў піва запрашае Вільня, дзе адбудзецца ўжо другі па ліку фэст экзатычнага піва. На фэсце чакаецца піва з усяго свету. Свой удзел пацвердзілі разнастайныя бровары і прадаўцы крафтавага піва з Літвы, Балтыі і Польшчы. На фэсце будзе арганізавана не толькі дэгустацыя піва, будуць і прэзентацыі новых сартоў і кнігі пра літоўскае піва, і прадстаўленне вытворцаў піва і лекцыі, і нават аўкцыён рэдкіх сартоў піва.

Кошт квітка — 7 еўра, калі набываць загадзя. Стандартны кошт — 10 еўра. Квіток можна купіць у Alaus namai, Alaus kolonėlė, Baras ŠUO, ці па тэлефоне 8 676 73937.

Як даехаць да Вільні, ведае ці не кожны беларус:). Цягнікі, аўтобусы, аўтаспын. Наперад!

Старонка фэсту ў фэйсбуку

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?