Гутарка з аўтаркай кнігі «Шлях дробнай сволачы», што выйшла ў «Кнігарні «Наша Ніва».

Гэтую аўтарку чытачы палюбілі ад зьяўленьня ў друку яе першага апавяданьня яшчэ ў 1998 годзе. Адметны стыль, непаўторная мова, іранічна-дасьціпны погляд на наўкольныя падзеі, гранічная асабістая шчырасьць, бездакорны літаратурны густ і майстэрства сюжэту – усё гэта крытыкі гавораць пра творчасьць Евы Вежнавец. Яе першая кніжка “Шлях дробнай сволачы” зьявілася днямі з друку пад грыфам выдавецкага праекту “Кнігарня “Наша Ніва”. Зь Евай Вежнавец па тэлефоне з Варшавы, дзе аўтарка цяпер жыве і працуе, гаварыла наша карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Вашу кніжку распачынае аповед, напісаны яшчэ ў 1997 годзе, пад назовам “Мы два хохлікі”, а завяршае “Шлях дробнай сволачы”, аповед, які даў назву зборніку, датаваны 2005-м годам. Гэткім чынам, між імі восем гадоў, у якія ўкладзеныя дзевяць аповедаў. Атрымліваецца прыкладна па адным на год. Вашы прыхільнікі зачакаліся на вашу першую кніжку. Гэткі нясьпешны творчы рытм ёсьць вынікам неабходнасьці неяк выжываць, зарабляць грошы, ці тут нешта іншае?”

Ева Вежнавец: “Сапраўды, трэба зарабляць грошы на выжываньне. Гэта па-першае. А па-другое, літаратура для мяне зьяўляецца нечым нават і ня хобі, а тым, чаго я не рабіць не магу, а рабіць не хачу. Таму што любы тэкст як бы зьнішчае жыцьцё чалавека, ягонай сям’і, ягонага атачэньня. І калі я напішу што-небудзь, пра гэта даведаюцца мае бацькі, мае браты, мае сябры. А паколькі я пішу толькі пра тое, што бачыла і перажыла, то адносіны зь блізкімі зьмяняюцца, як бы набываюць іншы кшталт, а я б хацела захаваць тую ранейшую нявіннасьць і прыватнасьць дачыненьняў з бацькамі, сваякамі, сябрамі. Але шчыра кажучы, не пісаць я не магу”.

Аксак: “Ваш самы першы аповед “Мы два хохлікі” быў надрукаваны ў часопісе “ARCHE” ў 1998 годзе, і тэма таго нумару была рэдакцыяй пазначаная як парнаграфія. Ці лічыце вы сябе літаратаркай, якой удаюцца такія тэмы?”

Вежнавец: “На жаль, не. Парнаграфія мне ўвогуле падабаецца як слова, якое абазначае ўсё экстрэмальнае, якое заходзіць за разуменьне добрага густу, добрых манэраў. І я люблю разглядаць парнаграфію ў вузкім значэньні гэтага слова, сэксуальную гэтую парнаграфію, але сказаць, каб у мяне атрымоўваліся гэтыя тэмы, я не магу. Дый пасьля Івана Мележа мне хапае ў беларускай літаратуры вось гэтага напяцьця сэксуальнага і пажадобы. Навошта яшчэ і мне апісваць сам гэты працэс...”

Аксак: “Некаторыя вашы чытачы абвінавачваюць вас у мізантропіі. Прычым, адны кажуць, што ў вашых творах яны адчуваюць мужчынаненавісьніцкія ноткі, а іншыя сьцьвярджаюць, што вы пішаце так, нібы ўсе жанчыны сьцервы? Што з гэтых закідаў вы прымаеце як слушныя?”

Вежнавец: «Усе прымаю, як слушныя. Я ненавіджу чалавецтва ў цэлым, але паасобныя людзі мне вельмі падабаюцца. Мне не падабаюцца ні жанчыны, ні мужчыны як пол, кляса, любая іншая вялікая група людзей. Калі паглядзіш на дзеі чалавецтва, на гэтыя малпіныя гульні яго, то да чалавецтва ў мяне ўзьнікае вельмі халоднае стаўленьне. Я сябе, дарэчы, ад гэтага чалавецтва нікуды не адымаю: ні ўніз, ні ўгору».

Аксак: «А яшчэ вас называюць фэміністкай. І вам належыць такая фраза: “Я ніколі не выступала ў ролі кабеты, якой дораць дарагія падарункі. Як цікава было б адчуць гэты саладкавы смак прадажнасьці!” Вы сапраўды лічыце, што калі жанчына прымае дарагія падарункі ад мужчыны, то яна губляе самастойнасьць як асоба, трапляе да яго ў залежнасьць ці папросту прадаецца?”

Вежнавец: “Ну не заўсёды. Гэта вельмі індывідуальна. У тым кантэксьце, у якім я гэта пісала, я якраз перажывала свае адносіны да Аляксандра Рыгоравіча, нам вядомага мужчыны. Калі б мне давялося прыняць ад яго хаця б запалку, я б сябе вельмі дрэнна адчула. А калі чалавек сапраўды вельмі высакародны, то ягоныя падарункі нікога ня могуць абразіць”.

Аксак: “Тры гады таму ў сваім “Прыватным дзёньніку” для нашага радыё – была ў нас такая праграма – вы напісалі: “Я больш не хаджу на акцыі пратэсту. Усё ня тое. Я больш не хачу гаварыць пра сваю краіну, не хачу ў ёй жыць. Я яе не люблю. Холад стомы запанаваў у маім сэрцы. Мне трэба было вывезьці сэрца адсюль унутры свайго цела, бы кантрабанду, каб уратаваць яго ад заўчаснай старасьці. Вывезьці за мяжу або ў іншы сьвет”. Вы сапраўды спрабавалі некалькі разоў зьяжджаць, жылі ў некалькіх краінах, потым вярталіся. Потым зноў зьехалі. Адчуваеце сябе беларускай ці грамадзянкай сьвету?”

Вежнавец: “Беларускай, дзе б я ні была, шчыра кажучы. Гэта ня самае прыемнае адчуваньне ў сьвеце, магчыма, якой-небудзь брытанкай ці нават сэнэгалкай людзі адчуваюць сябе лепей. Я вельмі незадаволеная тым, што нацыянальнасьць у мяне ёсьць, і я б з ахвотай яе ампутавала, калі б ведала ў якой долі мозгу яна знаходзіцца. Я б не хацела такой долі для свайго сына, таму што я перажывала рэфэрэндумы, асабліва той ганебны, 95-га году, як рэальныя асабістыя трагедыі, якія паламалі мне псыхіку, лёс. І з тых часоў тое, што робіцца зь Беларусьсю, не адпавядае ні маім этычным, ні якім іншым уласным маім катэгорыям. З-за гэтага я адчуваю сябе глыбока няшчаснай і зьмяніць што-небудзь я не магу”.

Аксак: “Што на пісьмовым стале Евы Вежнавец сёньня?”

Вежнавец: “Я напісала аповед пра тое, як пачуваецца вустрыца, якую жавалі ўсе зубы гэтага сьвету. Гэта суцэльнае цытаваньне, але ў ім я хацела выразіць тое, што маглі б сказаць асобы вельмі нясьмелыя, якія баяцца выйсьці навонкі да людзей, тое, што б яны маглі сказаць сьвету, калі б яны прарваліся за межы свае асобы, што для іх, аднак, фактычна немагчыма. Я сустракаю такіх людзей штодня і хачу сказаць што-небудзь ад іх імя. Яшчэ я пачала пісаць такі пацешны авантурны твор ад імя археоляга. Што адчувае археоляг і чаму ён дакладна ведае, дзе трэба капаць. Спадзяюся, што з гэтага нешта выйдзе”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?