Украінскі баец у зімовым камуфляжы

Украінскі баец у зімовым камуфляжы

Украінскія жаўнеры адбілі вёску Логвінава і такім чынам разблакавалі трасу Арцёмаўск — Дэбальцава, напісаў удзень у чацвер у сваім Facebook камандзір добраахвотніцкага батальёна «Данбас» Сямен Сяменчанка.

Шаша, якая праходзіць праз Логвінава, з'яўляецца асноўнай камунікацыяй, па якой ішло забеспячэнне ўкраінскай армейскай групоўкі ў горадзе Дэбальцава і вакол яго, пра атачэнне якой неаднаразова заяўлялі расійскія баевікі так званых «ЛНР» і «ДНР».

«Засталіся нязначныя ачагі супраціву, якія зараз задушваюцца. Часткі батальёна «Данбас» праводзяць зачыстку пасёлка і адрэзка трасы побач з ім», — дадаў Сяменчанка.

Дэбальцава — важны пункт на трасе, якая злучае Луганск і Данецк, чыгуначны вузел. Украінскія войскі ўзялі Дэбальцава падчас маштабнага наступу летам мінулага года, які пагражаў цалкам знішчыць расійскіх баявікоў на Данбасе. Аднак масіраваная дапамога баявікам з РФ тэхнікай і рэгулярнымі часткамі арміі ў другой палове жніўня 2014 года спыніла гэты наступ і ў некаторых раёнах адкінула ўкраінскія войскі назад.

«Сітуацыя ў раёне Логвінава на трасе Арцёмаўск — Дэбальцава ўвесь час мяняецца, — напісаў Сяменчанка ў ФБ каля 18.20. — Зачыстка Логвінава і наваколля часткай батальёна «Данбас» была прыпыненая пасля адыходу частак Узброеных сілаў з бранятэхнікай з пасёлка Логвінава.

Праціўнікам быў нанесены контрудар з выкарыстаннем бранягрупы з сямі танкаў (падышло падмацаванне).

У гэты момант сілы АТА і праціўнік манеўруюць. Бой працягваецца на ваколіцах пасёлка з нарастаючай лютасцю.

Буду паведамляць пра развіццё падзей.

P.S. Бітва ідзе як каля Логвінава, так і каля населенага пункта Ніжне-Лазавое (прасёлкавая дарога Дэбальцава—Луганскае)», — піша Сяменчанка.

Згодна з мінскімі дамоўленасцямі, агонь павінен быць спынены ад 15 лютага, нядзелі.

Сёння прайшла інфармацыя, што расійска-ўкраінскую мяжу перасякла вялізная калона сістэм залпавага агню і танкаў.

Расіі трэба кантроль над Дэбальцавам, бо кантроль над чыгункай тут робіць магчымым экспарт прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў Данецка ў РФ чыгуначным шляхам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?