Асобы:

Халевіч
Люба — яго жонка
Вольга і Ігар — іх дзеці
Тэледыктар
Лекарка і два санітары

Кватэра ў шматпавярховым доме. Агульны пакой, абстаўлены такой-сякой мэбляй. На падаконні гаршкі з кветкамі. Адныя дзверы ў вітальню, другія — спальню, трэція — на кухню. На канапе, перад тэлевізарам, сядзіць Люба.

Тэледыктар: …Прысутнасць на тэрыторыі Украіны расійскіх ваенных запатрабавала растлумачыць канцлер Германіі Ангела Меркель падчас тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным…

Халевіч (са спальні): Я цябе па-добраму прашу: выключы тэлевізар.

Тэледыктар: …камандзіры апалчэнцаў прызналі, што расіяне насамрэч ваююць на іхнім баку, але гаворка ідзе не пра рэгулярныя часці, а пра добраахвотнікаў, якія знаходзяцца там за кошт уласнага адпачынку.

Халевіч: Божа, як можна слухаць гэтую брахню!

Люба: Гэта не брахня.

Тэледыктар: Пастаянны прадстаўнік Расіі пры АБСЕ ў сваю чаргу заявіў, што Расія не прымае…

Халевіч: Добра, хай будзе па-твойму — не брахня, а святая праўда. Толькі ўсё адно выключы.

Люба: Не.

Халевіч: Ну дык я зараз зраблю гэта сам.

Люба: Толькі паспрабуй (хавае пульт ад тэлевізара за спіну).

Тэледыктар: «Мы выразна заявілі, што ніякага ўдзелу расійскіх ваенных у канфлікце няма».

 

У пакой уваходзіць Халевіч і, акінуўшы позіркам канапу, вырывае шнур ад тэлевізара з разеткі.

 

Халевіч: Калі ўключыш, выкіну тэлевізар у акно — ты мяне ведаеш: далібог выкіну.

Люба: А якая табе справа да таго, што я слухаю? Цябе ўжо няма, ты мяне кінуў.

Халевіч: Не прыдумляй, я цябе не кідаў. (Ідзе ў спальню).

Люба: А вось кінуў, кінуў! (Румзае).

Халевіч (са спальні): От жа, баба!

Чуваць званок. Люба выходзіць у вітальню, пасля варочаецца з Вольгай.

Вольга: Мама, што здарылася, што з татам, сэрца?

Люба: Не, горай.

Вольга: Што горай? Паралюш разбіў?

Люба: Які там паралюш!

Вольга: А што? Ну, кажы!

Люба: З глузду з’ехаў!

Вольга: Як? Калі?

Люба: Не ведаю, але яшчэ ўчора, здаецца, здаровы быў.

Вольга: Так. (Азіраецца). Дзе ён?

Люба: У спальні.

Вольга: Ляжыць?

Люба: Не, збіраецца на вайну.

Вольга: Божа, на якую вайну?

Люба: Ва Украіну.

Вольга: Ага, зразумела.

Са спальні выходзіць Халевіч з заплечнікам у руках.

Халевіч: Ну і што табе зразумела? (Кідае заплечнік на канапу).

Вольга: Што мама мае рацыю, ты насамрэч звар’яцеў. (Цалуе Халевіча ў шчаку).

Халевіч: Вось табе і на! Ну то дзякую, дачушка, шчыра дзякую!

Вольга: Няма за што. Гэта ты з заплечнікам на вайну сабраўся?

Халевіч: З ім.

Вольга: І што там, калі не сакрэт (тыцкае заплечнік пальцам), выбухоўка?

Халевіч: Дзе там.

Вольга: А што?

Халевіч: Ну — шарсцяныя шкарпэткі, швэдар, зімовая куртка, чаравікі.

Вольга: Глянь, дык ты мяркуеш праваяваць там да зімы?

Халевіч: Калі не пераможам, што ж — значыць, прыйдзецца.

Вольга: Але гэта немагчыма.

Халевіч: Чаму?

Вольга: Бо цябе заб’юць на другі дзень.

Люба: І я яму гэта казала: падстрэляць, як зайца на паляванні.

Халевіч: Значыць, гэтыя рэчы дастануцца каму іншаму.

Вольга: Ну ўсё, хопіць гэтых жартачак.

Халевіч: А скуль ты ўзяла, што я жартую?

Вольга: Чакай, дык ты мо і работу кінуў? (Глядзіць на Любу).

Люба: Кінуў! Кінуў! (Ламае рукі). Божа, пяць гадоў да пенсіі засталося! (Наступае на Халевіча). Хто цябе, дурань ты стары, цяпер куды возьме, каму ты патрэбны?

Халевіч: Ну-ну, цыц, баба, я ведаю, што раблю.

Люба: Бачыш, дачушка, як ён мяне трактуе, во да чаго я дажылася. (Румзае).

Вольга: Не, а сапраўды, тата, аб чым ты думаў?

Халевіч: А што мне думаць? Мяне ж падстрэляць на другі дзень, як зайца на паляванні.

Вольга: Так, з табой усё ясна. Ну а мама?

Халевіч: Што мама?

Вольга: Як яна без цябе будзе?

Халевіч: Вядома як — як іншыя без мужыкоў, гэдак і яна. У яе век…

Люба (румзаючы, да Вольгі): Чуеш, што кажа?

Халевіч (да Любы): Не перапыняй, калі ласка. (Да Вольгі). Пра што я там пачынаў?

Вольга: Нешта пра матчын век.

Халевіч: А, дык вось: у яе век (паказвае пальцам на Любу), ужо трэба задумвацца, як жыць без мужыка, які ў любую хвіліну можа выпрастаць ногі.

Люба: Я нешта не ўцямлю: цябе паслухаць, ледзь душа ў целе, хоць зараз у дамавіну кладзі, а як на вайну ісці — дык нічога.

Вольга: І праўда, тата, як жа ты там, гэткі хворы, ваяваць збіраешся?

Халевіч: Я не казаў што хворы, не перакручвайце.

Вольга: Як не казаў, калі мы на свае вушы чулі.

Люба: Вось што: ён з нас здекі строіць. Не, я не вытрымаю. (Бярэцца за сэрца). Вой, сэрца!

Халевіч: Нічога, пройдзе, кроплі выпі, альбо валідолу пад язык вазьмі. Урэшце, няўжо ўсё жыць будзем і раней ці пазней не давядзецца разлучацца?

Вольга: Ага, і ты, тата, вырашыў з гэтым пытаннем не цягнуць.

Халевіч: Не, не тое, зусім не тое. Але калі кожны з нас…

Вольга (закрывае ладонямі вушы): Усё, усё, маўчы, ведаю, пра што будзеш казаць! Што як рудыя мышы загінем, калі не будзем супраціўляцца, што ніколі не падымемся з каленяў, калі не паўстанем… Тата, родны, я ўжо дваццаць пяць гадоў гэта чую!

Люба: А я трыццаць.

Халевіч: Хоць сто: для праўды няма тэрміну даўніны.

Вольга: Слушна.

Халевіч: Я цешуся, што мы паразумеліся.

Вольга: Пачакай, яшчэ не зусім. Ты ў нас, вядома, ваяка, маці — плакальшчыца, ну а я хто ў тваёй п’есцы, пра мяне ты падумаў?

Халевіч: Я пра цябе думаў, калі ты малая была. Альбо, можа, у школу і інстытут раздзетая і галодная хадзіла?

Вольга: Не, ты быў добрым бацькам, любіў мяне.

Халевіч: Ты кажаш так, быццам я цяпер цябе не люблю.

Вольга: Любіш. Але во толькі ўяві сабе, што са мной станецца, калі празнаюць, што мой бацька ваюе за Украіну?

Халевіч: Нічога не станецца. Гэтак будзеш сядзець, як і цяпер сядзіш у сваёй падатковай інспекцыі, а калі нават той-сёй і гляне коса, дык дзірку не выглядзіць.

Люба: А што калі запытаюцца, га?

Халевіч: Скажа: дзеці за бацькоў не адказваюць. На благі канец адрачэшся: маўляў, ён мне болей не бацька і ўсё.

Люба: Што ты мянціш языком, адумайся!

Халевіч: А што такога? Ці ёй першы раз выракацца?

Вольга: Вось ты як! Дзякую, тата; я ведала-такі — дакорыш.

Халевіч: Але гэта праўда.

Вольга: Праўда? Не, гэта няпраўда. Вось я табе зараз скажу праўду. Я, пакуль у школе працавала, была чалавекам другога гатунку. Пачакай, пачакай, не перапыняй… Са мной не віталіся, а калі заходзіла ў настаўніцкую, дэманстратыўна змаўкалі. Ваенрук у вочы называў мяне беларускай сучкай, якую не зашкодзіць павучыць бізуном, каб ведала сваё месца, а дырэктар яму…

Халевіч: Дачушка, я ведаю, што табе давялося перацярпець, але ж..

Вольга: Не, не ведаеш. Дырэктар казаў: «Ай, адчапіся ад яе, цяўкае тут нешта сваё і няхай сабе цяўкае, нам ад гэтага ні горача ні холадна».

Чуваць званок

Люба: Гэта Ігар.

Вольга: Я адчыню. (Выходзіць).

Люба: І яе пакрыўдзіў.

Халевіч: Ат, перажыве. А ты, я бачу, усіх на ногі падняла.

Люба: Твой сын мае права ведаць.

Халевіч: Ага, пад трыбунал мяне аддасць.

Люба: Што ты пляцеш?

Халевіч: Тое, што думаю.

Уваходзяць Люба і Ігар у форме маёра міліцыі.

Ігар: Ну, што тут у вас здарылася?

Люба: Палюбуйся во на бацьку.

Ігар: А што з ім? Дарэчы, здароў, бацька (паціскае Халевічу руку) і мама (цалуе Любу ў шчаку). Захварэў ці што?

Люба: На вайну сабраўся.

Ігар: На якую вайну?

Люба: А якая цяпер ідзе?

Ігар: Не ведаю, шмат дзе ваююць — у Сірыіі, у Іраку.

Люба: Не, ён бліжэй — на Данбас.

Ігар: Ага, і нябось вось з гэтым заплечнікам.

Люба: З ім.

Ігар (узважыўшы заплечнік рукой): Цяжкі, бляха. Чым ты яго, бацька, наладаваў: кактэйлямі Молатава, расійскія танкі паліць? Але ж цябе праз мяжу з імі не пусцяць — арыштуюць як піць даць. Ці ты партызанскімі сцежкамі прарывацца сабраўся?

Халевіч: Не, сынок, цягніком паеду.

Ігар: А ў заплечніку што, ну, каліся нарэшце?

Халевіч: Не бойся, нічога супрацьзаконнага.

Вольга: Кажа, швэдар, куртка цёплая, чаравікі.

Ігар: Го! Дык ты думаеш, не дасцё расейцам да зімы рады?

Халевіч: Мо і не дамо.

Ігар: Напэўна, не. Але якая розніца, бо для цябе гэтая вайна нават не пачнецца. А якой гадзіне ў цябе цягнік?

Халевіч: Вечарам, а дзясятай.

Ігар: Што ж, у такім разе да пабачэння, добрай дарогі!

Люба (пляснуўшы рукамі): Сынок, што ты! Як да пабачэння? Якой добрай дарогі?

Ігар: А што, мама, калі чалавеку хочацца, хай сабе едзе, пакатаецца. Няўжо ты думаеш, што ён там прыдасца? Вось уявіце сабе: прыедзе бацька ў Кіеў, прыйдзе на майдан і, запыніўшы першага сустрэчнага, запытаецца: «Прабачце, калі ласка, я тут з Беларусі прыехаў, хачу ваяваць за вашую свабоду. Не падкажаце, да каго мне звярнуцца?»

Халевіч: Ага, сынок, вось менавіта так, як ты кажаш, і будзе.

Ігар: А мінак, вядома, вой як абрадуецца! Маўляў, мы вас ужо даўно чакаем, нам да зарэзу такія дзядзькі трэба.

Халевіч: Я, па-першае, не інвалід, а па-другое — не абавязкова страляць.

Ігар: Будзеш патроны на перадавую падвозіць.

Халевіч: І гэта трэба камусьці рабіць.

Люба: Сынок, бацька не дурыцца, ён насамрэч едзе, у яго білет!

Ігар: Куды білет?

Люба: Да Кіева.

Ігар: А работа?

Люба: Звольніўся.

Ігар: Не можа быць.

Паўза.

Вольга: Сёння ў нас на рабоце была пяціхвілінка, якая зацягнулася на гадзіну.

Люба: І што?

Вольга: Сказалі зацягваць паясы.

Люба: Куды ж іх яшчэ зацягваць і так ледзь дыхаем?

Вольга: Не, яшчэ можна ўціснуцца.

Ігар: Чакайце, якія паясы, пра што вы? Вольга, мама, у чым справа? Чаму я пра бацькаў выбрык даведваюся толькі зараз?

Люба: А хіба ён з намі раіўся? Чорта лысага! Я сама пра гэта во толькі раніцай пачула. Прачнуўся, паснедаў і кажа: «Я, Люба, на вакзал, па білет». Падумала — жартуе. Але калі пайшоў, патэлефанавала на ўсялякі выпадак на аўтабазу, у аддзел кадраў. Кажуць: «А ён тыдзень як звольніўся». Я думала, сэрца не вытрымае. А яму хоць бы хны: радасны такі заявіўся, білет мне паказвае.

Ігар: Ну і дзе той білет?

Люба: Адкуль я ведаю, у яго пытайся.

Ігар: Бацька, пакажы білет.

Халевіч: Нашто ён табе?

Ігар: І праўда! Наогул, гісторыя старая і простая, як граблі: бацька вырашыў загінуць па-геройску. Можа, нават пра помнік дзе-небудзь каля Марыупаля марыць. Школьнікі будуць прыходзіць, кветкі ўскладаць, мэр прамову скажа. І я б так хацеў. Толькі ў мяне свае дзеці-школьнікі — твае, бацька, між іншым, унукі.

Халевіч: І што, што мае ўнукі, яны тут прычым?

Ігар: А вось прычым: яны толькі жыць пачалі, а ты ўжо ім…

Халевіч: Кар’еру мо ламаю? Таксама міліцыянтамі хочуць быць?

Ігар: Так, хочуць.

Люба: Хопіць вам ужо, сціхніце!

Ігар: Не, мама, пачакай, тут прынцыповае пытанне! Бо мне падаецца, бацька мяне дакарае, што я ў міліцыі служу. А хіба я ў цябе, тата, не пытаўся, ісці мне ў міліцыю ці не?

Халевіч: Пытаўся.

Ігар: А ты што мне сказаў, га? Што?

Халевіч: Сказаў: «Калі хочаш — ідзі».

Ігар: Ага, вось!

Халевіч: Але ў міліцыю, сынок, а не ў банду.

Ігар: Дагаварыўся! Ты нас бандай лічыш?

Халевіч: Мала што засталося.

Ігар: О як! Ну то дзякую, бацька!

Халевіч: На здароўе.

Ігар: Не чакаў, далібог не чакаў.

Халевіч: Пагодзь, яшчэ не таго дачакаешся.

Ігар: Чаго ўжо больш?

Халевіч: Ёсць рэзервы. Вось паадчыняеце канцлагеры… справы пойдуць.

Ігар: Якія канцлагеры?

Халевіч: Пазганяеце туды розных дармаедаў.

Ігар: Вунь яно што! Пашкадаваў алкаголікаў, гультаёў, валацугаў?

Халевіч: Пашкадаваў, бо ўсім спачуваю, акрамя таўстамордых падлюгаў, які сядзяць у кабінетах і цяпер з пераляку — а раптам прыйдзецца адказваць, што яны за двадцаць гадоў выседзелі, не лічачы маёнткаў і рахункаў у банках, — прыдумалі, каб ніхто нават пікнуць не насмеліўся, канцлагераў панабудоўваць. І яшчэ: ты моцна памыляешся, калі мяркуеш, што іх гультаі розныя і алкаголікі. Не, яны такім, як я, цуглі прымерваюць, рабацягам, і пакуль да смерці не заездзяць — не злезуць!

Ігар: Такі, бацька, свет, ніхто не казаў, што ён справядлівы.

Халевіч: Ты яшчэ дадай, што ён такі ад Бога, што гэта Бог так запраектаваў. Ці во, у мацеры запытайся, яна ўсё ў царкву бегае, дык папы там ёй панарасказвалі што да чаго.

Ігар: Усё, даволі палітінфармацыі, у мяне на рабоце ад яе галава пухне. Давайце бліжэй да жыцця. Расклад такі: калі даведаюцца (а спецслужбы не спяць у шапку), што мой бацька ваюе на баку бандэрафашысцкай улады, мяне выкінуць з міліцыі. І куды я падамся — хлеб па крамах развозіць?

Халевіч: Не такі гэта дрэнны занятак.

Ігар: О не, бацька, я маёр, а не шафёр. Больш за тое, я хачу быць палкоўнікам і за гэта пайду на многае.

Халевіч: На што менавіта? Можа, выклічаш нарад і пасадзіш мяне на пятнаццаць сутак? За тое, што махаў рукамі і лаяўся матам? Толькі папярэджваю — калі выйду, усё адно паеду, не запыніш. Так што трэба садзіць мяне гады на два. Але за што? Зрэшты, пакумекаўшы, знойдзеш. Патроны можна падкінуць. Гэта лепш за ўсё, апрабавана: два патроны — два гады.

Люба: Авой, авой, а што гэта ў нас нарабілася, божа, за што?! (Хапаецца за галаву).

Вольга: Нічога, мама, пакуль благога, супакойся. (Абдымае Любу).

Люба: Не, нарабілася, я ведаю. (Плача).

Халевіч: За грахі, маці, расплачваемся. Так, за іх.

Ігар (задуменна): Дык раіш, бацька, падкінуць патроны?

Халевіч: А што, неблагі шлях.

Ігар: Дзякую за параду, але я зраблю інакш.

Халевіч: За спайсы мо пасадзіш?

Ігар: І не спадзявайся. А вось выклікаць псіхіятра па хуткай, каб падзівіўся на цябе, бадай, варта.

Люба: Сынок! Сынок! Ты што, роднага бацьку ў псіхушку здасі?

Ігар: А што, мама, рабіць — ён жа зацяўся, усё адно нас не паслухае.

Люба: Але ж яго там залечаць!

Ігар: Нічога страшнага. Патрымаюць месяц-два — і ўсё.

Халевіч: А добра, сынок, прыдумаў! Калі нават потым і паеду, дык што ж з псіха возьмеш, так? Маладзец! Што таго палкоўніка — ты да генерала даслужышся!

Ігар: Хопіць, больш ніякіх размоў. Бацька, апошні раз прашу: адступіся.

Халевіч: Не.

Ігар: Ну, не наракай. (Дастае з кішэні мабільнік). Хуткая?… Трэба тэрміновая дапамога псіхічна хвораму… Не, на ўліку не стаіць…. Вуліца Пушкіна, 43, кватэра 135… Дзякую… Чакаем. (Хавае мабільнік у кішэнь).

Халевіч: Ага, так. Ну, то зычу вам, дзеткі і табе жоначка, усяго найлепшага. Бывайце. (Бярэ заплечнік і выходзіць у спальню).

Вольга: Пайшоў.

Ігар: Нікуды не дзенецца, пяты паверх.

Люба (сядае на канапу і закрывае далонямі твар): Вось і ўсё. Божа!

Вольга (сядае побач): Нічога, мама, не ўсё. Яшчэ пажывем, вось пабачыш.

Люба: Не, я ведаю, гэта канец.

Ігар: Мама, у цябе выпіць што-небудзь ёсць?

Люба: Гарэлка, здаецца, недзе была.

Ігар: Налі шклянку.

Вольга: Дык ты ж за стырном.

Ігар: Ай, нічога.

Вольга: Я і забылася, што вам усё можна.

Ігар: Мама, чуеш, налі кажу!

Люба: Ты што, выпіваць пачаў?

Ігар: Не пачнеш тут з вамі.

Люба: На кухні недзе, зараз пагляджу.

Люба выходзіць на кухню. Вольга падыходзіць да дзявярэй у спальню і прыслухоўваецца.

Ігар: Ну, што ён там?

Вольга: Ціха. Ігар, я баюся.

Ігар: Чаго ўжо баяцца.

Вольга: Каб не здарылася якой бяды. Можа, адменім выклік, пагаворым з бацькам яшчэ раз?

Ігар: Пра што гаварыць, бацьку не ведаеш? Толькі каб па-ягонаму было — і ўсё тут. Дый позна, пэўна едуць ужо.

Вольга: Нічога, выбачышся, скажаш, памыліліся, цябе паслухаюць.

Ігар: Не.

Вольга: Але ж ён нам не даруе, як жыць з гэтым будзем?

Ігар: А чаму мы павінны пад яго падладжвацца?

Вольга: Бо ён наш бацька і… і мае рацыю.

Ігар: Вось як ты думаеш!

Вольга: Ігар, пакінь, хай едзе куды хоча.

Ігар: Не.

Уваходзіць Люба і сядае на канапу.

Ігар (да Любы): Наліла?

Люба: На стале стаіць, ідзі сам сабе налівай.

Ігар ідзе на кухню.

Люба(гледзячы ўслед): Праўду людзі кажуць: бяда не ходзіць адна.

Вольга: Думаеш, запіў?

Люба: А ты не бачыла, як ён на мой дзень нараджэння набраўся?

Вольга: Як не бачыла, калі я яго ў таксі садзіла — ніякі быў.

Чуваць званок у дзверы. Адразу ж з кухні выходзіць Ігар.

Ігар: Я адчыню.

Ігар выходзіць, затым уваходзіць з лекаркай і двума санітарамі.

Лекарка(азірнуўшыся): Дзе хворы?

Ігар (падышоўшы да дзвярэй спальні): Тут. (Кратае за ручку). Замкнуўся.

Чуваць крыкі звонку. Вольга кідаецца да акна і, адчыніўшы яго, выглядвае.

Вольга: Мама! Ігар! Людзі! Тата забіўся!

Ігар: Як забіўся?

Вольга: Выкінуўся з акна.

Ігар, Вольга, лекарка і санітары бягуць уніз. Люба спаўзае ў непрытомнасці з канапы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0