Штодня ў «хуткую дапамогу» звяртаюцца людзі, якія пацярпелі праз зімовыя забавы. Слізгаючы з гор на санках альбо лыжах, асвойваючы канькі ці сноўборд, народ справядліва асцерагаецца прастуды і абмаражэнняў, але бяда часам сцеражэ з іншага боку.

mport.ua

mport.ua

Кожны з нас ведае, што з паламанай сківіцай і не паясі, і не пагаворыш, таму бяскрыўдныя з нашага гледзішча ўдары падбароддзем альбо шчакой мы часам не прымаем усур’ёз. Асабліва схільныя не турбавацца па дробязях тыя, хто перад паходам на мароз «грэўся» народнымі сродкамі. Маштабы праблемы даходзяць да чалавека на 2-3 дзень, потым некалькі дзён, звычайна, чалавек спадзяецца на «само пройдзе», а ў выніку на тыдні і нават месяцы трапляе ў лякарню, куды вяртаецца зноў і зноў. Здараюцца і казуістычныя выпадкі: чалавек месяц лечыць у неўрапатолага неўралгію трайнічнага нерва (думае, што застудзіў нервы, пакуль мёрз на горцы), глытае жменямі абязбольваючыя ды сасудзістыя прэпараты, пакуль нарэшце падчас чарговай кансультацыі на здымках не знаходзяць паджываючы пералом. І тады згадвае пра ўдары падчас катання.

Як жа не прапусціць праблему?

Першае: трэба зразумець, што нават параўнальна лёгкі ўдар можа зламаць сківіцу, калі сіла будзе прыкладзеная ў пэўную кропку.

Таму катайцеся, спрачайцеся, не давайце прыкурыць і скачыце з парашутам з закрытым ротам. Атрымаўшы па сцятых зубах, вы рызыкуеце 1-2 зубамі, а вось удар пры адкрытым роце амаль гарантуе, што пералом сківіцы пазбавіць вас працаздольнасці сама мала на тры тыдні.

Другое. Нават спецыяліст па сківічна-тваравай хірургіі ніколі не скажа «не, ў вас усё добра», пакуль не пабачыць рэнтгенаграмы вашай сківіцы.

Больш за тое: калі пры аглядзе доктар бачыць адно месца пералому, напраўду іх там можа быць і два, і тры. Таму ў бліжэйшы час пасля траўмы завітайце да ўрача-траўматолага, а найлепей – да хірурга-стаматолага па накіраванне на здымак.

Трэцяе. Параўнальна «свежым» ваш пералом будзе прыблізна 48 гадзін, пасля чаго значна ўзрастае рызыка запалення косткі.

Паколькі большасць пераломаў ніжняй сківіцы праходзяць паміж зубамі, гэта адкрытыя пераломы. А мікробаў у роце поўна. Вось і пачынаецца запаленне, якое не дае костцы добра зрастацца. І калі такое запаленне не вылечыць за першыя некалькі дзён, дык штовосень будзеце мець абвастрэнні, а кожнае абвастрэнне – гэта адміранне чарговага кавалка сківіцы.

Якія ж прыкметы нельга ігнараваць, каб не прапусціць пералом?

Па-першае, кроў у роце і нібыта выбіты зуб, якога вы ў руках не трымалі.

Як правіла, пры пераломах адломкі сківіцы крыху разыходзяцца, і паміж зубамі ўтвараецца прамежак. Калі вы глядзіце ў люстэрка і бачыце, што злева зубы нібыта ніжэй, чым справа, а паміж імі шчыліна – гэта і ёсць пералом, выклікайце «хуткую».

Па-другое, за пералом сведчаць парушэнні прыкусу.

Калі знешне непашкоджаныя зубы раптам сталі закрывацца крыва, нязвыкла, а сківіцу пры спробе адкрыць рот вядзе крыху набок – гэта ўскоснае пацверджанне пералому сустаўнага адростка сківіцы – таго, якім сківіца мацуецца ў ямках на чэрапе.

Па-трэцяе, ёсць два простых прыёмы адчуць пералом.

Прыадкрыйце рот і націсніце на падбароддзе знізу ўверх і спераду назад. Рэзкі боль ля вушэй альбо ў вугалках сківіцы пакажа, што трэба звяртацца па дапамогу. Можна пры напаўадкрытым роце аберуч сціснуць звонку вуглы сківіцы (пад вушамі). Калі вы зрабілі тое і тое, але аніякага сур’ёзнага болю не адчулі – падобна, што вам пашанцавала.

І апошняе. Калі раптам на 3-4 дзень усё стала нашмат горш, чым было – з’явіліся ацёк, ушчыльненне шчакі ці губы, пачырваненне скуры, павысілася тэмпература, пайшоў непрыемны пах з рота – імаверна, гэта запаліўся ваш праігнараваны пералом.

На сёння ў краіне вам могуць прапанаваць 2 спосабы парамантаваць «санкі»: кансерватыўны і аператыўны. Першы – гэта добра вядомыя яшчэ з Севастопальскай ваеннай кампаніі шыны з дроту, якія тонкімі драцінкамі прыкручваюцца да зубоў. Сэнс у тым, што на шынах выгнутыя кручкі, за якія зачапляюцца гумовыя колцы – і гумовая цяга прыціскае ніжнія зубы да верхніх, што дазваляе адломкам зрастацца ў правільным становішчы. Лячэнне праводзіцца пад мясцовай анестэзіяй у звычайным стаматалагічным крэсле, працэдура займае ад 15-20 хвілін да 1-2 гадзін (і даступная ў Мінску круглыя суткі, нягледзячы на выходныя ды святы), гумкі здымаюць праз 2-3 тыдні, дрот – праз 3-4 тыдні пры нармальным зажыўленні. Першыя 7-10 дзён пацыент праводзіць у лякарні, надалей назіраецца амбулаторна.

Другі спосаб – остэасінтэз тытанавымі міні- альбо мікрапласцінамі – перастаў быць экзотыкай для беларускай медыцыны ўжо гадоў як з пятнаццаць. Але, паколькі аперацыя гэтая праводзіцца пад агульным наркозам у аперацыйнай і патрабуе адмысловых інструментаў і дасведчанага спецыяліста-хірурга, праводзяць яе не ўсім «паламаным» пагалоўна, а па паказаннях, сярод якіх найперш складаныя пераломы, калі немагчыма іншым шляхам зафіксаваць адломкі, адсутнасць вялікай колькасці зубоў, зашчамленне мяккіх тканак у лініі пералому. Дзеля кантролю прыкусу выкарыстоўваюцца папярэдне накладзеныя дратовыя шыны. Тэрміны назірання такія ж.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?