Паўторны конкурс па выбары інвэстара для прамысловай распрацоўкі радовішча вапны «Падкаменьне» у Веткаўскім раёне, што на Гомельшчыне, зладзіць Дзяржкамітэт па маёмасьці 12 сакавіка 2008 г.

На базе гэтага радовішча будзе будавацца новы ў Беларусі цэмэнтавы завод магутнасьцю да 2 млн т цэмэнту ў год сухім спосабам.

Новы конкурс мае вызначыць інвэстара, што валодае неабходнымі фінансавымі, кадравымі і тэхнічнымі рэсурсамі для прамысловай распрацоўкі радовішча вапны і пабудовы цэмэнтавага заводу. Пераможца павінен будзе правесьці папярэднія мерапрыемствы і затым пачаць пабудову заводу і аб’ектаў інфраструктуры. Плянуецца таксама комплекснае асваеньне радовішчаў вапны і стварэньне іншых магутнасьцяў па вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў.

Паводле ўмоваў конкурсу 70% ад агульнага аб’ёму вытворчасьці прадукцыі інвэстар можа экспартаваць па ўласных каналах, а рэшту павінен пастаўляць на ўнутраны рынак Беларусі па рэгуляваных коштах адпаведна заканадаўству.

Умовами прадугледжана, што арганізацыі, утвораныя на тэрыторыі Беларусі дзеля рэалізацыі гэтага інвэстыцыйнага праекту, бязвыплатна падзеляцца зь дзяржавай часткай сваіх актываў у выгладзе долі ў статутным фондзе.

Варта нагадаць, што да беларускіх цэмэнцярняў прыглядаюцца найперш азіяцкія інвэстары. У мінулым годзе было абвешчана пра кітайскі крэдыт ў памеры $600 на мадэрнізацыю беларускіх заводаў, а таксама пра намеры Казахстану пабудаваць на тэрыторыі Беларусі цэмэнтавы завод. У сьнежні 2007 г. міністар архітэктуры і будаўніцтва Аляксандар Селязнёў паведаміў, што да лютага 2008 г. Беларусь павінна атрымаць крэдытныя сродкі Кітаю ў памеры $30 млн., а таксама крэдыт «Беларусбанка» на $70 млн., што дасьць магчымасьць пачаць маштабныя будаўнічыя работы. Для іх прадаўжэньня ў красавіку‑траўні прадугледжваецца паступленьне яшчэ $100 млн. крэдытных сродкаў з Кітаю.

Сямён Печанко, паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0