12.02.2015 / 09:57

Францішак Будзька – забыты беларусізатар Касцёла 2

На Грамніцы, 2 лютага 1920 года, у фальварку Янатруда каля Полацка памёр ад запалення лёгкіх 36-гадовы ксёндз Францішак Будзька. Ён першы ў ХХ стагоддзі пачаў перакладаць рэлігійную літаратуру на беларускую мову, спрычыніўся да заснавання першага каталіцкага тыднёвіка па-беларуску і марыў пра адраджэнне Уніі.

Ксёндз Францішак Будзька

Народжаны каля Будслава

Францішак Будзька нарадзіўся 23 студзеня 1884 года ў вёсцы Вознаўшчына Параф’янаўскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Докшыцкі раён Віцебскай вобласці). Ад яго роднай вёскі было шэсць кіламетраў да парафіяльнага, тады яшчэ драўлянага, касцёла ў Параф’янаве і дзесяць – да Будслаўскага касцёла з шанаваным абразом Маці Божай.

Будзька скончыў народнае вучылішча ў Будславе, у 1899-м — павятовую вучэльню ў Вілейцы. У 1901 годзе здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня ў Пецярбурзе. (Гэты экзамен быў патрэбны, каб пацвердзіць веданне лацінскай мовы дзеля паступлення ў семінарыю). У тым самым, 1901 годзе Будзька паступае ў Магілёўскую каталіцкую семінарыю, што месцілася ў Пецярбурзе.

Падчас вучобы ў семінарыі Будзька натрапіў на творы Багушэвіча — і яны дапамаглі яму ўсвядоміць сябе беларусам. Стаў перакладаць польскія рэлігійныя тэксты на беларускую мову. У 1905 годзе, атрымаўшы пасвячэнне на дыякана, Будзька пераходзіць у духоўную акадэмію ў Пецярбурзе, каб атрымаць вышэйшую тэалагічную адукацыю. Там ён сустракае іншых свядомых беларусаў – прафесара Браніслава Эпімаха-Шыпілу, студэнтаў Адама Лісоўскага і Францішка Грынкевіча.

Большая частка ксяндзоў і біскупаў асцерагаліся беларушчыны як агню. Яны баяліся, каб беларусізацыя Касцёла не стала мастком да русіфікацыі (Царскія ўлады ўжо спрабавалі гвалтам увесці расійскую мову ў Касцёл). Адміністратар Віленскай дыяцэзіі ксёндз Францкевіч папярэдзіў пробашча ў Параф’янаве, каб той падчас летніх вакацый не дапускаў Будзьку да катэхізацыі дзяцей. Але Будзька не хаваў сваіх поглядаў. Ад яго набіраліся свядомасці маладыя клерыкі і святары. Прыкладам, ксёндз Францішак Рамэйка, бацькі якога жылі ў фальварку Порплішча каля Докшыц, успамінаў, што стаў беларусам дзякуючы знаёмству з Будзькам.

Першы беларускі катэхізіс

У 1906 годзе, не маючы грошай працягваць вучобу, дыякан Францішак Будзька кідае акадэмію. Ён вяртаецца ў семінарыю і жадае атрымаць пасвячэнне на ксяндза. Але касцёльныя ўлады не жадаюць высвячаць свядомага беларуса. Справа вырашылася праз год, дзякуючы знаёмству Будзькі з біскупам Стафанам Данісевічам, які прыхільна ставіўся да беларускага адраджэння. У 1907 годзе біскуп Данісевіч удзяліў маладому беларускаму дыякану святарскае пасвячэнне.

Біскуп Данісевіч лічыў патрэбным выданне рэлігійнай літаратуры на беларускай мове і ўвядзенне ў касцёлах беларускіх казанняў. Каталіцкая літаратура па-беларуску не выдавалася ўжо ад 1862 года, калі ў Варшаве выйшаў «Элементаж для добрых дзетак Католікаў». Гэтае 40-старонкавае выданне спалучала ў сабе лемантар, катэхізіс і малітоўнік. Каб хоць трохі задаволіць попыт на беларускамоўныя выданні, біскуп Данісевіч у 1906 годзе перавыдаў «Элементаж».

Да справы выдання каталіцкай літаратуры па-беларуску хутка далучыўся Францішак Будзька. Магчыма, ён удзельнічаў і ў падрыхтоўцы да друку «Элементажа», бо ксёндз Адам Станкевіч пазней заўважыў сляды рэдактуры: нехта ачысціў тэкст ад паланізмаў.

Тым часам Францішак Будзька пераклаў з польскай мовы на беларускую тры кнігі, якія былі найбольш патрэбныя ў пастырскай працы, каб тлумачыць вернікам асновы веры. Гэта «Кароткі катахізм для прыспасаблення дзяцей да першай Споведзі і Камуніі Святой» кс. Роха Філяхоўскага, «Кароткая гісторыя святая» кс. Шустара і «Кароткае выясненне абрадаў Р.-Каталіцкаго касцёла» кс. Банчкоўскага. Касцельную апрабату (дазвол на друк) на ўсе тры кнігі даў біскуп Стафан Данісевіч.»Катахізм» быў надрукаваны ў 1907 годзе накладам 10.000 асобнікаў і хутка разыйшоўся па парафіях. Астатнія два пераклады засталіся ляжаць у рукапісе ў чаканні лепшых часоў.

9 студзеня 1908 года ксёндз Францішак Будзька атрымаў накіраванне вікарыем (другім святаром) у Полацк, дзе служыў у былым дамініканскім касцёле. Ён выязджаў на фэсты ў вясковыя і местачковыя парафіі, дзе часам гаварыў казанні па-беларуску. Найчасцей ён прамаўляў па-беларуску ў Уле, дзе мінулы пробашч Уладзіслаў Межвіньскі – рэдкі для тых часоў выпадак –карыстаўся ў касцёле беларускай мовай.

Ксёндз Будзька ўзяўся за аднаўленне рэлігійнага жыцця ў Шацілаве, за 23 кіламетры ад Полацка, дзе была каталіцкая парафія, скасаваная царскімі ўладамі. Служыў набажэнствы ў прыватным доме і збіраў грошы на пабудову капліцы.

У 1911 годзе ксёндз Францішак Будзька другую рэлігійную кнігу па-беларуску. Гэта быў пераклад кнігі «Бл[аслаўлёны] Андрэй Баболя, якую за год да таго выдаў у Вільні па-польску ксёндз Ян Урбан. Пераклад ксяндза Будзькі ўбачыў свет у віленскай друкарні Марціна Кухты. На выбар тэмы, відаць, паўплывала месца служэння. Парэшткі благаслаўлёнага ксяндза-езуіта Андрэя Баболі, якога ў 1655 годзе закатавалі казакі на Палессі, перахоўваліся ў Полацку. Да перакладзенага тэкста была далучаная паэма пра Баболю, якую, на думку літаратуразнаўцы Язэпа Янушкевіча, мог напісаць Янка Купала.

Былы касцёл дамініканаў у Полацку

Першая каталіцкая газета

У 1912 годзе ксёндз Францішак Будзька вяртаецца ў Пецярбург, дзе служыць вікарыем у касцёле святога Станіслава. Ён працягвае падтрымліваць сувязі з беларускімі дзеячамі, пашырае беларускую ідэю сярод студэнтаў духоўных навучальных устаноў Пецярбурга і Вільні.

У тым самым 1912 годзе ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі была ладная жменька студэнтаў-беларусаў, якія заснавалі свой гурток – спачатку неафіцыйны, а ў 1913 годзе легалізаваны кіраўніцтвам акадэміі. Ксёндз Будзька ладзіў на сваёй кватэры сустрэчы беларусаў, якія вучыліся ў духоўнай акадэміі і Пецярбургскім універсітэце. На гэтыя сустрэчы прыходзілі Браніслаў Тарашкевіч, Клаўдзіюш Дуж-Душэўскі ды іншыя маладыя беларусы.

У беларусаў-каталікоў нарэшце з’явілася дастаткова інтэлектуальных сілаў для выдання штотыднёвай газеты. Ксёндз Францішак Будзька быў адным з ініцыятараў яе выдання, у 1912 годзе ён закончыў неабходныя фармальнасці, арганізаваў склад рэдакцыі і аказаў пэўную грашовую дапамогу. Каталіцкая газета пад назвай «Беларус» пачала выходзіць у студзені 1913 года ў Вільні лацінкай. Першым рэдактарам быў Антон Бычкоўскі, якога пазней замяніў Баляслаў Пачопка. Газета змяшчала публіцыстычныя артыкулы на грамадскія і рэлігійныя тэмы, біяграфіі святых, вершы і апавяданні, чытацкія лісты і апошнія навіны Касцёла і свету.

Ксёндз Будзька рэдка пісаў артыкулы ў «Беларус». Ці, можа, не падпісваўся. У №2 за 1913 год выйшаў яго артыкул «Аб малжэнстві», а ў №5 за 1914 – пасмяротны ўспамін пра біскупа Стафана Данісевіча, падпісаныя крыптонімам «Х.Р.В». Затое, калі рэдакцыя сутыкнулася з фінансавымі цяжкасцямі, ксёндз Будзька адным з першых прыйшоў на дапамогу.

У 1913 годзе беларускі каталіцкі рух знайшоў апекуна ў выглядзе княгіні Магдалены Радзівіл. Справы адразу пайшлі весялей. Рэдакцыя прыступіла да выдання серыі кніг, у якой у 1914 годзе выйшлі Будзькавы пераклады «Кароткай гісторыі святой» і «Кароткага выяснення абрадаў Р.-Каталіцкаго касцёла». Тады ж рэдакцыя «Беларуса» выдала і адзіную кнігу, якую ксёндз Будзька напісаў сам – «Некалькі слоў аб пакуце». У ёй святар тлумачыў чытачам, як рыхтавацца да сакраманта споведзі.

Касцёл Святой Тройцы ў мястэчку Ула

Брыльянты Радзівіліхі

Сярод беларускіх дзеячаў пачатку ХХ стагоддзя была папулярная ідэя адраджэння ўніі, якая магла б даць народу Божае Слова ў роднай мове і вывесці народ з-пад польскага і расійскага уплываў. Францішак Будзька цікавіўся гэтай ідэяй, яшчэ калі вучыўся ў акадэміі. У 1906 годзе Алаіза Пашкевіч (Цётка), якая хавалася ад царскіх рэпрэсій у Галічыне, перасылала Будзьку праз Эпімаха-Шыпілу ўніяцкую літаратуру.

Ідэю Уніі падтрымлівала і Магдалена Радзівіл. Але пры царскай уладзе яе ажыццяўленне не выглядала магчымым. Надзея на лепшае ў гэтым пытанні з’явілася пасля Лютаўскай рэвалюцыі. У першай палове 1917 года Радзівіліха, параіўшыся перад тым з мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім, сустрэлася ў Мінску з беларускімі святарамі Францішкам Будзькам і Люцыянам Хвецькам. Яна перадала ім пярсцёнак з брыльянтам і брыльянтавае калье. Княгіня наказала прадаць гэтыя каштоўнасці і патраціць грошы на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме –установы, дзе беларусы мелі рыхтавацца да святарскай службы ва ўсходнім абрадзе.

Ахвяраванне, аднак, не дасягнула сваёй мэты. Упрыгожванні былі перавезеныя падалей ад фронту ў Пецярбург, а там да ўлады прыйшлі бальшавікі. У 1924 годзе, калі ксёндз Будзька ўжо не жыў, а ксёндз Хвецька сядзеў у турме, ксёндз Фабіян Абрантовіч вывез упрыгожванні ў Польшчу і распарадзіўся імі па-свойму. Ён прадаў іх, пазычыў грошы біскупу Зыгмунту Лазінскаму на будоўлю семінарыі ў Пінску, а потым перадаў правы на іх ордэну марыянаў, у які неўзабаве ўступіў. Радзівіліха на той час жыла ў Нямеччыне, спрабавала пераканаць ксяндза Абрантовіча выканаць яе волю, але той не паслухаў.

Згубленая Янатруда

У 1916 годзе ксёндз Будзька вяртаецца на Полаччыну, набывае фальварак Янатруда, што каля станцыі Глушаніна на чыгунцы Полацк – Віцебск. У фальварковым доме была капліца, у якой ксёндз Будзька служыў набажэнствы. Ён хацеў пабудаваць у Янатрудзе касцёл у беларускім народным стылі, і даручыў распрацаваць праект архітэктару Лявону Вітан-Дубейкаўскаму. Той распрацаваў. У студзені 1917 года царскія ўлады далі дазвол на будаўніцтва.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі грамадскае жыццё актывізавалася, і беларускія святары вырашылі склікаць з’езд беларускага каталіцкага духавенства. Ксёндз Францішак Будзька ўвайшоў у яго аргкамітэт. На з’ездзе ён, аднак, не выступаў. З’езд, які прайшоў у катэдральным касцёле ў Мінску, выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расіі, беларусізацыю школьніцтва і рэлігійнага жыцця, выкладанне беларускай мовы і гісторыі ў духоўных навучальных установах, перавод беларускіх святароў у беларускія парафіі.

Праект касцёла «ў беларускім стылі» ў Янатрудзе

Касцёл у Янатрудзе ксёндз Будзька не пабудаваў. Прыйшла бальшавіцкая ўлада, і стала не да будоўлі. Бальшавікі чапляліся да ксяндза Будзькі, але не арыштавалі і не расстралялі. Захварэўшы на запаленне лёгкіх, святар памёр сваёй смерцю 2 лютага 1920 года ў Янатрудзе.

Невядома, дзе пахаваны ксёндз Францішак Будзька. Пад бальшавіцкім рэжымам, пэўна, ніхто не паставіў яму помнік – і магіла зраўнялася з зямлёй. Гэтаксама як магіла памёрлага ў 1922 годзе ў Сянне ксяндза Аляксандра Астрамовіча, які пісаў вершы пад псеўданімам Андрэй Зязюля. Краязнаўца з Полацка Міхась Баўтовіч спрабаваў знайсці магілу Будзькі і рэшткі фальварка Янатруда, але безвынікова.

На Грамніцы, 2 лютага 2015 года, у 95-ю гадавіну смерці, за супакой душы ксяндза Францішка Будзькі будуць маліцца ў ягонай роднай парафіі, у Параф’янаве.

Кастусь Шыталь

0
Міцяй / Адказаць
12.02.2015 / 15:17
Дзякуй НН! Цікавы артыкул...
0
Алёна К. / Адказаць
12.02.2015 / 18:15
Цікава, а дзе можна пабачыць тыя кніжкі, якія выдаваў ксёндз Францішак?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру