Улады не маюць намеру працягваць для індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) тэрмін распродажу тавараў легпрама без сертыфікацыі паводле тэхрэгламенту Мытнага саюза (МС) пасля 1 сакавіка.

vk.com

vk.com

Пра гэта паведаміў старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка 13 лютага пасля сустрэчы з кіраўніцтвам дэпартамента па прадпрымальніцтве пры Мінэканомікі і новым намеснікам міністра эканомікі Ірынай Касцевіч.

Нагадаем, з 1 ліпеня мінулага года ў Беларусі дзейнічае ўказ прэзідэнта № 222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі», прыняты ў падтрымку тэхрэгламенту МС «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці». Указ абавязаў ІП мець сертыфікаты і дакументы на ўсе ўвезеныя ў Беларусь тавары, але рэшткі тавараў, увезеных да таго, як набыў моц дакумент, дазволена было прадаваць паводле старых правілаў да 1 сакавіка 2015 года. 

Індывідуальныя прадпрымальнікі заяўляюць, што не змогуць працаваць згодна з новымі правіламі, бо атрымаць усе неабходныя дакументы ў пастаўшчыкоў (галоўным чынам расійскіх) практычна немагчыма. 

Сённяшняя сустрэча ў дэпартаменце па прадпрымальніцтве Мінэканомікі прайшла напярэдадні форуму прадпрымальнікаў, які «Перспектыва» праводзіць 16 лютага ў сталічным гатэлі «Беларусь». Адным з ключавых пытанняў форуму стане абмеркаванне праблемы, выкліканай указам № 222. 

Паводле слоў Шумчанкі, Ірына Касцевіч паведаміла, што пасля разгляду гэтага пытання органы ўлады прыйшлі да рашэння не працягваць для ІП тэрмін распродажу рэштаў тавараў і не ўносіць адпаведныя змены ў прэзідэнцкі ўказ. «Маўляў, усе павінны навучыцца жыць і працаваць у новых умовах, — сказаў лідар прадпрымальніцкага аб'яднання. — Гэта значыць, з 1 сакавіка на ўвесь тавар, які ёсць у прадпрымальнікаў, павінны быць дакументы, сертыфікаты. Груба кажучы, гэта прысуд, які абскарджанню не падлягае. Але пры гэтым было заяўлена, што чыноўнікі гатовыя ў далейшым весці з прадпрымальнікамі дыялог». 

Так, паводле слоў Шумчанкі, трое прадстаўнікоў дэпартамента па прадпрымальніцтве, у тым ліку дырэктар і яго намеснік, плануюць прыйсці на форум 16 лютага. Мерапрыемства таксама збіраюцца наведаць прадстаўнікі Міністэрства па падатках і зборах, Мінгандлю, Дзяржкамітэта па стандартызацыі і Дзяржкаммаёмасці. 

«Мы сказалі, што 16 лютага ў чыноўнікаў будзе выдатная магчымасць выслухаць іншы пункт гледжання адносна тэрмінаў продажу рэшткаў. Мы таксама папярэдзілі, што лічым іх рашэнне памылковым, што ўся адказнасць за наступствы будзе ляжаць на іх», — дадаў лідар «Перспектывы». 

Варта адзначыць, што на прэс-канферэнцыі ў канцы студзеня намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч заяўляла пра магчымасць працягу тэрміну распродажу ІП рэшткаў тавараў легпрама без сертыфікатаў. Паводле яе слоў, ініцыятыва зыходзіла з Міністэрства эканомікі, якое прапанавала тры варыянты пераносу — да 31 снежня 2015 года, да 1 красавіка 2016-га і да поўнага распродажу. 

На думку Шумчанкі, адмова ад працягу тэрміну рэалізацыі несертыфікаваных рэшткаў сведчыць аб тым, што «ў краіне знайшліся чыноўнікі, якія думаюць, што яны добра кантралююць сітуацыю ў эканоміцы, што яны могуць спакойна выйсці з сённяшняга становішча». 

«Мы неаднаразова ад іх чулі, што ІП, маўляў, мала прыўносяць у эканоміку Беларусі, — сказаў ён. — Гэтыя чыноўнікі прымаюць такія «адказныя» рашэнні, якія могуць прывесці да знішчэння малога бізнесу за лічаныя месяцы. Добра, няхай гэтыя чыноўнікі і адкажуць потым за сітуацыю, якая складзецца пасля 1 сакавіка ў гэтым бізнесе». 

«Паўпустыя гандлёвыя цэнтры і рынкі вельмі добра ўпрыгожаць пейзаж нашай эканамічнай стабільнасці і сітуацыі ў краіне ў цэлым», — падагульніў лідар «Перспектывы». 

На пасяджэнні калегіі Мінгандлю 13 лютага міністр гандлю Валянцінаў Чаканаў пацвердзіў, што тэрміны рэалізацыі ІП несертыфікаваных рэшткаў прадукцыі працягвацца не будуць. «Інакш тэрміны будуць працягвацца бясконца», — заявіў чыноўнік. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?