17.01.2008 / 15:06

Франак Вячорка: Дубляж «Шрэка» важнейшы за 35 затрыманьняў 31

Учора старшыня культурніцкай каміісіі Партыі БНФ Франак Вячорка быў затрыманы ў пастарунку, куды прыехаў падтрымаць затрыманых сяброў. А сёньня судзьдзя ўляпіла яму 15 сутак за «нецэнзурную лаянку». Напярэдадні затрыманьня ён акурат гутарыў з карэспандэнткай «НН».

Учора старшыня культурніцкай каміісіі Партыі БНФ Франак Вячорка быў затрыманы ў пастарунку, куды прыехаў падтрымаць затрыманых сяброў. А сёньня судзьдзя ўляпіла яму 15 сутак за «нецэнзурную лаянку». Напярэдадні затрыманьня ён акурат гутарыў з карэспандэнткай «НН» — пра папугаяў, якія размаўляюць па-беларуску, пра місію чалавека на гэтым сьвеце, пра «Белсат» і аўдыёбізнэс. А таксама пра затрыманьні.

«У дзяцінстве было цяжка»

«НН» Сп. Франак, наша сустрэча адбываецца на сядзібе БНФ. Не магу не задаць вам пытаньне, якое мяне даўно цікавіць. Чаму над офісам БНФ бел-чырdона-белы сьцяг то ёсьць, то няма? Калі англійская каралева прысутнічае ў сваім замку, над ім узьнімаюць нацыянальны сьцяг. Вы такім чынам, можа, адзначаеце наяўнасьць ці адсутнасьць у сядзібе кіраўніка Фронту?

Франак Вячорка: (сьмяецца) Сьцяг ёсьць заўсёды. Нейкія пачвары шкодзяць трымальнікі, на якіх ён мацуецца, пакуль наладзім – няма на што павесіць. Нядаўна у міліцыю зьвярталіся.

«НН»: Да вашых адносінаў зь міліцыяй мы вернемся пазьней, а пакуль я папрасіла б вас, дзеля знаёмства, распавесьці трошкі пра вашу сям’ю. Вы – сын актыўных грамадзкіх дзеячаў Арыны ды Вінцука Вячоркаў. Скажыце, калі ласка, як Вы адчуваеце сябе ў гэтай сям’і як сын? Што далі або, можа, не далі Вам бацькі? Чаму Вы ад іх навучыліся?

ФВ: Я ганаруся сваімі бацькамі, як ніхто. Ад маленства гадаваўся ў асяродку выдатных людзей. Анатоль Сыс вучыў пісаць вершы, Новік-Пяюн расказваў казкі. Мама займалася рыцарскімі клюбамі, а таму ўсё дзяцінства штурмаваў замкі ў Лошыцы, махаў мячом на турнірах, езьдзіў па Беларусі пад музыку «Камэлёту». Тата прышчапіў цікавасьць да палітыкі і мовазнаўства. Я шчасьлівы праз гэта. Мяне дакараюць: маўляў, вядома, чый ты сын! Не памыляюцца. Вялікая заслуга маіх зьдзясьненьняў належыць менавіта бацькам, якія выхавалі і навучылі жыць ды перамагаць.

«НН»: Па горадзе ходзіць пагалоска, што ў вашай сям’і нават папугай гаварыў па-беларуску?

ФВ: Так, яго звалі Дзюба, а дакладней – Дзюба – добрая птушачка. Птушкі, марскія сьвінкі, каты, пацукі, хамякі ажыўлялі жыцьцё нашай сям’і, і без таго бурлівае.

«НН»: Ці не было ў вас у дзяцінстве такога адчуваньня, што Вашая сям’я не такая, як усе? Ці адбівалася грамадзкая дзейнасьць бацькоў на Вашым дзіцячым самаадчуваньні?

ФВ: Адбівалася. Дзяцінства было цяжкое, але нядоўгае. Кожнае дзіцё падсьвядома мкнецца быць як усе, каб на яго не паказвалі пальцам... Малым я часта перажываў з-за ўсякіх палітычных пэртурбацыяў. Памятаю Чарнобыльскі шлях, калі пераварочвалі машыны, я, зусім малалетні, ішоў у першых шэрагах, мне было тады гадоў восем-дзевяць... Памятаю, як на бацьку завялі крымінальную справу, і яго галадоўку... Першыя стасункі зь міліцыяй – ва ўзросьце 12-і, а затрымлівалі ўвогуле разоў 30-35. Але тут няма чым ганарыцца.

«НН»: Можа, вы ўжо прызвычаіліся да затрыманьняў ці да гэтага немагчыма прызвычаіцца?

ФВ: Прызвычаіўся, але не зьмірыўся. Мірыцца з гэтым я ня буду. Напрыклад, у савецкім РУУСе я госьць чаканы. Няхай сабе. Знаёмствы зь міліцыянтамі дазваляюць зразумець іх, размаўляць зь імі, а значыць, і ўзьдзейнічаць на іх. Зь міліцыянтамі – не з амапаўцамі – можна і трэба паразумецца.

«НН»: А з амапаўцамі – не?

ФВ: З амапаўцамі – не. Паводзяць яны сябе па-зьверску. Валянцін Мазец, які выкладаў у часьці Паўлічэнкі, расказваў, што ў бальшыні спэцназаўцаў няма сем’яў, ім забараняецца чытаць газэты, ад таго адсутнічае асабістае меркаваньне. Калі нас з Хведаруком, Калітом бралі ў Салігорску падчас суду над Шылам, пераканаўся ў страчанасьці гэтых асобаў... Язык не паварочваецца называць гэтых чарнасоценцаў беларусамі.

«Дзядуля – сымбаль працавітага і адказнага чалавека»

ФВ: Бабуля Аля – маці таты – дарагі мне чалавек, пасьлядоўна выпісвае “Нашу Ніву”. Вельмі любіў дзеда Рыгора. Летась ён памёр. Адказны, мудры, працаваў сумленна і рупліва. Радзіў Машэраву ў эканамічных пытаньнях, замяшчаў кіраўнікоў Дзяржпляну. Толькі ўявіце. Плянавая эканоміка. Ніякай нябачнай рукі рынку няма. Усе цэны, разьлікі, прагнозы, фінансавыя абароты вызначаюцца групай інтэлектуалаў зь Дзяржпляну. Памылка – капец. Гэтыя асобы – героі, -- здабывалі сваім потам які-ніякі дабрабыт.

«Да беларускасьці людзі далучаюцца праз культуру»

«НН»: У чым вы бачыце сваё прызначэньне?

ФВ: Кожны чалавек у жыцьці мае нейкую місію. Яна можа быць пэўнай і абстрактнай. Я пачаў нешта такое ўсьведамляць у Ліцэі. Мне прышчапілі адказнасьці, сыстэмнасьці, упартасьці, а ў якасьці начынкі – ведаў. Я не паехаў вучыцца за мяжу, як бальшыня аднагрупнікаў. Як мы зьбіраемся нешта зьмяняць у краіне, няшчадна пасылаючы моладзь за мяжу?! Трэба быць тут і кропка.

Мне 19. Шукаю сябе. Маю на гэта час. Троху займаюся мовазнаўствам, публікаваўся ў «Родным слове», нятроху – палітыкай – але так, ціха-ціха. Трэба ж неяк давучыцца ва ўнівэрсытэце. Калі закончу – тады дам жару. Мяне шмат што не задавальняе, і я не з шарагоўцаў.

Перамагаць трэба ў культуры. У культуры шлях да свабоды. Дубляж «Шрэка» на беларускую альбо аўдыёкніга Міколы Ермаловіча ня менш важныя за Эўрапейскі або Сацыяльны маршы. Марш прайшоў, пра яго забылі, а фільм, аўдыётрэкі застануцца ў Сеціве, і будуць аўтаномна функцыянаваць, прыцягваць новых людзей да беларушчыны. Прайшло паўтара года ад дубляваньня другога Шрэка, а мне й сёньня пішуць шчасьлівыя людзі, якія знайшлі ў сетцы пераклад, у захапленьні і жадаюць дапамагчы... Людзі павераць нашым палітыкам тады, калі ўбачаць у іх культурніцкую альтэрнатыву.

«НН»: Што Вы лічыце сваімі самымі яркімі посьпехамі і ўдачамі?

ФВ: Складанае пытаньне... Толькі посьпехі. Вялікая перамога – захаваньне Ліцэю.. Ня спалі ночы, друкавалі ўлёткі, ладзілі акцыі і зьбіралі подпісы. Як вынік, Ліцэй існуе, дарэчы, шукае абітурыентаў. Я ўсё яшчэ веру, што менавіта ліцэісты будуць ствараць новую Беларусь. Дарэчы, як заўважыў Аляксей Крукоўскі, нават апошні зьезд Партыі БНФ паказаў, наколькі грамадзкае жыцьцё завязана вакол Ліцэю: ліцэйскаму выкладніку супрацьстаяў выпускнік, але перамогу ўзяў намесьнік дырэктара.

Яшчэ посьпехі -- паседжаньні камісіі па культуры, генэратары крэатыўных ідэяў ды ініцыятываў. Стартавала брашурка «Наша культура», Паўлам Дзюсекавым падрыхтаваны дыск «Гімны Беларусі», плянуем зрабіць відэаэкскурсіі па менскіх мясьцінах БНР, робім фільм пра батлейку Пана Скіргайлы, Зьміцер Кісель зь Пінску дапамагае ў складаньні моладзевай мультымэдыйнай энцыкляпэдыі пра БНР. Неўзабаве будзе надрукавана сэрыя беларускамоўных паштовак да Дня сьвятога Валянціна.

Летась выйшла складанка на вершы Купалы, дыск Сокалава-Воюша. У межах «Беларускага Гальфстрыму» выйшлі ужо пяць дыскаў з фільмамі, прадубляванымі на беларускую – «Любоў насамрэч», «Шрэк 2», «Крымінальнае чытво», «Маленькая калядная казка», «Шрэк Трэці». Ня ўсё дублюецца, дубляж дарагі, застаецца на ўзроўні субтытраў ды распаўсюджваецца празь інтэрнэт.

«НН»: А што з распаўсюдам, дарэчы?

ФВ: Распаўсюд – вялікая праблема. Важна хаця б дайсьці да мэтавай групы ды зьберагчы зробленае. Ня веру ў будучыню кніжнага фармату. Новае пакаленьне забудзе пра традыцыйныя бібліятэкі. Трэба ўсё пераводзіць у лічбу. І вельмі добра, каб усе нашыя фільмы, кніжкі, як бы гэта ні шкодзіла рэнтабэльнасьці, траплялі ў Сеціва.

Напярэдадні Калядаў выйшла дзясятая аўдыёкніга, зробленая нашай камандай «БелТонМэдыя» – гэта казка Ганса-Хрысьціяна Андэрсэна «Дзікія лебедзі». Чакайце. Будзе ўся школьная праграма!

«НН»: Аднак адразу ж узьнікае пытаньне: калі разьмяшчэньне ў Сеціве шкодзіць продажам, то як жа тады вяртаць грошы, як працаваць далей?

ФВ: На культуры сёньня не заробіш. Але вось як улада зьменіцца, то гэтыя справы пачнуць прыносіць грошы. І ўсё стане на месца. Усё акупіцца. Усё акупіцца да ліпеня-жніўня 2010 году. Так і трэба працаваць. Зараз цяжка, затое пасьля ніша будзе нашая. Мы зарэгістравалі фірму «БелТонМэдыя» і будзем змагацца за свой сэгмэнт рынку.

Папярэджаньне маладым чытачкам «НН»

«НН»: Ці ёсьць у вас вольны час?

ФВ: Мала. Але я гэта вырашаю. Шмат часу жарэ вучоба – прыходзіцца зубрыць многа такога, без чаго можна было б абысьціся. Але адукацыя – справа сыстэмная, нікуды не падзенесься. Мой адпачынак – гэта сябры, падарожжы, рамантычныя спатканьні...

«НН»: Вось наконт рамантычных сустрэч падрабязьней, калі ласка... Яны ў вас пакуль не выліліся ў пляны ажаніцца?

ФВ: Жаніцца не зьбіраюся. Але я (задумваецца)...Але я ў пошуку.... Разьбіваю жаночыя сэрцы. Жорсткі і самазакаханы! Як мне нядаўна заявілі...

«НН»: Вось як! Тады добра, што пра гэта загаварылі: маладыя чытачкі «НН» будуць папярэджаныя.

Пытаньне ад маладога чытача «НН»

«НН»: Якія кнігі вы параіце браць з сабой на адседку?

ФВ: Найлепшая кніжка для гэтых мэтаў, па якой я зараз настойліва раю «Белсату» зьняць фільм – гэта «У кіпцюрах ГПУ» Аляхновіча. З тых часоў нічога не зьмянілася! Тыя ж думкі, цёмныя лямпачкі, груканьне ў сьцены, страх, няўпэўненасьць. Гэта тое, што бачыш навокал. Яшчэ параю нешта для душы. Я чытаў Мілана Кундэру. Выдатна ідуць «Фрашкі да пляшкі» Севярына Квяткоўскага. Бацька ў турме звычайна працуе, робіць пераклады, піша артыкулы. Але гэта каму як.

«Белсат» і палякі

«НН»: Вы загаварылі пра сваю супрацу зь «Белсатам». Якое ў вас уражаньне ад яе, ад гэтага каналу?

ФВ: Усё яшчэ толькі пачынаецца. Ідэя харошая, правільная. Але канал створаны палякамі, і гэта адчуваецца, хоць там і працуюць пераважна беларусы. У любым разе трэба думаць пра стварэньне сваёй уласнай беларускай тэлевізіі. Пакуль глядзеў толькі праз інтэрнэт, ні я, ні сябры талерак ня маюць, высновы нейкія рабіць цяжка. Але створаная каналам прадукцыя заслугоўвае, натуральна, пахвалы – фільмы, сэрыялы, кінапубліцыстыка. Я зь «Белсатам» ад пачатку, дапамагаў аддзелам перакладаў, графікі, кінапрадукцыі. Зараз зьбіраю прапановы для пастаноўкі новых фільмаў ды спэктакляў.

* * *

Франак Вячорка

вядомы многім як ініцыятар беларускіх культурніцкіх і грамадзкіх праектаўі: то, чутно, каманда пад яго кіраўніцтвам агучыла па-беларуску культавы галівудзкі фільм альбо папулярны мульцік, то зладзіла акцыю-пэрформанс... Апошнім часам сп. Франак займаецца аўдыёкнігамі. А яшчэ Франак Вячорка – кіназорка, галоўны герой фільму польскага рэжысэра Міраслава Дэмбіньскага «Урокі беларускай мовы». Яму 19 год, ён студэнт БДУ, і яго 35 разоў затрымлівала міліцыя.

Гутарыла Наталка Бабіна

0
Іван (тэханмінгук) / Адказаць
17.01.2008 / 15:27
Працуй Франак. Культура - гэта тое чаго нам не хапае. Дзякуй за такую працу.
0
Дыфэрэнцыял / Адказаць
17.01.2008 / 15:34
Каб у мяне быў лiфчык, зьняў бы i пакруцiў у паветры -- такое натхняльнае iнтэрвiю.
0
Pilecki / Адказаць
17.01.2008 / 15:50
"Дзяцінства было цяжкое, але нядоўгае"."Троху займаюся мовазнаўствам, публікаваўся ў «Родным слове», нятроху – палітыкай – але так, ціха-ціха"."Людзі павераць нашым палітыкам тады, калі ўбачаць у іх культурніцкую альтэрнатыву"."На культуры сёньня не заробіш. Але вось як улада зьменіцца, то гэтыя справы пачнуць прыносіць грошы. І ўсё стане на месца. Усё акупіцца. Усё акупіцца да ліпеня-жніўня 2010 году"."Але я ў пошуку.... Разьбіваю жаночыя сэрцы. Жорсткі і самазакаханы!"... Цырк! Даўно так не сьмяяўся! Аўтарцы інэрв'ю сто балаў!
Паказаць усе каментары/ 31 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру