Калі паглядзець на нядаўна знойдзеныя відэа мінскага рок-клубу, робіцца трошкі сумна: «Такую «Мрою» згубілі, знатна ж грукаталі»! Ды «Мроя» знікла не канчаткова — яна перарадзілася як «Незалежная Рэспубліка Мроя», альбо добра вядомы і сёння N.R.M.

Такі лёс нярэдкі: напрыклад, колішнія хэдлайнеры беларускага гранджу «Крок» перарадзіліся (хай са значнымі зменамі, але зменамі не ў горшы бок) у Avias. Gods Tower, што здаваўся назаўсёды страчаным праз смерць гітарыста Аляксандра Уракова, адрадзіўся пад той жа назвай і з музыкай старых часоў. Асабіста я сумаваў па «Абшары» — цяпер з асалодай слухаю Haina, новы праект экс-лідара «Абшару». Замест аднога «Ляпіса» слухачы атрымалі Trubetskoy і Brutto.

Але яшчэ ёсць гурты, якія змоўклі раней, чым таго хацелася. Якія маглі б сыграць яшчэ два тузіны хітоў і «рваць залы» нават сёння.

Ніжэй я назаву 10 такіх гуртоў, але прашу заўважыць: то мой асабісты топ, у які не трапіла багата іншых гуртоў. Ведаеце іншых, хто змоўкнуў зарана? Распавядзіце пра іх у каментарах!

Mauzer

«Ды ты не маеш права!» — прыкладна такой была мая рэакцыя на навіну аб тым, што лідар Mauzer сыходзіць з музыкі. Калі не Mauzer, то што слухаць 15-гадовым, пакрыўджаным на пераходны ўзрост? Tokio Hotel? Пфф, смешна. Mauzer і паглыбей, і памілагучней. Быў. Гурт фактычна распаўся напярэдадні прэзентацыі альбому, потым Янка казаў аб магчымасці новага складу гурта, але… Асабліва крыўдна, бо перад распадам гурт выдаў альбом «Porna», у якім раскрыўся шыкоўны вакал Янкі Маўзера, а тэксты сталі шматграннымі і яшчэ больш… гхм… «пікантнымі». Ды і плытка была запісаная так, што здавалася, нібы гукарэжысёр варажыў над пультам, як варожыць на сцэне Іван Кірчук з «Троіцай». На новы Mauzer быў пробліск надзеі, калі Янка анансаваў новы праект «МАМА», але з тым праектам была запісаная толькі адна — хай выдатная, але толькі адна песня (mp3 на сайце Tuzin.fm).

Termin-X

Напраўду добрага поп-року ў Беларусі небагата, яшчэ меней яго па-беларуску. Таму надзвычай цікавым выглядаў гурт Termin-X — гучанне не напружвае амаль любую аўдыторыю, а тэксты закранаюць цікавыя тэмы (ад экалогіі да адвагі сноўбардыстаў). Такая музыка можа не захапіць усе радыёстанцыі, пэўна, толькі ў Беларусі (хаця раз-пораз на радыё яны траплялі). Заснаваны ў 2005-м, гурт распаўся ў 2007-м, потым зноў сабраўся ў 2009-м, каб выдаць адзіны свой альбом, а затым зноў распасціся ў 2011-м — і ўжо канчаткова. У 2014-м гурт выдаў апошні трэк — рэмікс песні «Радыё-радыё» ў памяць аб мінскай свецкай львіцы Элеаноры Язерскай.

Tarpach

Гісторыя Tarpach скончылася трагічна — смерцю вакалісткі Вольгі Самусік у 2010 годзе. За 25 год спявачка і журналістка паспела ўзяць удзел у zygimontVAZA і Hasta la Fillsta, выступіць поруч з хіба не кожным значным беларускім рокерам, атрымаць тытул «Рок-князёўны»… Самым цікавым праектам з яе ўдзелам я бы назваў Tarpach. Хаця праект называлі «беларускамоўным Arch Enemy», Tarpach мог бы атрымаць папулярнасць, шырэйшую за метал-сцэну, ад гурта не разбягаліся на «ціхіх-мірных» рок-фестывалях. А папужаць маленькіх дзяўчат кліпам «Люблю людзей» можна без вялікай рызыкі для іх псіхічнага здароўя. Але, на жаль, Tarpach з Вольгай не паспелі запісаць ніводнага альбома — толькі пару трэкаў.

Usplёsk

Завяршэнне дзейнасці гурта адпавядала назве — быў усплёск і ўсё, няма. Мусіў у тым жа 2010-м трансфармавацца ў аўдыёвізуальны праект — ды недатрансфармаваўся. Ды лепей бы не спрабаваў, бо Usplёsk застаецца ўнікальным прынамсі для Беларусі. Для непадрыхтаванага слухача іх музыка хутчэй будзе гучаць як тое, што спрабуюць выдаць за аўдыёнаркотыкі (адносна апошніх — малю, пашкадуйце вушы). Але калі паабвыкнуць, «расплывацца» разам з іх музыкай даволі прыемна. Было б паболей за два альбомы…

Indiga

Сэкс-сімвалам беларускай сцэны для мяне была і ёсць Руся. Сёння з ёй усё добра, яна мае найцікавейшы праект Šuma на мяжы нэафольку, трып-хопу і многа чаго яшчэ. Але рок-гурт Indiga, у складзе якога Руся стала «Рок-князёўнай», сціхнуў у 2006 годзе. Руся кажа, усё праз «Плошчу». Аб эратычных (у прыстойным сэнсе) танцах Русі пад грукат «Трох сонцаў» засталіся адно ўспаміны. Адзіны альбом ды яшчэ пара запісаных трэкаў заслуханыя да дзір. Па загадкавы, халодны, сюррэалістычны рок з жаночым вакалам прыходзіцца хадзіць да суседзяў — вунь ва ўкраінцаў ёсць «Крихітка». А ў нас новай Indiga не з’явілася.

Глюкі

Здавалася б, панкаў на беларускай сцэне хапае. Але калі не стала «Глюкаў», у пэўным сегменце надышла цішыня. Насамрэч, «Глюкі» заўважна эвалюцыянавалі — у другім альбоме (які гурт выдаў ужо пасля распаду, у 2009 годзе) яны ўжо нечым нагадвалі Akute, у якім сёння граюць заснавальнікі «Глюкаў». Ды Akute — зусім не тыя разбасцяйскія панкі, якімі былі «Глюкі». А адзін ці два альбомы — тут розніца невялікая, бо ў такіх гуртоў, якім былі «Глюкі» часоў першага альбому, нярэдка набіраецца прыстойная вялізная дыскаграфія і армія хуліганістых развясёлых фанатаў.

Band A

Сціплыя інтэлегентныя Cmokie з часам ператварыліся ў месцамі болей рамантычных, а месцамі больш цынічных Band A, здабыўшы жаночы вакал. Самая вядомая іх песня, «Рэвалюцыя», была, пэўна, самай нетыповай для гурта. Плытка «Пазітывы» у плэйлісце была добрым суседам Foo Fighters, але ў апошніх Band A наўрад ці «спісваў». На жаль, у гурта было не толькі мала запісаў, але і няшмат выступаў — пасля 2009 года мала хто іх узгадваў. Дарма, бо з тых часоў ніхто ў Беларусі падобнага не граў.

Новае Неба

Па праўдзе, «Новае Неба» мы не гублялі. У Касі Камоцкай хапае запісаў і сольных, і з гуртом. Нельга сказаць, што яе забылі — на сваіх рэдкіх выступах яна збірае натоўп і старых, і маладых фанатаў. Але грае яна акустыку. А вось электрычнае «Новае Неба» ўзору альбому «Цэпеліны» 1999 года зарана сышло ў нябыт. Мо ў той час няпростыя тэксты і незвычайны голас Касі ў камбінацыі з цяжкімі рыфамі былі надта «мозгавыноснай» сумессю. Нават сёння не кожны да канца даглядзіць стымпанкавыя «Цэпеліны». Але калі даглядзіць, будзе да канца жыцця шкадаваць, што электрычнае «Новае Неба» не атрымала развіцця.

Мясцовы час

Сцеражыся, недзе побач пралятае Жалезны чалавек! Гэта ж сапраўдны AC/DC! Толькі па-беларуску і з хрысціянскімі матывамі. І гэта ўсё на мяжы 80-х і 90-х. Маглі б, як тыя AC/DC, і сёння жвава скакаць па сцэне ды запісваць другі дзясятак альбомаў, але распаліся ў 1992 годзе. У 1997-м уз’ядналіся, каб зноў распасціся ў 2001-м, калі іх шалёны голас, Алесь Кузьмін з’ехаў у Нямеччыну. Беларусь засталася без аўстралійскага рок-н-ролу.

Ulis

«Заслужаны вандроўнік Беларусі», як некалі называлі Ulis, хіба не рэкардсмен па зменах у калектыве. А таксама рэкардсмен па «ну чаму мы іх згубілі».

«Цягнік на Нясвіж» — mp3 на сайце Ulis.by

Першыя тры альбомы гурта («Чужаніца», «Краіна доўгай белай хмары» і «Танцы на даху») прадэманстравалі на мяжы 80-х і 90-х, што беларусы могуць запісваць складаную, магутную і мілагучную музыку вышэйшага гатунку. Класічны рок з вялікай літары. Такі не сорамна закінуць у адзін плэйліст з замежнымі гігантамі накшталт Pink Floyd і Led Zeppelin. Запісаць толькі тры такія альбомы, а не трыццаць, — хіба то не злачынства?

«Бег на месцы» — mp3 на сайце Ulis.by

Ды нічога, Ulis адрадзіўся і ў сярэдзіне 90-х стаў граць нешта зусім іншае, амаль грандж. Шырокага распаўсюду тыя альбомы не атрымалі, а мусілі б! Сёння вельмі бракуе такіх песень як «Бег на месцы», «Першы снег» альбо «Па-над дахамі». Працягні існаваць той Ulis — мо сёння мы б мелі такі круты грандж з наплывам арт-року, што палова свету абзайздросцілася б. А Ulis вазьмі і не працягні. Чатыры касеты, песні з якіх у mp3 знойдзеш у рэдкага беларуса — і яшчэ адна змена стылю.

Ulis «нулявых» — аскетычнае металёвае «рубілава». Адзіны альбом «Люстэрка» ізноў прайшоў амаль міма публікі. Магчыма, ён проста выйшаў на год 10 раней, чым мусіў бы. «Звар’яцелы танцор» добра слухаўся б у галівудскім баевіку, а «Падмогі» на верш Караткевіча натхняў бы не горш (толькі пацяжэй) за ляпісаўскі «Грай». Але Ulis у такім стылі запісаў толькі адну плытку, выступаў нячаста і прыпыніў канцэртную дзейнасць у раёне 2009 года. А меў патэнцыял стаць флагманам цяжкой сцэны.

***

P.S. Фармальна Vicious Crusade, колішнія хэдлайнеры метал-сцэны і аўтары «Айчыны», не распадаліся, але па 2011-м ад іх не было навін. Трывожна. Апошняй іх песняй была «Losers’ song» — нягожа на такой ноце завершваць кар’еру. З таго ж года не чуваць пра Partyzone, аўтараў магутнай «Смерці няма». UltraВожык? Мо пачуем яшчэ адну «Атлантыду»? А што Osimira? Кажуць, нібы не распаліся, але нешта маўчаць. Чамусьці багата такіх прыкладаў «паўраспаду».

***

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі і згаданых гуртоў.

Чытайце таксама:

Топ-21 беларускіх песень ХХІ стагоддзя >>>

Што з ULIS'ам? Дзе ZET? >>>

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?